Цяпер гэта «Беларусачка» паблізу Ждановіч. На той жа час ён, здаецца, называўся «Беларусь» і ў ім абавязкова (бясплатна) лячылі ўсіх, хто перанёс інфаркт. За выключэннем, аднак, пенсіянераў. Маўляў, яны і так непрацазольныя. Паколькі мне тады да пенсіі было далекавата, то я не надта задумваўся над падобнай сацыяльнай несправядлівасцю.
Дык вось зайшла ў палату медсястра і сказала, каб складваў свае рэчы ў пакет. А якія маглі ў мяне быць рэчы? Зубная паста, шчотка, мыла. Ды яшчэ лёгкая куртка. Склаў я ўсё гэта ў пакет, а медсястра:
— Я панясу. Вам нельга.
— Што вы, — запярэчыў я. — Сам...
Яна нічога не адказала. Я і не здагадваўся, якую непасільную ношу ўзяў на сябе. Едучы ў ліфце, яшчэ неяк трымаў гэты пакет, але калі выходзіў з вестыбюля да «рафіка», то ледзь не хістаўся. Праўда, сядаючы ў яго, яшчэ паспрабаваў кінуць медсястры нейкі двухсэнсоўны камплімент, ад якога яна ўсміхнулася, а малады вадзіцель паглядзеў на мяне так, што ў позірку гэтым прачытвалася: а ты, бацька, упэўнены, што выкарабкаешся?
Выкарабкваўся я сапраўды цяжка. У рэшце рэшт, як і іншыя, хто перанёс такі цяжкі інфаркт. З адной толькі розніцай: многім не пашанцавала, а мне пашчасціла. Сапраўды ўжо, мабыць, недзе ўверсе для кожнага «срок помечен». Канчаткова ўпэўніўшыся ў гэтым, я ў думках пачаў маліць Бога: «Госпадзі, толькі дапамажы». Маліў, хоць да гэтага быў атэістам. Не ваяўнічым, праўда, але атэістам. І не хрышчаным быў, бо нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Цяпер жа я паўтараў: «Госпадзі, толькі дапамажы. Абавязкова пахрышчуся».
Усявышні пачуў маю мальбу. Хоць і паступова, а як жа іначай, калі на сэрцы была не проста рана, а вялізная рана, станавіўся на ногі. Памятаю, што, як толькі вярнуўся з санаторыя, хоць і працягваў знаходзіцца на бальнічным, паспяшаўся ў тагачасную Ленінку. Клаў раз-пораз пад язык выратавальны валідол і стараўся штосьці чытаць, нешта выпісваў з заказаных кніг. Часам наведваўся ў рэдакцыю «ЛіМа», у якім працаваў, бо мая ўласная пішучая машынка стаяла на рабоце. Але больш-менш без праблем удавалася надрукаваць усяго некалькі старонак, як у сэрцы з’яўляўся цяжар, яно пачынала балець. Пасля ад урача даведаўся, што менавіта пры працы за пішучай машынкай, а яшчэ пры вязанні, адбываецца ўдзеянне на нервы, што вядуць да сэрца, таму і з’яўляецца боль.
Пра тое, у чым пакляўся, канечне, не забываў. Дый падзяліўся гэтым з жонкай. Тая ўзрадавалася. Маўляў, нарэшце зробіш тое, да чаго прыйшлі іншыя куды ў больш раннім узросце. Я ж пацікавіўся, як адбываецца абрад хрышчэння. Хутка ж у мяне аказаўся і тэкст малітваў, якія трэба вывучыць на памяць. Тут-то і атрымалася замінка. Як ні стараўся я, у мяне нічога не атрымлівалася. Тэкст малітваў ніяк не завучваўся, хоць, калі школьнікам, ніякіх праблем не ўзнікала з завучваннем на памяць якога-небудзь верша ці ўрыўка з празаічнага твора. Мабыць, цяпер сказваўся ўзрост. Дый усё ж тэксты малітваў больш складаныя. У такім разе, як быць?
Думаў-разважаў я і знайшоў простае і, як мне здаецца, правільнае выйсце. Так сказаць, па аналогіі. Калі чалавек каго-небудзь кахае, то ён выказвае прадмету сваёй любві ўласныя словы, а не паўтарае тое, што гаварылі да яго іншыя. То чаму я не маю права сваімі словамі выказаць любоў да Бога. Праўда, у храме, у якім мелася адбыцца маё хрышчэнне, святар, калі даведаўся пра гэта, паставіўся да ўсяго крыху іначай. Было вырашана, што ён чытае малітву, а я паўтараю. Так і стаў я праваслаўным вернікам. Пачаў жыць новым жыццём.
Правільней, жыццё маё падзялілася на два перыяды: да і пасля. Але не столькі да інфаркту і пасля інфаркту, колькі да хрышчэння і пасля хрышчэння. І гэты другі перыяд стаў для мяне на дзіва плённым і выніковым. Мне прысвоілі званне лаўрэта Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Я двойчы стаў лаўрэатам прэміі «Залаты Купідон». Мне прысвоена (зноў жа двойчы) званне заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў, я лаўрэт прэміі БСЖ «Залатое пяро». Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Гэта, аднак, не значыць, што ўсё было так бясхмарна. Маю на ўвазе не толькі працу, нават не столькі працу. На жаль, выпрабаванні са здароўем не скончыліся. Некалькі гадоў назад урачы паставілі несуцешны дыягназ: дыябет другога тыпу. І гэта прытым, што ніхто з маіх родзічаў на такую хваробу не хварэў. Сказалася ўжыванне розных лекаў: лячыў сэрца калечыў падстраўнікавую залозу. Ды галоўнае — жыву. І стараюся пра гэтую яшчэ больш цяжкую хваробу, невылечную хваробу не думаць: у кожнага свой «срок помечен». Хочется спадзявацца, што для мяне ён будзе доўгім. Таму калі нехта месца сабе не знаходзіць пасля таго, як яму паставілі такі дыягназ, то часам суцяшаю яго, што нічога страшнага, а калі-нікалі і жартую па-чорнаму. Маўляў, чаго баяцца, усё адно абяцаюць хуткі канец свету.
Читать дальше