— Журналіст, — засмяяўся галоўны аграном. — Разумею, што робіцца ў цябе на душы. Не перажывай, было б з-за чаго. Ну, пакрытыкуеш ты, што на сяўбе ў мяне няма дысцыпліны. І што з гэтага? Пішы тое, што палічыш патрэбным. А цяпер — да мяне, — і кінуў старшыні народнага кантролю: — Ён згодзен, — з гэтымі словамі аграном узяў мяне за руку: — Пайшлі, — і мы заспяшаліся да машыны.
Наколькі прафесіянальным спецыялістам быў гэты аграном, я так і не паспеў даведацца, бо адпрацаваў у Слуцкім раёне ўсяго некалькі месяцаў, а ў гэты калгас больш не наведваўся, а што гаспадар ён сапраўдны, упэўніўся, калі пад’ехалі да ягонага дома. Дом быў прыгожы, новы, а паблізу ад яго знаходзілася невялікая сажалка, з якой і налавілі рыбы. А пасля сядзелі за сталом, шмат пра што гаварылі. Я, праўда, па-ранейшаму адчуваў сябе ў няёмкім становішчы, таму некалькі разоў стараўся прасіць прабачэння, але галоўны аграном перапыняў мяне, паўтараючы адно і тое ж:
— Пішы, журналіст, я не пакрыўджуся.
Па дарозе назад, у Слуцк, старшыня народнага кантролю папрасіў:
— Ты ўжо вельмі не крытыкуй яго.
— Ну, што вы, — здзівіўся я. — Як жа пасля гэтага можна?
Сваё слова я стрымаў. Але разам з тым даў маху, прапанаваўшы гэты матэрыял газеце «Чырвоная змена». З яе рэдакцыяй я супрацоўнічаў і тады, калі працаваў у драгічынскай раёнцы, а потым — у капыльскай. Паколькі матэрыялаў з месцаў неставала, то я прапаноўваў «Чырвонцы» некаторыя свае. З Драгічына выходзіў на Анатоля Астрэйку (не блытаць з ягоным цёзкам — знакамітым паэтам, аўтарам унікальнай кнігі «Слуцкі пояс»), з якім пазнаёміўся падчас вытворчай практыкі ў гэтай газеце. З Капыля — на паэта Міколу Федзюковіча. Але то былі матэрыялы станоўчыя і раённае начальства, а больш канкрэтна — партыйнае кіраўніцтва было вельмі задаволена тым, што пра раён расказваецца ў рэспубліканскім друку.
Іначай яно ставілася да крытычных матэрыялаў. Аднак калі на карэспандэнтаў, якія прыязджалі з Мінска, асабліва ўздзейнічаць не магло, то тых, хто працаваў у раёнцы, магло і на месца паставіць. Канечне, я пра гэта памятаў.
І, хутчэй за ўсё, калі б пазваніў хто-небудзь іншы, а не Мікола Федзюковіч — ён тады працаваў у аддзеле сельскагаспадарчага жыцця, я б адмовіў. Але Міколу адмовіць не мог. Тым больш, што ён вельмі настойваў, бо матэрыялаў з месцаў пра сяўбу не было. Таму я і начытаў гэты матэрыял стэнаграфістцы, з якой звязаў мяне Федзюковіч.
Вынікі рэйда «Чырвоная змена» апублікавала на першай паласе. Яшчэ добра, што я паставіў пад матэрыялам толькі свой подпіс, а старшыні народнага кантролю і члена рэйдавай брыгады (звычайна ў раённых газетах гэта быў рэдакцыйны шафёр, каб яму заплаціць хоць нейкую капейчыну) зняў, а то, чаго добрага, ім не здабраваць. А так перапала толькі мне. Зразумела, праз рэдактара, якому пазванілі абураныя райкамаўскія работнікі. Засталося запэўніць, што нічога падобнага болей не дапушчу.
Тым не менш я хутка парушыў самому сабе дадзенае слова. Не мог не зрабіць гэтага, бо тое, з чым сутыкнуўся, вельмі ж прасілася на абнародаванне ў маштабах рэспублікі. Праўда, гэта быў не той вопыт, што варты пераймання, а своеасаблівы, бо патрапляў ён пад вызначэнне: хоць смейся, хоць плач. А ўкаранілі гэты «вопыт» (без двухкосся ў дадзеным выпадку ніяк не абысціся) на Радзічаўскім заводзе металічных вырабаў, што працаваў у адной з вёсак непадалёку ад Слуцка.
Не ведаю, ці ёсць цяпер там якая-небудзь вытворчасць, а ў савецкія часы Радзічаўскі завод, без перабольшання, быў вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе. Не будзем разбірацца, наколькі гэта апраўдана і эканамічна выгадна, але электрапастухі, вырабленыя ў Радзічаве, траплялі ажно на Далёкі Усход. Канечне, у гэтых «пастухах» нічога складанага не было: звычайны дрот, які падвешвалі на слупках вакол таго ўчастка, на якім пасвіліся каровы. Па дроце прапускалі электрычны ток малога напружання і калі якая-небудзь буронка спрабавала пераадолець агароджу, то лёгкі ўдар электрычнасці ў пысу прымушаў яе адразу ж адмовіцца ад такой задумы.
Але я маю на ўвазе не гэты вопыт, бо як да яго не стаўся, а ён усё ж станоўчы. На гэтым заводзе вырашылі, зноў жа зрабілі правільна, што для рэнтабельнай працы адных электрапастухоў мала. Дый захацелі заняць працай жанчын. Таму і адкрылі падсобны цэх, куды і ўладкавалі тых з іх, хто пажадаў. Занятак знайшлі чыста жаночы: жанчыны пачалі шыць трусы. Не для сябе зразумела, а мужчынскія — такія, якія некалі называлі сямейнымі. У гэтых трусах з-за іхняга вялікага памеру адначасова маглі ўмясціцца муж, жонка, дый цешчы месца хапала. Праўда, ніводнага мужчыны, якому б спадабалася падобнае суседства, не знайшлося. Ва ўсякім разе — на Случчыне. Усё ж трусы — не блытаць з хатнімі жывёламі — рэч індывідуальная. Таксама прадукцыя, канечне, вельмі неабходная, таму заўсёды запатрабаваная. Тым больш тканіны ў краіне ставала. Таму ніякіх праблем не было ні з вытворчасцю, ні са збытам. Усё нічога б, калі б.
Читать дальше