А яшчэ яны любяць папракаць мяне бракам жыццёвага вопыту. Асабліва калі прашу цыгарэту.
А адная бабулька — грудзі ў медалях — раптам як закрычыць: «Сыдзі з дарогі, лабідуда!» Я сышоў. А яна паглядзела, што далей нічога няма, i адразу растала ў паветры.
Бывае i так, што яны прыходзяць групамі ды намаўляюць мяне ісці «далей». Кажуць, што мне столькі дадзена ўсяго, i што гэта яны мне ўсС далі. Я тады выварочваю кішэні, а яны ўсе разам знікаюць.
Разумею, у ix усё сканчаецца тут. Вось яны i прыдумалі, што нешта Ссцъ далей, а там пустка, нішто, там смерць. Канец тут, дзе я стаю.
А што, як нехта прыйдзе адразу туды, у нішто?..
А што, калі туды i прыходзяць усе маладзейшыя за мяне? I калі тут пройдзе апошні, хто да мяне, тады пайду i я?
Арыфметыка. Як падумаеш...
Думаць устыла. Ужо даўно ўстыла думаць, ляжаць, сядзець, стаяць, пісаць гэтыя ідыёцкія словы i жыць.
1986
ЗБОР ТВОРЦАЎ
Частка I
1.
Не ведаю, ці варта ўсе гэта пісаць. А навошта пішу — у двух словах не раскажаш. Вось i атрымліваецца, што, каб растлумачыць, навошта я ўзяўся за гэтую справу, мне трэба напісаць цэлую кнігу. Ці, можа, заўседы так? I ўсё, што чалавек робіць, ён робіць дзеля таго, каб растлумачыць, навошта ён гэта робіць...
Не ведаю. Магчыма, усё гэта даўно ўжо кім-небудзь i напісана. І больш арыгінальна, i цікава. Бо колькі ж у свеце літаратуры?! Колькі твораў?! Як маку! Як чалавечых жыццяў. A колькі аўтараў?! Хіба не кожны чалавек браўся некалі складаць вершы, зацемкі, а нават i проста лісты, цыдулкі, абвесткі розныя? Хіба не кожны — хоць вусна, хоць у думках сваіх, зусім выпадкова — зарыфмаваў раптам пару радкоў? А фармальна кожны такі — паэт...
Не ведаю. Адно здаецца, што зараз усе гэтыя рыфматворцы, усе гэтае неверагодна стракатае творчае скопішча сышлося ўва мне страшным галасам. Той пяе, той дэклямуе, гэты крычыць, а гэты нечага патрабуе, даводзіць нешта ўсім вядомае, але абсалютна непрымальнае. I што я тут ні скажы, што ні вышчыруй самае сваё, самае патаемнае i запаветнае, усё адно атрымаецца — хорам...
Не ведаю. Нясцерпна мне робіцца i млосна, як той парадзісе ў крытычную хвіліну. Аж літаркі расплываюцца на паперы. А неслухмянае пяро замест толькі што складзеных i дэталёва абдуманых фраз выводзіць нешта свае, несамавітае ды толькі яму вядомае. Не ведаю...
2.
Так ужо склалася, што я ніколі не бачыла сваіх бацькоў. Што ж... Нават у сабак бываюць свае радаводы. I медалі. Але я не збіраюся рабіць з гэтага трагедыю. Наадварот, Гэтак, прынамсі, не пачуваешся якой-небудзь пародзістай сучкай... А што кажуць, што я не такая, як усе, дык хіба гэта так ужо кепска?
Крыўдую часам, злуюся на сябе i ціхенька суцяшаюся...
Адразу пасля родаў нас з сястрою забралі ад хворае парадзіхі назаўсёды. Маці й цяпер, напэўна, жыве ў той лякарні, дзе дваццаць гадоў таму зачала. Я ніколі не шукала яе. Шукала бацьку, але так нічога i не даведалася. Не думаю, каб ен быў з клінічнае абслугі ці прыйшоў адкуль ca здаровага свету... А старая ацяжэлая санітарка толькі зарагатала мне ў адказ i праз смех гукнула: «Ад святога духу!» Я ўжо не стала чакаць, пакуль яна выржацца, i пайшла хутчэй адтуль, з Навікоўскай вар'ятні, дзе мне далi жыцце.
Што да сястры, дык яна ад нараджэння мела матчыную хваробу. I нейкі разумнік па-свойму пажартаваў, калі даваў нам імены; сястры — Шызя, а мне - Фрэня. А можа, i не пажартаваў? Можа, мода была такая.
Вось.
Калі вам кажуць: ёсць дзве навіны, добрая i дрэнная, з якой пачынаць? — вы заўсёды просіце з дрэннай, праўда? Гэтак i я, выходзіць, пачала з непрыемнага. Хоць мне й не думалася пра гэта. Проста пачала з пачатку, а выйшла — з дрэннага. Гм...
Адразу нейкі час мы з сястрой былі ў адным доме дзіцяці. Потым яе вярнулі ў вар'ятню, а я засталася. Так вырашыў лекар. Пасля я трапіла ў школу-інтэрнат у Грудках. Гэта, дарэчы, ці не адзіная ў краі школа, дзе вучаць на роднай мове... Уявіце сабе, як я чакала сваіх шаснаццаці гадоў! Атрымала пашпарт i стала Гражынай.
Нарэшце, пасля школы я паступіла ў медычны інстытут на стаматалогію. Стала зусім такая як усе.
Вядома, аднае стыпендыі было мала. Дый вельмі не хацелася жыць у інтэрнаце, хоць бы i ў студэнцкім. Я пачала шукаць працу i жытло. I аднойчы на прыпынкавым слупе прачытала абвестку: «Приглашается девушка для присмотра за больным. Жилплощаць предоставляется». Здаецца, з гэтага ўсе i пачалося.
3.
Указаны ў абвестцы дом стаяў адзін на пустэльнай вуліцы. Пасярод агромністага двара роў чорны ад сопату экскаватар. I сам будынак — прадымлены й шэры — меў закінуты, нежылы выгляд.
Читать дальше