Проста аж задушліва: тэлецэнтр – нядзеля, няма патрэбнага чалавека, рэдакцыя “Красного знамени”, зноў тэлецэнтр, трасца, халера.
Пакуль не пазванілі з крайкама – уладзівастоцкі парадачак не прабіць было і снарадам, тратылавы эквівалент якога – прынамсі 100 кг.
І ўсё ж зрабілі на нядзелю паласу ў газету, у тую ж нядзелю выступаем па тэлебачанні – і ўсё такое. Ехаць пакуль нельга. За лета спасціг Прымор’е другі патоп. Усё заліта – жах.
Сённяшні дзень пачаўся страхалюдна. Страшная думка аб дарэмнасці ўсяго, што робіш. І поўная марнасць жыцця ўвогуле: заблытаўся, няма мэты, нічога не раблю, а і пачну рабіць – сэнсу не больш, чым у лайдацтве. Вось 1-га напісаў “Бахайскую чарапаху” і “Легкаважную песеньку” – ну і што?!
Няма жонкі, адчуваю патрэбу ажаніцца як мага хутчэй – а жанчыны такой, здаецца, няма, хоць я, можа, і памыляюся. Ну і г.д.
Пайшоў на працу. Адзін. Атрымаў лісты, на рабоце вычытаў артыкул. І дадому. І тут жыццё паднесла мне адзін са сваіх шматлікіх сюрпрызаў. Празрысты, усёразумеючы і ўсепранікальны настрой. Як у эпілептыка перад прыпадкам. Стала да таго светла – нельга зразумець чаму, – нібыта малы ўваходзіш раніцаю ў росны сад.
Хлопцы былі дома. А мы хадзілі па горадзе. Салют грымеў над караблямі. Навальніца насоўвалася, і ў адказ ракетам успыхвалі зарніцы. А які да гэтага быў захад, якія вежы хмар на барве, і ўсё гэта над агнямі караблёў. 4 перавернутыя птушкі, малая трапецыя, вялікая і выразная трапецыя, трохкутнік і зноў перавернутыя птушкі.
І якое было потым шаленства агню. Зоры, патокі, у якія яны часам рассыпаюцца; ракеты, што падаюць у ваду і гараць пад ёй, як водбліск фараў “Наўцілуса”. Дымныя смерчы, якія сплятаюцца ў кроны дзівосных дрэў, у пераблытаныя сцябліны імху, у бог ведае што яшчэ.
Шмат будзе яшчэ такіх дзён. А сум? Што ж, пэўна, ён таму, што жыццё, як вада, цячэ праз пальцы.
А яно не цячэ. Яно патроху ўсё ж асядае пясчынкай вапняку, будуе свой сталактыт. Дасць Бог – збудуе.
6 верасня. Панядзелак
У суботу былі ў к/каме ў Жмякіна. Паездкі пакуль няма: Прымор’е спасцігла другая за лета повень. Заліло Усурыйск, Спаск-Дальні, шмат яшчэ пасёлкаў і вёсак. Мала таго, на пачатку месяца, маўляў, чакаюць трэцюю хвалю вады. А год быў добры, і чакалі ад яго шмат.
Сказаў, што тут год на год: адзін год добра або нічога, другі – палавень. І што каб гэтага не было, патрэбны такія вялікія спаруды, такая праца, што нічога такога пакуль зрабіць не могуць, не ў сілах чалавечых. Малюпасенькія рачулкі ператвараюцца ў такіх выпадках у пагрозлівыя плыні.
Ну і часам іншыя радасці. Напрыклад, ранні снег вышэй калена, пад які ідзе соя (яна ўвогуле культура позняя), або тайфуны… Словам, рай для чалавека, які любіць змаганне, неўладкаванасць і вечную няўпэўненасць. Не ведаю, як каму, а мне гэта падабаецца.
Каб не тое, што ёсць Прыдняпроўе, каб не тое, што тут людзі гавораць на мове, якую чуў з дзяцінства, але якая не свая (што я з кожным годам усё мацней адчуваю) – я, бадай, мог бы жыць тут, трохі прызвычаіўшыся.
Адтуль пайшлі ў газету, прагледзелі гранкі вершаў, а пасля абеду пайшлі на студыю і прарэпеціравалі выступленне.
Увечары зноў насунулася залева. Спрачаўся з Рыгорам аб нашым кіно і аб тым, чыім яно стала. Мае рацыю: яно чужое нават па тэмах і манеры выканання. Варагі ўсіх масцяў робяць з яго што хочаш, толькі не мясцовае мастацтва, а таму яно і міжнароднага рэзанансу не мае.
Абагаўленне аўтарытэтаў, наконт Фрыда, Блеймана, а часам і такіх, якія нічога, пакуль тое, не зрабілі (Трунін і іншыя); забыццё на свае прынцыпы і г.д.
Але ён, як заўсёды, гарачыцца і гаворыць несправядлівыя рэчы. А ў гэтай спрэчцы яшчэ і непрыемным тонам, бы галоўнае не прадмет сутычкі, а суб’ект, які з ім спрачаецца.
Нібы гэта мы ўсё такое дапусцілі. А я нічога не мог ні дапусціць, ні не дапусціць. Я раблю беларускія характары ў сваіх сцэнарах, даю беларускую абстаноўку, нават даю беларускія дыялогі. Але я ўжо на працягу пяці год раблю гэта дарэмна. Рабі я гэта пасрэдна – я даўно меў бы пару пасрэдненькіх фільмаў (гэтыя пусцілі б, у гэтым небяспекі для манапалістаў не было б, і я, кажучы словамі Рыгора, “замацаваўся б”, а там рабіў, што хачу; не ведае ён, як гэта “даюць” нам рабіць, што мы хочам).
Заваёўваць пазіцыі можна толькі спосабам, які выклікае ўва мне гідлівасць. Таму і валяцца на мяне ўсе шышкі, аж да вялізнага майго доўгу, з якога ледзь пачаў выпаўзаць.
Заваюй ты тут ключавыя пазіцыі: камітэт, другі камітэт, маскоўскі галоўны рэдактар, “майстры”, у якіх што ні галава, то й розум. А пасрэдныя рэчы рабіць не магу. Пасля такога “замацавання” на аўтара і глядзяць адпаведна.
Читать дальше