Гэтая прыгода і вызначыла далейшы лёс былога загадчыка аддзела пісьмаў. Пасля таго ён ужо стаў увогуле былым журналістам. Па-мойму ў рэдакцыі ніхто так і не даведаўся, што гэтаму «паспрыяў» і я. Тыя, з кім у той вечар выпіваў, умелі трымаць язык за зубамі. Толькі мне ад гэтага не лягчэй. Па сённяшні дзень адчуваю нейкую маральную віну.
Ці ўзяць яшчэ адзін выпадак падобнага кшталту. Расказаў мне пра яго празаік В., на жаль, ужо нябожчык. У Мінску мы хоць і працавалі з ім у розных рэдакцыях, але ў адным будынку, а жылі ў суседніх дамах, якія стаялі паралельна. Прытым гэта пяціпавярховікі, пабудаваныя па тыпавым праекце, а таму вельмі падобныя. Калі б ішоў хто ноччу, не ведаючы іх нумарацыі, то мог бы лёгка пераблытаць, у каторы яму трэба ісці.
Празаік жа В. часта дамоў вяртаўся на «аўтапілоце», то аднойчы і патрапіў не ў свой. Знайшоўшы «свой» пад’езд, ён, паколькі на той час дамафонаў яшчэ не было, лёгка зайшоў унутр і падняўся на патрэбны яму паверх. Падышоў да «сваёй» кватэры, дастаў ключ. Аднак як ні стараўся, ключ не хацеў паварочвацца. Празаік В., крыху пачакаўшы, паўтарыў свае намаганні. Зноў ніякіх вынікаў. Тады ён націснуў кнопку званка. Дзверы адразу расчыніліся і В. убачыў на парозе раззлаванага незнаёмага мужчыну. Тут трэба сказаць, што п’яным В. заўсёды станавіўся вельмі раўнівым.
— Ты хто такі?! — абурана закрычаў празаік. — Да маёй жонкі прыйшоў! — ён паспрабаваў нанесці мужчыну ўдар, але той здолеў ухіліцца і нанёс удар у адказ.
Празаік В. упаў на падлогу, але знайшоў у сабе сілы падняцца і кінуўся на свайго крыўдзіцеля. Той закрычаў:
— Мала яшчэ?! То атрымлівай! — ён з размаху так ударыў празаіка В., што той адляцеў у бок і, паваліўшыся, апынуўся ля краю лесвіцы, што вяла ўніз. Мужчына, не чакаючы пакуль ён падымецца, штурхануў яго нагой і пайшоў у кватэру.
Празаік В. з цяжкасцю падняўся. Пачуццё рэўнасці настолькі апанавала яго, што ён вярнуўся назад да «сваёй» кватэры і сабраўся біць у дзверы нагамі, але ў апошні момант на яго быццам найшло нейкае прасвятленне. Ён уважлівей прыгледзеўся да дзвярэй і зразумеў, што гэта дзверы не ягонай кватэры. Але ж нумар то ягоны? Празаік В. цяжка прыхінуўся да сцяны. Невядома, колькі б ён яшчэ прастаяў так, калі б дзверы не адчыніліся.
— Ты яшчэ тут? — закрычаў мужчына. — Мала атрымаў?
Чакаць «дабаўкі» празаік В. не стаў і павольна, паколькі ягоныя ногі падкошваліся, пачаў спускацца па лесвіцы ўніз. Толькі калі апынуўся на лаўцы, што стаяла ля пад’езда, да яго нарэшце дайшло, што ён пераблытаў дамы.
Жонка ўрач — з хворым сэрцам да каханкі не ідзі
Сцвярджаючы так, я, праўда, не збіраюся пераконваць, што гэта абавязкова трэба рабіць, калі жонка твая, для прыкладу, настаўніца, альбо, скажам, журналістам працуе. Каханне, як і Усход, справа тонкая. Самому вырашаць, як і што рабіць. А можа, лепей і ўвогуле нічога не рабіць. У тым сэнсе, што лепш дома застацца, чакаючы з работы сваю законную палавіну. Парадамі тут толькі можна нашкодзіць. Але ў адным магу запэўніць: усё ж асабліва небяспечныя хаджэнні налева тады, калі жонка ў цябе ўрач.
Аднак перш чым расказваць пра справы сардэчныя — у прамым і пераносным сэнсе, паведаю спачатку пра выпадак, пра які неяк даведаўся ад сваёй знаёмай. Ён у чымсьці падобны на папярэднія. З адной хіба розніцай: зыход у ім шчаслівы.
Адбылося гэта таксама даўнавата, яшчэ тады, калі мала хто меў мабільныя тэлефоны. Адсутнасць яго ў мужа маёй знаёмай акурат і паўплывала на тое, што яна трапіла ў сітуацыю, якая спачатку ёй каштавала нямала нерваў, а потым, калі прыйшла ў сябе, прымусіла пасмяяцца.
Пачалося ўсё з таго, што муж затрымліваўся з работы. Падобныя затрымкі за ім і раней назіраліся, але звычайна ён з’яўляўся ў гадзін восем-дзевяць вечара. Зразумела, адпачыўшы ў коле сяброў. Але паколькі наступным днём мусіла быць субота, то гэтым разам ён затрымаўся даўжэй. Толькі недзе ў гадзін адзінаццаць вечара патэлефанаваў. Ці то з гарадскога тэлефона-аўтамата, ці то з чужой кватэры. Высвятляць яна не стала, бо ягоны язык настолькі заплятаўся, што і так з цяжкасцю разабрала, што хацеў сказаць. Адно дайшло да яе: хутка будзе дома.
У чаканні правяла ці не гадзіну. І з акна на вуліцу глядзела, і да дзвярэй падыходзіла, каб упэўніцца, ці не ідзе ён. Быў бы мабільнік, канечне ж, магла б сазваніцца, а так даводзілася чакаць, молячы Бога, каб хоць нічога не здарылася. Нарэшце дзесьці апоўначы ў тамбуры, а ў тамбуры ўваход у дзве кватэры — суседскую і іхнію, пачуліся цяжкія крокі. «Нарэшце», — з палёгкай уздыхнула яна і, не пытаючыся, хто там, рашуча адчыніла дзверы. Лепей не рабіла б гэтага!
Читать дальше