— Чаму на працы не відаць Глафіры?
— Глафіра — жонка брыгадзіра.
— Чаму ж на сходзе першаю Глафіра?
— А як жа — яна жонка брыгадзіра.
— Усё ты для мяне, мая каханая,
Мая бясцэнная, мая жаданая,
Мая ты ластаўка харошая!..
— Дай божа толькі, каб апошняя...
— Ого, які вы клуб сабе займелі!
— Дык гэта ж домік старшыні арцелі.
— А там што за пакрыўлены ў вас зруб?
— А то ж і ёсць наш клуб.
ПЛАНАВІК-АДВОЛЬНІК
Плануе часта ён на вока,
Бо сам у справу ён не ўнік.
І планы ад жыцця далёка,
Як гэты самы планавік.
ЭПІТАФІІ
На рознай працы ў розныя гады
Ён гнуў перад начальствам сваю спіну.
І толькі распластаўся ён тады,
Калі яго паклалі ў дамавіну.
Нябожчык быў і сапраўды мацак —
Больш літра асушаў за... так.
Яму б, нябогу, жыць яшчэ ды жыць,
А ён, як бачыце, даўно ўжо тут ляжыць.
Хто ён такі? Што здарылася з ім?
Як пры жыцці, і тут ён ананім.
Усё жыццё ён марыў пра той час,
Калі не трэба будзе варушыцца.
Збылася мара гэтая якраз —
Ён тут цяпер уволю наляжыцца.
Не плёў ён плётку толькі на каго!
І колькі нерваў папсаваў ён людзям.
Не вытрымалі нервы і яго —
Сюды пайшоў. Пляткарыць больш не будзе.
Канаў — не пакідала хваляванне:
Ці ўзгоднена з кім-небудзь пахаванне?
МАЛЫМ КАЛІБРАМ
Рукі лайдака
Гарачы час. І кожная рука
У гаспадарцы летам на уліку.
Хоць рукі, праўда, ёсць і ў лайдака,
Ды тыя рукі толькі для прыліку.
На працы
Лайдак не любіць працаваць,
А любіць толькі спажываць.
Напэўна, трэба здаравяку
Заўжды падносіць кукіш з макам.
Дамавіты
Мікіта жах быў дамавіты —
Не выйдзе з дому наш Мікіта
Ні да сяброў, ні прагуляцца,
І нават не хадзіў... на працу.
Хоць планы не выконваў зроду,
А атрымоўваў прэміі заўсёды,
Бо на прыпіскі быў ён зухаваты...
Цяпер не атрымоўвае й зарплаты.
Славутых мог пералічыць, дальбог.
Сказаць, што снедаў з тым, а з тым абедаў,
Адно сказаць дакладна ён не мог:
Яго самога хто з славутых ведаў?
Завочнік
У вочы ён — добразычлівец,
Гарохам сцелецца, няйначай.
За вочы ж — дык такі зласлівец,
Якіх даўно ўжо свег не бачыў.
Рэха
Так павялося ўжо спрадвеку
(Тут не адняць і не дадаць):
Каб нарадзілася дзесь рэха,
Спачатку трэба пагукаць.
Звычка хабарніка
Ён з гэтай самае пароды,
Што бачыць ва усім выгоду.
І за нязначную паслугу
Бярэ з усіх і нават з друга.
Заўсёды першы
Ён першы новага начальніка вітаў.
Быў на віду ў таго і меў спагаду.
Калі ж начальніка знялі з пасады,
Ён першы з ім вітацца перастаў.
Усё пад дуб
Дубовы стол. І крэсла з дуба.
Пад дуб падведзен кабінет.
І тут дубовым думкам люба
Сядзець і не глядзець на свет.
Пісьменнік-падарожнік
На сходзе, пленуме ці з'ездзе —
Хвалілі адным словам недзе
Не тое, што ён напісаў,
А як і дзе ён выступаў,
За тое, што ён многа ездзіў.
Раўнапраўныя
Гаворыць жонка гэтак мне спакойна:
— Мы здатны, як і вы, на справы слаўныя:
Не толькі на зямлі мы з вамі роўныя,
Цяпер і ў космасе мы раўнапраўныя.
Я выслухаў такое урачыста.
Другое мне прыйшлося не па густу:
Калі яна, напрыклад, бульбу чысціць,
Я ў гэты час, браткі, крышу капусту.