АЛІВІЯ
Скажыце, што са мной размовы не будзе.
МАЛЬВОЛЬЁ
Так ужо было сказана, а ён кажа, што застанецца нерухома каля варот, як слуп пры ганку шэрыфа, і будзе стаяць, пакуль не дачакаецца размовы з вамі.
АЛІВІЯ
Якога роду гэты чалавек?
МАЛЬВОЛЬЁ
Мужчынскага, якога ж яшчэ!
АЛІВІЯ
Якіх манер, я маю на ўвазе.
МАЛЬВОЛЬЁ
Вельмі благіх, ваша міласць: настойліва патрабуе сустрэчы і не пытаецца, жадаеце вы яе ці не.
АЛІВІЯ
Які ён сабой? У гадах?
МАЛЬВОЛЬЁ
Каб сказаць мужчына, дык не, недаростак, а для хлапчука — пераростак; нешта накшталт зялепушкі-яблыка альбо гарохавага стручка ў «лапатачках» — і не надта каб мужчына, і не зусім каб хлапчук. Абліччам прывабны і ў гаворцы порсткі, як скакунок. Глядзіш на яго і думаеш: дзіця горкае, яшчэ ж толькі-толькі матчына малако аблізаў з вуснаў.
АЛІВІЯ
Хай пройдзе сюды. Паклічце маю камерыстку.
МАЛЬВОЛЬЁ
Шаноўная Мэры, мілэдзі кліча! ( Выходзіць .)
Вяртаецца МАРЫЯ.
Падайце пакрывала і вуаль; папраўце тут на галаве. Ну што ж, выслухаем яшчэ раз пасольства ад Арсіна.
Уваходзяць ВІЁЛА і СВІТА .
ВІЁЛА
Хто з вас высокашаноўная гаспадыня гэтага дома?
АЛІВІЯ
Можаце гаварыць са мной. Я буду адказваць за яе. Што пажадаеце?
ВІЁЛА
Найпрамяністая, найцудоўнейшая, непараўнальнейшая прыгажосць, скажыце мне, вы гаспадыня дома ці не вы, бо я ніколі не меў шчасця і гонару яе бачыць? Мне б не хацелася дарэмна рассыпаць жамчужыны сваёй прамовы не толькі таму, што яна бліскуча складзена, але яшчэ і таму, што мне нялёгка было завучыць яе на памяць.— Добрыя прыгажуні, не раньце майго сэрца сваім смяшком. Я вельмі чулы нават да самага нязначнага непачцівага абыходжання.
АЛІВІЯ
Адкуль вы завіталі да нас, сіньёры?
ВІЁЛА
Я магу сказаць вельмі нямногае звыш таго, што я завучыў, а ваша пытанне — па-за тэкстам маёй ролі. Дабрэйшая, міласэрнейшая сіньёрына, дайце мне сціплую ўпэўненасць у тым, што вы — гаспадыня гэтага дома, каб я мог працягваць сваю прамову па тэксце.
АЛІВІЯ
Вы камедыянт?
ВІЁЛА
Не, глыбакачулае сэрцайка, не! I ўсё-такі — хай знявечаць мяне клыкі каварства,— калі ілгу! — я нё тое што разыгрываю. Вы гаспадыня дома?
АЛІВІЯ
Калі я не прысвойваю нічыіх правоў, то я сама.
ВІЁЛА
Само сабой разумеецца, калі вы — гэта вы, то вы іх і прысвойваеце, бо тое, ад чаго ваша добрая воля адмовіцца, вы не маеце права ўтойваць. Але гэта ўжо за рамкамі майго даручэння. Лепш пачну ўсхваляльную ў ваш адрас прамову, а потым адкрыю і самае сэрцайка майго пасольства.
АЛІВІЯ
Пачніце з самага істотнага ў ёй; мы даруем вам, калі ўсхваленні будуць апушчаны.
ВІЁЛА
Вельмі шкада. Мне каштавала немалых намаганняў завучыць іх, і яны паэтычныя.
АЛІВІЯ
Тым больш верагодна, што яны няшчырыя. Прашу вас, пакіньце іх пры сабе. Я чула, што вы дзёрзка паводзілі сябе каля нашых варот, і дазволіла вас прыняць хутчэй з цікавасці зірнуць на вас, чым слухаць. Калі вы чалавек разважлівы і разумны, то скажыце коратка, што вам ад нас трэба, і вяртайцеся дадому. Цяпер не тая квадра месяца, каб мне ўступаць тут з кім-небудзь у бясконцыя дыялогі.
МАРЫЯ
Ці не павярнуць вам, сіньёр, свой карабель у сваю затоку? Вось вам бог, а вунь — парог!
ВІЁЛА
Не, дабрэйшы швабрмайстар! Я яшчэ пагайдаюся ў вашай гавані.— Ахаладзіце крышачку гарачку вашага велікана, чароўнейшая гаспадыня дома. Я ўсё-такі пасол, як вы лічыце?
АЛІВІЯ
Вы, напэўна, збіраецеся паведаміць нам што-небудзь агіднае, калі праяўляеце такую прытарную пачцівасць. Выказвайце, што вам даручана.
ВІЁЛА
Яно — толькі для вашых вушэй. Я прынёс не аб’яўленне вайны і не патрабаванне непасільнай кантрыбуцыі. У руцэ пасланніка — галінка алівы, а ў яго словах — мір і добразычлівасць.
АЛІВІЯ
Аднак жа ваша ўступленне ў межы нашых уладанняў азмрочвала непачцівасць з вашага боку. Хто вы такі? Чаго вы хочаце ад нас?
ВІЁЛА
Непачцівасць, якая была праяўлена за варотамі, была адказам на непачцівую сустрэчу. Хто я такі і чаго я хачу — так жа таямніча, як тайна дзявочай чэснасці: для вашых вушэй яна — святыня, для старонніх — прафанацыя.
АЛІВІЯ
Пакіньце нас адных, сіньёры; хочацца паслухаць, што гэта за святыня.
Читать дальше