— Мы не хочам, не хочам. Дамоў трэба. Нас дома чакаюць. — Павярнуўся і пачэпаў па сцяжынцы. Я, вядома, таксама павалокся за ім.
— Хлопцы, — пачулася наўздагон, — мяне Піліпам Макаравічам зваць. Прыходзьце, калі захочацца.
Я думаў, што Васіля і сілком не зацягнеш на тую паляну, дзе мы ўбачылі зялёную палатку. Не жартачкі — гэтак напалохаў яго Мураш! Але памыліўся. Паслухайце, як было.
Вечарам (ужо шарэць пачало) я выйшаў з хаты. Як кажуць, свежым паветрам захацелася падыхаць. Бачу: дыбае па вуліцы Васіль.
— Васіль, хадзі сюды! — гукаю.
Удвух, вядома, весялей. Слова за словам — вось і час непрыметна праходзіць.
Прыдыбаў да мяне Васіль і адразу:
— Антон, давай да Піліпа Макаравіча сходзім. Спярша я не зразумеў, не дайшло да мяне.
— Да якога Піліпа Макаравіча?
— Да турыста. Да таго, што ў палатцы.
Вось яно што! На ноч у лес цягнуцца? Зараз мама пачне гукаць, скажа, каб у хату ішоў. Узбрыло ж яму ў галаву! Днём з хаты нават носа не высунуў, а стала на вечар брацца — у лес пацягнула. Што гэта зрабілася з ім?
— Заўтра сходзім, — кажу.
— Не вытрываю да заўтра, — прагаварыў Васіль. Я сеў на лаўку, закінуў нага за нагу. Маўляў,
і ты, Васіль, сядай, адпачывай, не заварвай кашу. А ён:
— Сходзім. Не вытрываю да заўтра.
— Васіль, вытрываеш. Вось каб зуб разбалеўся, то, магчыма, не вытрываў бы. І ноччу да доктара панёсся б.
Васіль скрывіўся, як з'еўшы горкага.
— Гэта яшчэ горай, чым зуб баліць.
— Што — гэта? Што горай? Не разумею цябе.
— Як табе растлумачыць… — пачаў Васіль. — Ведаеш… Э-э-э… Антон, не магу… Ведаеш… Э-э-э…
«Ведаеш… Э-э-э…» Так ён і да ранку не растлумачыць.
— Прама кажы, без экання.
— Мураша хочацца пакратаць. Ну, таго самага, супер-міні-камп'ютэра. Увесь дзень пра гэта думаў. Нішто ў галаву не лезе. Хочацца хоць адным вокам глянуць. Хочацца пакамандаваць ім. Сходзім у лес.
— Днём камандаваў бы, — кажу.
— Страшна было, — прызнаўся Васіль. — Мяне так калаціла, так калаціла…
— А цяпер не страшна?
— І цяпер крыху страшна. Але ж хочацца пакратаць, пакамандаваць…
Нарэшце я зразумеў, чаму ён так прэцца ў лес. Як кажуць, цікаўнасць, дапытлівасць мацней, чым страх. Асаблівы характар у Васіля. Упарты ён хлопец. Хоць страляй у лоб — па-свойму зробіць. Не пагаджуся — адзін у лес пойдзе. Пойдзе, каб там і ліха гарэла. Што ж прыдумаць, каб у лес не цягнуцца? Проста смех — на ноч у лес? А калі напалохаць яго?
— Васіль, ты да Мураша дакранешся, а ён накінецца на цябе і заказыча. Пабачыш.
Думаеце, Васіль напалохаўся? Анічуць.
— Я яго за лапкі буду трымаць. Не вырвецца, — прагаварыў.
Што на гэта скажаш? Адмахнуцца рукамі і нагамі? Абзаве баязліўцам, адзін папрэцца. Пасля ў вочы не гляну. Сябар усё-ткі.
— Пойдзем, — мусіў пагадзіцца я і, не стрымаўшыся, падпусціў шпільку: — Ты адпусці Мураша, калі пачне вырывацца, бо лапкі адарвеш. Як ён без лапак на яліну палезе?
А Васіль сур'ёзна:
— Добра, што папярэдзіў. І праўда, можна адарваць лапкі. Шкада, калі паломіцца такі разумны камп'ютэр.
Пакуль выбраліся з вёскі, пакуль дайшлі да лесу, зусім сцямнела. Вы ніколі не хадзілі поначы па лесе? Непрыемна, скажу вам. Днём кожны кусцік прыметны, кожнае дрэўца. Усё звычнае, знаёмае. А ноччу не відаць ні кусціка, ні дрэўца. Вакол быццам суцэльная сцяна. Мы нават сцяжынку не знайшлі. Палезлі, як гаворыцца, напралом. Уперадзе — Васіль, за ім я, стараюся не адстаць. Галінкі сцёбаюць па твары, за каўнер пырскамі падаюць кроплі расы. Я не вытрываў:
— Васіль, у гэткай цемры вочы выкалем. Ты памалей ідзі. Ляціш, нібы на кані вярхом скачаш.
Спыніўся мой сябрук, прагаварыў няўпэўнена:
— Мы, напэўна, хутка прыйдзем.
— Куды прыйдзем? Куды? — узлаваўся я. — Будзем блукаць да ранку. Нас і з міліцэйскім сабакам не знойдуць.
— Не хвалюйся. Знойдуць, — абнадзеіў мяне Васіль. І чаго я на вуліцу выйшаў? Як на грэх. Хіба ў
хаце было цесна? Сядзеў бы ў хаце — усё інакш склалася б. Цяпер кніжку чытаў або тэлевізійны фільм глядзеў бы. Па лесе поначы цягаемся. Узбрыло ж Васілю ў галаву. Невядома, ці знойдзем палатку. А калі і знойдзем, то што з таго? Хіба дасць нам Піліп Макаравіч ноччу Мураша? Той Мураш як пабяжыць куды-небудзь — дык яго і са свечкаю не знойдзеш. Ну й Васіль! Мурашом захацелася пакамандаваць! Пакамандуюць нам дома, калі вернемся. Мабыць, гукае мама, кліча, каб у хату ішоў. Пакамандуюць… Днём з усіх ног уцякаў, а ноччу будзе гладзіць, за лапкі трымаць. Хм, за лапкі будзе трымаць. Ноччу…
Читать дальше