23-га глядзеў “Мост цераз раку Квай”. Трубілі-трубілі, а гэта проста дэтэктыў. Першая палова – нішто, калі паядынак душ, а другая… Гінуць людзі, а табе гэта – як бы лялькі гінулі. Ды й тое, над некаторымі лялькамі з лепшых тэатраў плачаш, як над жывымі, а тут – пейзажы. Ды, здаецца, і ўсё.
24-га на студыі быў прагляд, пасля рэдсавет, а пасля я з Макаёнкам паехаў да яго на дачу. Цішыня і вялізная навальнічная залева. Вечарам сядзелі ў Лужаніна [12], гаварылі. Здаецца, памірыліся-такі. А колькі ён мне зла прычыніў. Ды добра хаця, што быў шчыры вораг, не ў прыклад некаторым іншым. І разумны, калі не асляпляла злосць. А каго яна не асляпляла? Лезлі мы з ім адзін на аднаго з вачыма, налітымі крывёй. А выявілася – прычыны не было, трэба было разабрацца, што за чалавек для сябе і сяброў другі. І выявілі мы ўзаемна, што абодва нішто сабе людзі. Ну й добра. Ну й няхай сабе і павек так. Я не супраць, калі не супраць ён.
Гаварылі добра, і жонка ў яго мілая.
Наступнага дня некалькі гадзін сядзелі з Л. у яго на дачы і абгаворвалі, што мне правіць у рамане. А пасля ўсе абедалі ў Макаёнка, а затым я кінуў іх за пулькай і пайшоў на аўтобус.
27-га ў 14 была рэдкалегія. Прынялі другі варыянт з папраўкамі.
28-га ў 9 быў у Паўлёнка [13]. Размова не дужа прыемная. Увогуле ён добразычліва ставіцца, але гэтая дурацкая прывычка нашых босаў: “Калі будзе гераічная камедыя – не дазволю”. А ён жа адзін з разумных. Я і кажу яму: “Вы ж разумны чалавек, а тут гаворыце, як бог ведае хто. Ну што будзе, калі мы ўсе так. Вы не будзеце дазваляць, Бычкоў [14] не захоча ставіць, я – пісаць не буду. Вельмі мне гэта не падабаецца. Гэта не метад. А калі метад, то метад ні … няварты, нават таго, што мы сабраліся і марнуем час”.
А тут яшчэ Бычкоў мне распавёў прыемную навіну. Тамаз Меліява, аўтар “Белага каравану” (і таленавіты, чорт!) павёў сябе як апошняя свіння. Два гады назад яму Скварцоў [15] і Бычкоў расказалі аб “Хрысце”, я, думаючы, што будзе ставіць, напісаў яму. І вось… ён, не адказаўшы мне, здаў у глаўк гатовы сцэнарый. Процьма сумленных людзей на белым свеце. Напісаў аб гэтым ліст у глаўк. Калі рэзультату не будзе – падаю ў суд.
31-га апоўдні, здаецца, вылецелі на Маскву пасля саліднага абеду і, як казаў Тарас, “глумления”. Па Маскве пакутавалі цэлы дзень: з білетамі, з рэчамі, з іншым. Хіба што паелі ў “Арараце”. А пасля на Дамадзедава і на самалёт.
Ноч гэтая ляцела як птушка. У Хабараўску (здаецца) трохі перакусілі. Пасля селі ва Уладзівастоку і паехалі паўз сопкі і ручаіны пад дажджом у горад. Парка, дымны туман, усё размытае, як на японскіх гравюрах. Праязджалі Вугальную, дзе служыў да вайны дзядзька [16].
А потым горад. Хлопец, што ляцеў з намі, паказаў нам афіцэрскую гасцініцу, уладкаваліся, пайшлі вячэраць на марскі вакзал. Усё добра, але ў канцы тубыльцы з кітабоямі, напэўна, усе, як адзін, хватанулі такое “Па-лю-бі-ла ма-ра-ка”, што гэта нагадвала індзейскія скокі або танец людзей, якім 20 год забаранялі танцаваць.
Наступнага дня, 2-га, хадзілі па горадзе, сядзелі ля бухты. Вецер, хвалі. Між караблямі бочкі, скрынкі, каша водарасцяў. І гэты пах ёду. Мора люблю адразу за Беларуссю (во, сказануў афарызм! Проста хоць ты на магіле пішы!).
Былі ў палітупраўленні. Ідзе ўсё з ваеннай “чоткасцю”. Суткі не маглі атрымаць формы (калі атрымалі, то выявілася, што кіцелі “хб”, годныя толькі на караблі), двох сутак не было жылля і “довольствия”.
С полным удовольствием
Встанем на довольствие.
Урэшце, здаецца 3-га, пасялілі нас на базе чаўноў, на Мальцаўскай, у афіцэрскім інтэрнаце, пакой 9. І вось жывем.
У сераду толькі пагаварылі ў Саюзе. Ні д’ябла нам там не памаглі, ды ў рэдакцыі.
Тры дні я сядзеў у рэдакцыі і чытаў сваю “Баявую вахту”. Лухта – газета! Афіцыйная да варацак. А калі цікавыя матар’ялы, то гэта тое, што паўсюль цікава: гісторыя флоту, адкрыццяў, розныя там выпадкі.
Мы не наракалі на недастатковую працу на гэтым тыдні. Лазілі на сопку і глядзелі на горад, валэндаліся ў порце і па вуліцах.
Учора пасля вячэры пайшлі з Рыгорам у порт. Вечар, гасне захад, ідзе некуды карабель з топавымі агнямі. За сопкамі імгла. Хмарка ляжыць на адной, як асяледзец у запарожца. Ловяць краснапёрак з пірса. У марскім смецці плавае дзіцячы мячык. А другі ўпаў у ваду (матросы гулялі), і вось адзін павіс на руках, дастаў яго нагамі і падаў сябрам. На караблях вячэрняя паверка. “Конва” хоча ўціснуцца між другіх суднаў. І на ўсім рабізна. Залатая па чорным – ад ліхтароў у ценю караблёў і блакітная па густым нябесна-сінім – ад месяца.
Читать дальше