– Не, казала толькі, што ненавідзіць яго. Некалькі разоў казала.
– Ну, з мачахамі такое здараецца. Так бы мовіць, рэўнасць заднім днём. Яна ўвогуле раўнівая?
– Але, вельмі раўнівая, раўнівая з усёй палкасцю шалёнага трапічнага кахання.
– А што хлопчык? Яму, як я разумею, пятнаццаць, і ён, відаць, мае добра развіты розум, хаця фізічныя яго здольнасці абмежаваныя? Ён ніяк не патлумачыў гэтыя напады?
– Не, ён сцвярджаў, што ніякіх падставаў не было.
– Раней яны сябравалі?
– Не, паміж імі ніколі не было любові.
– Але вы казалі, што ён пяшчотны?
– У свеце няма больш адданага сына. Маё жыццё – гэта яго жыццё. Ён захапляецца ўсім, што я раблю ці кажу.
Холмс зноў нешта пазначыў. Пэўны час ён сядзеў, заглыбіўшыся ў думкі.
– Відавочна, да другога шлюбу вы з сынам былі добрымі сябрамі. Вы былі вельмі блізкія, праўда?
– Так, вельмі.
– І хлопчык, маючы такую адданую натуру, быў, без сумневаў, верны памяці сваёй маці?
– Надзвычай верны.
– Ён, несумненна, вельмі цікавы хлопец. І яшчэ адно пытанне. Гэтыя дзіўныя замахі на немаўля і напады на вашага сына адбываліся ў адзін і той жа перыяд?
– У першым выпадку так. Здавалася, яе ахапіла нейкае шаленства, і яна зрывала гнеў на абодвух. У другім выпадку пацярпеў толькі Джэк. Пра немаўля місіс Мэйсан нічога не казала.
– Гэта крыху ўскладняе справу.
– Я не зусім разумею вас, містэр Холмс.
– Магчыма. Хтосьці прыдумляе папярэднія гіпотэзы і чакае, пакуль час ці больш поўныя веды іх не абвергнуць. Кепская звычка, містэр Фэргюсан, але чалавечая натура слабая. Баюся, наш стары сябар перабольшыў мае навуковыя метады. Аднак на дадзеным этапе я магу сказаць толькі тое, што праблема вашая невырашальнай мне не здаецца, а таму ў дзве гадзіны можаце чакаць нас на вакзале Вікторыя.
Быў панылы і туманны лістападаўскі вечар, калі мы, пакінуўшы багаж у гатэлі “Шахматная дошка” ў Лэмберлі, доўга ехалі звілістай гліністай дарогай Сасэкса і ўрэшце дабраліся да адасобленага старога дома, дзе жыў Фэргюсан. Гэта быў вялікі бязладны будынак са старой цэнтральнай часткай і навюткімі крыламі з высокімі цюдараўскімі комінамі і стромкім абымшэлым дахам, пакрытым хоршэмскім аполкам. Прыступкі пакрывіліся, а на старадаўняй плітцы, што разліноўвала ганак, мы заўважылі подпіс першага будаўніка – выяву сыра і чалавека. Унутры столь мацавалася цяжкімі дубовымі бэлькамі, няроўная падлога пакрывілася глыбокімі ямінамі. Пах даўніны і заняпаду пранізваў усю гэтую старую разваліну.
Фэргюсан правёў нас у вялізны цэнтральны пакой. Там у аграмадным старамодным каміне, прыкрытым жалезным экранам, датаваным 1670 годам, палымнеў і патрэскваў над бярвеннем зыркі агонь.
Я агледзеўся. У пакоі панавала незвычайная мешаніна розных эпохаў і мясцінаў. Напалову абшытыя панелямі сцены першапачаткова належалі, відаць, ферме ёмэнаў сямнаццатага стагоддзя. Ніжнюю частку сценаў упрыгожваў шэраг добра падабраных сучасных акварэляў, а вышэй, там, дзе замест дубу пачыналася жоўтая тынкоўка, вісела цудоўная калекцыя паўднёваамерыканскага начыння і зброі, прывезеная, без сумневаў, перуанскай лэдзі наверсе. З уласцівай нецярпліваму і востраму розуму імклівай цікаўнасцю Холмс падняўся і з пэўнай асцярогай агледзеў зброю. Пасля з задуменнымі вачыма вярнуўся на месца.
– Ну канечне! – усклікнуў ён.
У кошыку ў куце ляжаў спаніэль. Ён цяжка паплёўся насустрач гаспадару. Яго заднія лапы блыталіся, а хвост цягнуўся па зямлі. Сабака лізнуў Фэргюсану руку.
– Што здарылася, містэр Холмс?
– Сабака. Што з ім?
– Вось і ветэрынар не разумее. Штосьці накшталт паралюшу. Спінальны менінгіт, як ён мяркуе. Але мы ўжо папраўляемся і хутка будзем у парадку – праўда, Карла?
На знак згоды апушчаны хвост задрыжаў. Сумныя вочы сабакі глядзелі то на аднаго з нас, то на другога. Спаніэль разумеў, што гаворка пра яго.
– Хвароба развілася раптоўна?
– За адну ноч.
– Калі?
– Месяцы чатыры таму.
– Цудоўна. Наводзіць на пэўныя думкі.
– Што вы ў гэтым бачыце, містэр Холмс?
– Пацверджанне маіх гіпотэзаў.
– Дзеля ўсяго святога, скажыце, што гэта за гіпотэзы, містэр Холмс! Можа, для вас гэта проста заблытаная загадка, але для мяне – справа жыцця ці смерці! Мая жонка, магчыма, забойца, мае дзеці ў пастаяннай небяспецы. Не гуляйце са мной, містэр Холмс. Справа жахлівая і надзвычай сур’ёзная.
Высачэзны рэгбіст дрыжаў усім целам. Холмс мякка паклаў руку яму на плячо.
– Баюся, любая разгадка прынясе вам боль, – сказаў ён. – Паспрабую з усіх сілаў вас ад гэтага берагчы. Цяпер я нічога сказаць не магу, але спадзяюся, што буду ведаць больш, перш чым пакіну гэты дом.
Читать дальше