Я вытрымаў позірк рэдактара.
— Сапраўды, — уздыхнуў я, — пры ўсім сваім жаданні ніколі так не напішу. Умеюць жа людзі...
Здаецца яшчэ імгненне і з маіх вачэй гатовы былі закапаць слёзы.
Рэдактар быў чалавекам добрым, таму ад гэтага майго ўздыху яму стала не па сабе.
— А ты асабліва не перажывай, — сказаў ён разважліва.
Цяжка было зразумець, што пры гэтым меў на ўвазе: тое, што я яшчэ навучуся пісаць, ці, усё ж, не сумняваўся ў маім аўтарстве публікацыі ў «Мінскай праўдзе» і хацеў, каб я забыў пра ўсе непрыемнасці.
«Іронія лёсу»: беларускі варыянт
Бадай, няма такога чалавека, які б хоць аднойчы ў сваім жыцці не глядзеў мастацкі фільм «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай». Наадварот, многія рабілі гэта некалькі разоў, бо звычайна перад самым Новым годам ці ў першыя дні яго абавязкова знойдзецца тэлеканал, які пакажа гэтую ўсенародна любімую кінастужку чарговы раз. Нядаўна ж, як вядома, і працяг яе знялі. Цікаўнасць да гэтага фільма, як мне здаецца, не толькі ў тым, што ён зроблены на высокім мастакоўскім узроўні. Прывабнасць яго яшчэ і ў тым, што сітуацыя, пакладзеная ў яго аснову, вельмі жыццёвая.
Пры жаданні некаторыя могуць прыгадаць штосьці падобнае, калі «спрацавала» іронія лёсу, з уласнага жыцця. А з чужога, то пэўна, бо ў жыцці, як сцвярджаў Анарэ дэ Бальзак, самы слынны раманіст — яго вялікасць выпадак. Праўда, тое, што адбываецца па волі выпадку, не заўсёды цягне на раман. Дый тыя, на каго гэты выпадак уздзейнічае, не трапляюць зусім нечакана ў іншы горад, у якім многае выглядае гэтаксама, як і ў іхнім, родным. А вось кватэры, пад’езды блытаюць неаднойчы. На жаль, гэта не заўсёды добра заканчваецца. Адзін такі, далёка не аптымістычны зыход адбыўся і па маёй віне. І хоць віна ўскосная, але ўжо больш як сорак гадоў, калі прыпамінаю той выпадпак, неяк становіцца нядобра. Быццам узяў і падштурхнуў чалавека...
Гэта быў ці не першы дзень маёй працы ў рэдакцыі драгічынскай раённай газеты. Што адзін з першых, то пэўна. У душы я разумеў, што трэба было б адзначыць маё працаўладкаванне, але, будучы на той час надта сарамлівым, не асмельваўся прапанаваць гэта. Супрацоўнікі ж газеты самі не напомнілі. Відаць, думалі: адкуль узяцца ў маладога спецыяліста грашам. Атрымае пад’ёмныя, першую зарплату, то і пачастуе. Грошы, праўда, у мяне былі. Не паспеў растраціць дзве месячныя стыпендыі, якія выдаваліся тым, хто ехаў па размеркаванні.
Каб я хутчэй увайшоў у курс справы, рэдактар прапанаваў мне падзяжурыць па нумары. І сам я быў не супраць гэтага, бо памятаў адно з выказванняў Гётэ: «Суха теория, мой друг, а древо жизни пышно зеленеет». Дзяжурства па нумары — гэта ж таксама дрэва — дрэва журналістыкі. Таму я ахвотна ўзяўся чытаць палосы, якія прыносілі мне з друкарні, што знаходзілася ў тым жа калідоры, што і рэдакцыя. Нешта папраўляў, штосьці ўдакладняў.
Тым часам рабочы дзень блізіўся да завяршэння. Аднак ніхто мяне не прыспешваў, бо ўсё ішло паводле рэдакцыйнага графіка. Я ж стараўся быць як мага больш уважлівым, за што і не прамінуў пахваліць мяне рэдактар. Мне ад такой пахвальбы, безумоўна, стала радасна: атрымліваецца, што не марна вучыўся на журфаку. Дый ад таго ўзрадаваўся яшчэ, што «ўліванне» ў працоўны калектыў адбываецца паспяхова. Праўда, калі паглядзеў на рэдактара, па ягоным позірку заўважыў, што паводзіць ён сябе крыху не так, як да гэтага. Больш вясёлы, раскаваны. Прычына стала зразумелай, калі ўбачыў, як адзін з загадчыкаў аддзела, увайшоўшы ў кабінет, штосьці зашаптаў рэдактару на самае вуха. Той, зрабіўшыся сур’ёзным, ціха сказаў:
— Адну.
Для мяне не заставалася сумнення, што мае новыя калегі таксама займаюцца «ўліваннем». Толькі, вядома, не ў калектыў, які для іх даўно свой, а незаўважна ад мяне прапускаюць адну-другую шклянку пладова-«выгаднага». Зразумелым стала і іншае: паколькі я іх частаваць не збіраўся, то нельга было чакаць гэтага і ад іх. Але адначасова ў галаве мільгнула і іншая думка: калі ім можна, то чаму не можна мне? Але не кінеш жа чытаць палосы. Таму давялося крыху пачакаць, калі чарговую панясуць на праўку і ў мяне з’явіцца вольная хвіліна.
Пасля гэтага я і паспяшаўся на аўтобусную станцыю, на якой меўся буфет, які працаваў дапазна. Пра гэта я даведаўся, калі пасля абароны дыплома прыязджаў у Драгічын «на разведку». У гэтым жа буфеце прадавалі і тое, чаго мне цяпер так хацелася. Я папрасіў у буфетчыцы шклянку віна, а ў дадатак ці то нейкі піражок, ці то яйка, і, задаволены зробленым, вярнуўся на дзяжурства. Настрой стаў нават куды больш прыемны, чым ад пахвальбы рэдактара. А паколькі дзяжурства зацягвалася, то я паспеў зрабіць у буфет яшчэ адну ходку. Калі што і здзівіла, дык тое, што буфетчыца ўсміхнулася мне, як старому знаёмаму. Пазней ужо, калі стаў у Драгічыне сваім чалавекам, даведаўся, што Броня — так звалі гэтую немаладу жанчыну, ведала, хто я такі. Аб з’яўленні ў рэдакцыі маладога супрацоўніка чуткі разышліся хутка, а тыя, хто працаваў у газеце, былі яе сталымі кліентамі.
Читать дальше