– Ах ты тыгер няўклюдны! – абурылася бабуля і шчоўкнула сабаку ў нос.
Пераможна падхапіўшы спадніцы, яна рашучым крокам аддалілася, але спынілася ў роздуме, няўхвальна скасавурыўшыся ў бок унучкі:
– Прошкіна, за мной ідзі! Будзеш mon parlementaire [11] маім парламенцёрам (фр.)
.
– Гэта нам з вамі патрэбны le parlementaire [12] парламенцёр (фр.)
, – прабурчала панна Пракшына, унутрана гневаючыся на крыўдную перастаноўку складоў у яе прозвішчы (трэба адзначыць, што пані Канстанцыя нярэдка ў дрэнным настроі звярталася да гэтакай практыкі, як яна сама тлумачыла, у выхаваўчых мэтах).
Дзявіца рушыла следам: у сталоўню варта было накіравацца хаця б і з той прычыны, што ўжо даўно быў час снедаць.
– Morning, darling! [13] Добрай раніцы, даражэнькая! (анг.)
– сустрэлі панну Пракшыну бацькі. – Здаецца, ты дагэтуль не ў гуморы?
– Не адна я. Бабуля вось намерылася натаўчы Тэдзі, – паскардзілася Яўгенія Канстанцінаўна, расцалаваўшы абаіх і прысаджваючыся да стала разам з вінавайцам ранішняга канфлікту.
– Ірада куды грамаздзіш? – у адчаі закрычала бабуля.
– Madame , ну вы ж самі кажаце, што ён псуе гардзіны! З улікам гэтага я не магу пускаць яго на падлогу, – парыравала ўнучка.
Пані Канстанцыя са стогнам апусцілася на крэсла і прыкрыла вочы рукой.
– За сталом яму дакладна няма чаго рабіць, – заўважыла матухна панны Пракшыной, Лізавета Яўгенаўна. – Пусці сабаку і скажы лепей, ты будзеш чай альбо кофей?
– Чай, – хмурна адклікнулася дзявіца і паставіла на падлогу Тэдзі, які ўжо паспеў скласці дзёрзкі, але нездзяйсняльны план наконт кароткачасова яўленых яму страваў.
Гадаванец сярдзіта фыркнуў на гаспадыню і тут жа звярнуўся да татухны, што якраз заняўся амлетам з беконам.
– Дык што ж наш сабака вытварыў з гардзінамі? – запытаўся Канстанцін Мікалаевіч.
– Альжбэта, перакладзі яму, на вашую нашчадніцу я больш не спадзяюся, – звярнулася пані Канстанцыя да дачкі.
– І не падумаю, – адказала тая. – За столькі гадоў ужо можно было нарэшце паступіцца гэтымі надуманымі прынцыпамі. Усё ж у цывілізаваны век жывём.
Пад гэтымі словамі Лізавета Яўгенаўна мела на ўвазе традыцыю, якая склалася паміж яе маці і сужэнцам у больш за дваццаць апошніх гадоў. Тыя ніяк не жадалі прыйсці да пагаджэння па пытанні міжасабовых зносінаў. І калі Канстанцін Мікалаевіч у знак павагі да ўзросту, а таксама праз удзячнасць за каханую жонку заўжды звяртаўся да цешчы вельмі добразычліва і наўпрост (няхай за ўвесь гэты час ён так і не стаў адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена, каб размаўляць на яе мове), то яна ў сваю чаргу з прычыны некаторай прадузятасці ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў свету рускага, а таксама з-за значнай уласнай упартасці ніколі не рабіла ласкі пагутарыць з зяцем на іншых мовах, чым беларускай альбо французскай. А таму патрабавала да сябе перакладчыка, да чаго заклікала часам дачку, але апошнія разы – усё хутчэй унучку, хаця, па праўдзе, гэта з’яўлялася ўсяго толькі ўмоўнасцю.
– Хапайце гада! – зноў загаманіла бабуля, паказваючы доўгім пальцам у бок акна.
Тэдзі пасля некалькіх удала перахопленых ад Канстанціна Мікалаевіча кавалачкаў амлету якраз адлучыўся да штор у сталоўні. Ён паднырнуў пад адну з іх галавой і ў здзіўленні павярнуўся да велічнай дамы, нахабна паглядваючы з-пад махроў, што абрамлялі яго лоб.
– Па-мойму, ён проста вырашыў уцерціся, – адзначыў татухна.
– У маіх пакоях ён таксама вырашыў «уцерціся», – перадражніла яго бабуля. – З гэтым трэ нешта рабіць. Неадкладна!
– Канстанцыя Тэафільеўна, – прымірэнча пачаў пан Пракшын, на што яго цешча толькі чарговы раз закаціла вочы – зваротаў на рускі манер яна не цярпела, ды яшчэ і нагадванне пра тое, што з зяцем яны былі цёзкамі, не надта яе натхняла, – у такой сітуацыі я бачу толькі адно: каб Тэдзі не псаваў вашыя гардзіны, ды і не гадзіў у кватэры ўвогуле, трэ вырашыць пытанне аб яго рэгулярным выгуле. Мне падаецца, прыслузе можна гэта даверыць. Аднак же мацыён і вам бы стаўся на карысць.
Яўгенія Канстанцінаўна, назіраючы бабуліна відавочнае незадавальненне, усё ж дазволіла сабе ўхваліць бацькавыя словы, аднак ён тут жа дадаў:
– Абедзвюм. Гэта ж ты, Джынні, выпускаеш яго раніцай у калідор са свайго пакоя?
– But daddy ! [14] Але татухна! (анг.)
– гэтым разам чарга абурацца надышла панне Пракшыной. – Тэдзі можа застудзіцца ў такое надвор’е.
– Вось і змайстравала б яму каптанчык, – развёў рукамі татухна і разгарнуў свежы нумар «Губернских ведомостей».
Читать дальше