– Тэлеграма! – вылупіўшы вочы, абвясціла пакаёўка хапаючым за душу голасам і ўручыла Канстанціну Мікалаевічу невялікі падносік з прадаўгаватым аркушыкам.
Пан Пракшын у здзіўленні разгарнуў пасланне, а затым, рэзка ўзняўшыся з-за стала, заявіў:
– Я мушу неадкладна ехаць на вакзал.
– Але, дарагі, што здарылася? Навошта такі паспех? – хацела была спыніць яго жонка.
– У маёнтку ўчынена забойства.
Як толькі цягнік рушыў з Віленскага вакзала і пакаціў прэч з губернскага горада, панна Пракшына пачала ўмольваць татухну перамясціцца з іхняга другога класа у вагонрэстарацыю. Прысутнасць дзявіцы ў цягніку першапачаткова не ўлічвалася, аднак ініцыявана гэта было меркаваннямі вельмі эгаістычнымі самой Яўгеніі Канстанцінаўны.
Мусіў татухна толькі зазбірацца ў дарогу, як дзявіца, якая жадала як найхутчэй схавацца ад любой магчымасці сустрэцца сёння з Кацяй, ультыматыўна заявіла, што выпраўляецца разам з ім. На сустрэчны ультыматум, што Канстанціну Мікалаевічу зусім не будзе калі нянькацца з дачкой падчас выкліканай такімі складанымі акалічнасцямі вандроўкі, панна Пракшына адказала, што, будучы адзінай дзейснай нашчадніцай усёй сямейнай маёмасці, мае поўнае права наведаць мейсца злачынства, а таксама прыняць удзел ва ўладкаванні ўзніклых пытанняў. Акрамя таго, за ўсё жыццё сваё яна, здаецца, не давала падстаў ані разу засумнявацца ва ўласнай самастойнасці ды разважлівасці, а ад таго татухнавы insinuations [18] непрыемныя намёкі (анг.)
былі ўспрыняты як даволі крыўдныя. Панна Пракшына выдатна разумела, што ад гэтакага звароту татухнава сэрца памякчэе, і вось чаму.
Як кожны бацька, і акрамя таго ваенны ды яшчэ і чалавек дзелавітага складу, Канстанцін Мікалаевіч заўжды марыў пра нашчадка. Калі лёс і жонка прыпаднеслі яму дачку, пан Пракшын засмучацца і не падумаў, але ўзяўся выхоўваць Яўгенію Канстанцінаўну па сваім разуменні, усё ж хутчэй як сына. Спалучаў ён пры гэтым метады спартанскія, закліканыя гартаваць здаровы дух у здаровым целе, з непрыкрытымі пястотамі, бо, нягледзячы на дысцыпліну, панна Пракшына была па натуры сваёй істотай пяшчотнай і датклівай, хаця і старалася гэтую сваю рысу дбайна хаваць ад самых юных гадоў.
Пасля адстаўкі Канстанцін Мікалаевіч заняўся лесапілкай і меркаваў, што калі-небудзь гэтую справу ён мусіць перадаць дачцэ, а таму ўжо каторы год намагаўся яе ўсяляк прыстасоўваць то да вядзення рахункаў, то да праектаў па рэалізацыі матэрыялаў, а то і да саміх нюансаў механікі. Аднак Яўгенія Канстанцінаўна, хаця выгляду асабліва і не падавала, але ўсё ж схільнасці да такой справы не адчувала. І тым не менш, каб не крыўдзіць татухну, яна паслухмяна пагаджалася дапамагаць, збольшага намагаючыся знайсці ў чарговым practice [19] занятку (анг.)
гэтакага роду натхненне для новых літаратурных exercises [20] спробаў (анг.)
.
Канстанцін Мікалаевіч хаця і здагадваўся, што імпэт дачкі выявіць сябе ў справах сямейнага business з’яўляецца да пэўнай ступені паказным, але ж палічыў, што ёй будзе і сапраўды карысней паехаць у маёнтак разам з ім, аніж дарэмна траціць час з бязглуздай сяброўкай, якая жадала, відаць, яшчэ раз пражыць у размовах падзеі ўчарашняга інцыдэнту. І, як ні шкада было Канстанціну Мікалаевічу, Джынні зарэкамендавала сябе не самым высакародным чынам. Зрэшты, дачка палкоўніка ў адстаўцы мусіла ўмець даць адпор любому крыўдзіцелю. У гэтым пан Пракшын быў цалкам згодны са сваёй цешчай. А таму пасля нядоўгай сямейнай нарады аднагалосна было прынята рашэнне аб тым, што дачка выпраўляецца ў бабулін маёнтак разам з бацькам.
Тут варта заўважыць, што бабуліны ўладаранні і татухнава лесапілка знаходзіліся ў непасрэдным суседстве, і калісьці гэта нават абумовіла шчаслівы збег акалічнасцяў. Дзякуючы ім юныя татухна і матухна панны Пракшыной не толькі мелі радасць пазнаёміцца, але таксама горача пакахаць адно аднаго, а крыху пазней і павянчацца. Праўда, тады маёнтак бабулі, якая ў той час яшчэ не перажывала негадзівы разрыў з адным са сваіх мужоў, яшчэ не прыйшоў у той заняпад, у каторым ён знаходзіўся цяпер. А лесапілка таксама гэтакай пакуль не сталася, бо землі тыя, якімі быў узнагароджаны за некаторыя заслугі перад сваёй айчызнай бацька пана Пракшына, новыя ўладальнікі толькі пачалі прыводзіць у належны для вядзення гаспадаркі стан. Аднак вельмі хутка пасля жаніцьбы Канстанцін Мікалаевіч выправіўся на Крымскую вайну, а па вяртанні звёз маладую жонку ў Ноўгарад, куды быў адпраўлены па чарговым абавязку службы, займацца лесапілкай не было каму. Але па вяртанні ў Менскую губерню пан Пракшын вырашыў аднавіць некалі распачатую справу, якая цяпер прасоўвалася ў яго надта паспяхова.
Читать дальше