Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?
Люба. Добра.
Мікола (цалуе яе) . О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок) .
Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые) .
Мікола застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку .
Люба, Мікола, Мартаі Філімон.
Мікола (праходзіць праз сцэну і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Філімон) .
Філімон (распранаючыся) . Што, Марта, робіш сягоньня на абед?
Марта. А што-ж я магла зрабіць за гэтакія грошы! Будуць блінчыкі і супчык — больш нічога.
Філімон. Ну, добра, толькі пасьпяшайся, бо мала маю часу. Пасьля абеду шмат яшчэ маю работы.
Марта. Як зварыцца, дык і падам. Сырога-ж есьці ня будзеце. (Пайшла ў кухню) .
Філімон, Любаі Мікола.
Філімон (пабачыўшы Міколу) . А, вы ўжо прыйшлі! Добры дзень! Даўно чакаеце? А ў мяне гэтулькі дзела!
Мікола. Не, толькі што…
Філімон. Ну, дык вось, калі ласка, сядайце, і пагаворым. Ну, значыцца, перш-на-перш аб цане, бо я чалавек небагаты, я многа плаціць не магу.
Мікола. Э, глупства… я магу і так… бяз грошай.
Філімон. Ну як-жа ж так? Гэта неяк не таго.
Мікола. Нічога… У мяне шмат свабоднага часу… Я з прыемнасьцю.
Філімон. Ну, добра. Калі вы ўжо такі… сымпатычны чалавек, дык хай і так будзе, нічога не парадзіш. Я вам аддзякую за гэта пасьля, як ужо буду міністрам. Я вам дам службу ў сваёй канцэлярыі… О! вы з маей пратэкцыяй высока заедзеце!
Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.
Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, усяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.
Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.
Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону) .
Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці) . «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў».
Філімон (паўтарае і піша) . «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў»… Добрая фраза… (да Любы) . Чуеш, Любачка?
Люба. Чую, дзядзенька!
Філімон (піша) … «была і будзе заўсёды любоў»… (да Міколы) . Любоў пішацца праз «ў» з хвосьцікам?
Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон) . Але, але! Любоў заўсёды. з хвосьцікам.
Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся) .
Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе) . «Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд» [2] Верш Я. Купалы.
. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай) .
Філімон (піша) . Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? «…жыць, любіць і цярпець?»…
Мікола. «Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…» (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу) .
Зьвініць званок.
Мікола (адскочыў ад Любы) .
Філімон (крычыць) . Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае) .
Мікола, Люба, Філімоні Марта.
Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам) . ІІачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню) .
Читать дальше