Сёння хадзілі на мора. Плаваў гадзіны тры, абсыхаў і зноў плаваў, скакаў з вышкі, заплываў за другую лінію бакенаў. Дзіва! Кожны дзень буду хадзіць.
А пасля – дзве гадзіны мінула – удрызг пасварыўся з Грышкам. Крычаў, што адзін бы я так далёка не паплыў (вядома, не паплыў бы, баяўся б за вопратку, а так вартаўнікі ёсць), што гэта – пыл у вочы, што гэта дзяціннасць.
Якая ж гэта дзяціннасць, калі гэта мне натуральна, калі я люблю гэта. Словам, папрасіў не ўказваць, бо я досыць для гэтага дарослы і ўжо дзесяць год жыву так, як хачу я, не патрабуючы ніякіх парад. Магчыма, перажываў, стоячы на беразе, але мне гэта таксама не трэба. Проста нервы ў яго развінчаныя ад нашага жыцця, ад усіх ягоных бед, ды яшчэ і ад агульнае нашае бяды. Цяпер не гаворым. Яны пайшлі ў горад. А я сказаў Генадзю, што я з Рыгорам гаварыць не буду да тых часоў, пакуль ён не пакіне даваць мне які б то ні быў “шэраг каштоўных указанняў, ды яшчэ падвышаным тонам”. Бо смешна, калі шасцімесячны шчанюк вучыць гадавалага, што такое снег.
І вось сяджу. Выправіў пераклады маіх вершаў, зрабіў гэты запіс, а пасля вячэры буду выпраўляць раман. Вось і ўсё.
19 жніўня
Зноў нічога не адбылося за тыдзень. Тая самая рэдакцыя, у якой нічога не раблю (выправіў – бяздарна, як і ўсё, – некалькі матар’ялаў, часткова ўжо надрукаваных, вось і ўсё), тая ж дарога дадому, тая самая золь, імжа, духата і іншыя даброты.
Хіба што за гэтыя дні скончыў работу над апрацоўкай “Каласоў” па заўвагах Лужаніна. Усяго скараціў на 8 . аркушаў і яшчэ 6-7 засталося скараціць. Ведаю, будзе больш стройна і, аднак, штосьці згубілася. Штосьці ад непасрэднасці, калі апавяданне льецца само сабою – знікла. Не кажу, вядома, аб мове, хаця і тут у некаторых выпадках ёсць вядомы прыгнёт “цэнтральнага” дыялекту, як быццам ён лепшы. Але шкада і многіх сцэн. Калі паспею (а гэта наўрад), пад канец жыцця ўсё ж пакіну свой варыянт. А не, то давядзецца падумаць хаця б аб аднаўленнях таго, што папсавалі нажніцы ў прадчуванні іншых нажніц.
Сёння сяду за трэці варыянт “Хрыста”.
24 жніўня. Аўторак
Скончыў учора вечарам сцэнар.
А раней напісаў яшчэ сёе-тое. 20-га ўзяў інтэрв’ю ў А.Ц. Абрашкі, старшыны падводнікаў (не ў чэшскім, вядома, сэнсе гэтага слова) – цудоўны, дарэчы, хлопец, – і напісаў артыкул. Дваццатага цэлы дзень правіў “Хрыста”. 22-га былі з Кляўком на пляжы. Грышка ўсе гэтыя дні прападаў і з’явіўся толькі ў нядзелю, паклікаў нас у госці да аднаго капітана на мыс Чуркіна.
Учора ўзяў з машынкі нарыс, вычытаў і аддаў. Пасля паехалі дамоў, скончыў тут апошнюю сцэну “Хрыста”.
Ага, да таго як ехаць дамоў, былі ўтраіх з рэдактарам у адмірала Стральцова [17]. Прапанаваў ён дваім ісці на крэйсеры і мінаносцы на вучэнні за экватар. Як мінеш Карэйскі праліў – увесь час борт у борт амерыканскія караблі, а над галавою самалёты. Я загарэўся, але, бачу, хлопцы не хочуць. Тады адмовіліся – маўляў, на працу трэба. Тады ён прапанаваў другое: да 5-га верасня з’ездзіць па краі, паглядзець сёе-тое (машыну дасць Чарнышоў [18], камандзіроўкі – газета), а пасля ў верасні кожнаму па адным з трох маршрутаў: Сахалін, Саўгавань, Петрапаўлаўск. На караблі туды і назад. Згадзіліся.
Пасля абеду зноў на рабоце. Там мне Вася Жураўлёў расказаў, што такое рэйд, калі побач сёмы амерыканскі флот. Цікава, але цікава і другое. А наконт экватара, дык лепей наступным летам куплю (калі ўсё будзе добра) сабе і маці круіз. У крайнім выпадку цераз год.
Рэдактар нас адпусціў. Вечарам чытаў. Узяў кнігу “Прыморскі край”. Шмат цікавага, але састаўлена па-ідыёцку, як многае ў нас. Часовага, што заўтра будзе нецікава або смешна, – многа. Прыродзе, гісторыі, выкапням, мору – з вераб’іныя нагавіцы.
Сёння зноў пасварыліся. Ды яшчэ пасля гэтага і жарты ў салдацкім гусце. Палову дня не размаўляем. Кудысьці хадзілі раніцай (можа, дамаўляцца аб машыне), кудысьці цяпер (можа, на радыё). Не клічуць – я і не йду. Хаця па справах агульных гавораць і ворагі. Ну і хрэн з імі, урэшце! Сёння шкадую, што адмовіўся ад В’етнама. Можа, яшчэ і не позна. Калі так, заўтра пайду па грошы і пагавару. Лепей хадзіць у трусах, тапачках і чахле на галаве, лавіць акул і бачыць бамбардзіроўшчыкі, чым ехаць у запаведнік з такой кампаніяй. Тыгры здадуцца анёламі Божымі.
З раніцы дождж. Пасля гарачае сонца. І вось у 16.15 зноў паліло. Даўно гэтай залевы не было, халеры. Цэлы дзень маўчаў (раніцай толькі з’ездзіў у рэдакцыю, занёс Жураўлёву часопісы ды зайшоў на пошту, прыехаў праз 40 хвілін, рэкорд), цэлы дзень пісаў лісты. Напісаў усім чыста. Магу цяпер ляжаць і пляваць у столь. Вось яна, якая гісторыя.
Читать дальше