— Шклянку? — для пэўнасці спытала буфетчыца Броня.
— Шклянку! — упэўнена адказаў я, і, апярэджваючы яе запытанне наконт закускі, дадаў: — Больш нічога.
Яна не толькі з разуменнем, але і з радасцю паглядзела на мяне, канчаткова ўбачыўшы ў маёй асобе сталага наведвальніка. Вядома, што ў далейшым я не мог не апраўдаць яе спадзяванні.
Нарэшце, была прачытана апошняя паласа. Рэдактар падпісаў нумар у друк і ўсе пачалі разыходзіцца. Але мне спяшацца на кватэру не хацелася, Пратасевіч на той час у рэдакцыі яшчэ не працаваў, таму я вырашыў адзін прагуляцца па Драгічыне. Хутка я апынуўся каля гарадскога парку, у якім, я гэта ўжо ведаў, працаваў павільён, які па-простаму называлі забягалаўкай. Калі я прайшоўся некалькі разоў узад-уперад, ногі мяне самі пацягнулі ў гэты павільён.
Зайшоўшы ўнутр, я здзівіўся, як шмат у ім народу. Зразумела, гэта былі мужчыны. Пазней, калі пасля арміі працаваў у Капылі, а потым у Слуцку, нічога падобнага не бачыў. Вядома, там таксама працавалі розныя павільёны і буфеты, але ў іх было не так людна. Тут жа было такое ўражанне, што ўсе мясцовыя Адысеі, як у той песні, уцяклі сюды «от жены, от детей». Давялося станавіцца ў даўгаватую чаргу. Выстаяўшы яе, я пачаў азірацца па баках, шукаючы вольнае месца. Але нідзе яго не было. Заняты былі не толькі сталы. Некаторыя абступілі нават вялізныя дубовыя бочкі, у якіх тады прывозілі піва. Я ўжо хацеў выпіць віно стоячы, як з-за аднаго са сталоў пачулася:
— Сашка, ідзі да нас!
Я ўздрыгнуў не столькі ад поклічу, колькі ад таго, што хтосьці тут ведае мяне.
Аказалася, што за тым сталом сядзелі супрацоўнікі газеты. Адзін з іх да таго, як я прыехаў па размеркаванні, узначальваў аддзел пісьмаў. Калі я падышоў, хтосьці з іх незласліва папракнуў:
— Пачаставаць шкадуеш, а адзін...
Я, не даслухаўшы яго, накіраваўся назад. У чарзе зашумелі, але, калі даведаліся, што толькі што разлічваўся з буфетчыцай, дазволі ўзяць яшчэ. Потым, зразумела, было яшчэ і яшчэ. У свой пакойчык я вярнуўся познім вечарам. Пакінулі мы буфет ці не перад самым закрыццём, а да ўсяго яшчэ пагаварылі ў парку. Разышліся як самыя блізкія сябры. Нават той супрацоўнік, які пазбавіўся з-за мяне аддзела, ніколькі не крыўдаваў. Журналісцкай адукацыі ён не меў. Дый рэдактар абяцаў пакінуць яго ў рэдакцыі звычайным супрацоўнікам.
Аднак, калі я прыйшоў у рэдакцыю раніцой, заўважыў, што нешта не так... Тыя, з кім я ўчора бавіў час, былі пахмурныя, былы загадчык аддзела зусім не з’явіўся. Нарэшце, адзін з іх, Васіль Андрэевіч, з якім пазней склаліся такія прыязныя адносіны, ці то папрасіў мяне, ці то папярэдзіў:
— Нікому ні слова пра тое, што ўчора былі разам.
— Ды буду маўчаць як рыба, — запэўніў я яго. — Навошта гэта афішыраваць.
— Маладзец, — сказаў ён, але выраз ягонага твару па-ранейшаму заставаўся сумным. — Астатняе, Сашка, — уздыхнуў ён, — сам даведаешся.
Гэтае «сам даведаешся» заінтрыгавала мяне, але, бадай, у большай ступені спалохала. Значыць, адбылося нешта такое, пра што ён сам не хоча казаць, а можа, і баіцца нават. Адразу стала не па сабе. Неставала яшчэ, каб адразу ўліп у нейкую непрыглядную гісторыю.
Праўда, як хутка высветлілася, уліп былы загадчык аддзела пісьмаў. Ён і дагэтуль меў нямала непрыемнасцей на рабоце з-за таго, што не ў меру ўжываў спіртное. Хоць яго неаднаразова папярэджвалі, аб’яўлялі вымовы, ды выправіцца чалавек ніяк не мог. Перад маім прыездам ён атрымаў апошняе папярэджанне. Магчыма, калі б яшчэ нейкую правіннасць ён зрабіў на рабоце, рэдактар пастараўся б усё спусціць на тармазах, але адбылося такое...
Былы загадчык аддзела пісьмаў жыў у адным доме з сакратаром райкама партыі. Падобныя двухпавярховікі ў сярэдзіне 60-х гадоў з’яўляліся ў шмат якіх невялікіх раённых цэнтрах. Дый пазней будаваліся, падобныя адзін на адзін. Але той былы загадчык не дамы пераблытаў, а паверхі ў сваім доме. Таму патрапіў не ў сваю кватэру, а ў тую, у якой жыў сакратар райкама.
Настолькі п’яны быў, што калі яму адчынілі дзверы, нават не заўважыў, што перад ім не ўласная жонка, а чужая жанчына. Тут жа ў прыхожай пачаў распранацца. Калі ён стаў знімаць штаны, гаспадыня закрычала, паспрабавала прагнаць яго. Ды дзе там! Стоячы ў адных трусах, ён паслаў яе — куды, зразумела, і накіраваўся ў спальню. Акурат у гэты момант і з’явіўся сакратар райкама. Толькі пасля гэтага былы загадчык аддзела зразумеў, што штосьці атрымалася не так, але ён быў настолькі п’яны, што не ўстаяў на нагах і паваліўся на падлогу. Давялося гаспадару па тэлефоне выклікаць ягоную жонку.
Читать дальше