29 жніўня. Нядзеля
У сераду ўсё маўчалі. Паехаў у рэдакцыю, вычытаў нарыс і здаў яго сакратару.
<...>
Паехаў дадому, узяў усе рукапісы, адвёз на галоўпаштамт і адправіў “авія”. Каштавала гэта – страшэнна, але прынамсі цяпер магу быць спакойны. Самае позняе ў панядзелак яны будуць у Мінску, у рабоце.
Вечарам пазваніў Валера Зайцаў, сказаў, што будзе чакаць удома, бо сёння цэлы дзень патруляваў горадам. Прыехаў да яго, узяў апрацоўваць яго апавяданне, а пасля рушылі ў “Валну”. Ён даваў мне кватэру і прапаноўваў скарыстацца з яе, але ў мяне не той быў настрой. Ды й наогул, знаёміцца вось так, не ведаючы, пра што гаварыць і што цябе вяжа з нейкім ледзь не першым-лепшым чалавекам – гэта ўжо не па мне. Патрэбна нешта большае, а так – сумна, і лепей проста добрая бяседа за келіхам віна.
Дамовіліся з ім, што раніцай прыйду да яго на працу, каб ехаць на іспыты, але выхад у мора сарваўся, я вырашыў быў ехаць яшчэ да аднаго тыпажа, на Эгершэльд, каб пісаць аб ім, але да абеду часу ўжо было мала, і я паехаў у музей Арсеньева. Цікавы музей. Трэба будзе абавязкова схадзіць туды яшчэ, на больш доўгі час. Дзівосны краязнаўчы аддзел, мора і тайга. Гістарычны мог бы быць лепшы. Зусім мала, напрыклад, аб Бахайскім царстве. Аддзел сучасны, як звычайна, самы шэры і сумны з усіх.
Ну вось, вярнуўся дадому і тут, урэшце, выбухнуў скандал з трохдзённага мёртвага маўчання. Скандал да таго, што “людзі твайго паходжання так не робяць”, “не падабаецца – перабраўся б ты адсюль” і г.д. <���…>
Я таксама спачатку крычаў, што маё паходжанне, паходжанне маёй маці не чапай, бо я ягонае таксама не чапляю. Урэшце ўзаемна папрасілі прабачэння за грубасць: яны за ідыёцкія жарты і за тое, што лазілі ў стол, і за прапанову перайсці з пакоя; я – за словы, што буду “замок ад іх вешаць”. Памірыліся, выпілі нават, а цень усё адно застаўся. Чорт пабірай, няўжо гэта ўсё ж такі “кожны памірае адзін”. А можа, гэта і сапраўды так?
Пайшлі на пляж, там яны знайшлі знаёмых, а я пайшоў дадому, глядзеў “Зачараваны востраў”. Здымкі цікавыя, але фільм – без цара ў галаве. Ні ідэі, ні адзінага стрыжня, ні патаемнай паэзіі – нічога. Калі спусціўся з кіназалы ў свой пакой – іх не было, але яны заходзілі. Рыгор прыйшоў уначы.
Раніцай прачнуўся, не хацеў нікуды ехаць. Хай сабе Зайцаў едзе на базу без мяне. Але ён праязджаў трамваем раней, сышоў, пазваніў, і я вымушаны быў ехаць з ім у бухту Уліс.
Ціхая бухта, яшчэ не абдзёртыя сопкі, няпахнучыя прыморскія кветкі. Падыходзім – і раптам белае воблака, ці то дым, ці то пыл, вартавыя ў процівагазах, рухаюцца дэгазацыйныя машыны, людзі ў супрацьрадыяцыйных касцюмах. Змываюць “попел” з чаўноў і тральшчыкаў.
І трывожны крык падыходзячай субмарыны.
…Гаварыў там са старшыной Пеставым. Цікавы чалавек. Пасля паехалі з Зайцавым дадому, пілі піва ў харошым рэстаранчыку “Прыбой”. Яго ўпрыгожвалі кветкамі (і з густам, вось што дзіўна!) для нейкага маладзёжнага вечара.
Прыехаў. Хлопцы паехалі сяго-таго ўзяць і не вярнуліся. Усё ж кожны сам па сабе – адзін, відаць, я, дурань апошні, за ўсіх.
Наступны дзень, учарашняя субота, добра, здаецца, давёў гэта. Раніцай з’ездзіў у рэдакцыю – ганарар будзе толькі ў панядзелак. Прыехаў дамоў, напісаў нарыс аб У. Пеставе, карацюсенькі. А пасля давялося выручаць хлопцаў з іх пазаўчарашніх прыгод. Дапамог Зайцаў – іначай не ведаю, як бы і выкруціўся. <���…> Урэшце, чорт з імі. Сарваліся, як з ланцуга, а мне тут не развага, а хутчэй адпачынак ад свайго мінскага жыцця. Ды й грошай мала. Толькі што маральна бывае нявесела. І таму вырашыў – не ведаю, як атрымаецца, – што таксама не буду вельмі ўжо распінацца. Атрымаю сёе-тое – паеду сам шукаць прыгод, знайду, з дапамогай Валеркі, сейнер, выйду з рыбакамі, з’езджу на Пуцяцін і ў нейкія бухты, у Кедравую Падзь. Выпіць я й дома магу, і чаго тады было ехаць сюды, калі нічога й не паглядзіш.
Яшчэ ўчора пачаў апрацоўку “Адной з многіх”, але зрабіў мала. Не варыла галава, то пайшоў да матросаў на “Інспектара інкогніта”. З найлепшымі намерамі фільм, але выкананне шмат у чым прымушае чакаць лепшага. Ды і схожасць з “Рэвізорам” раздражняе. Гэта не “Паліто” і не “Белыя ночы”. А ўвогуле фільм нішто.
Сёння зрабіў, урэшце, “Адну з многіх”. Уласна, перапісаў апавяданне нанава. І стыль, і вобразы зрабіў, і характары. Заўтра дам яму прачытаць, пасля адвязу яго і нарыс у рэдакцыю і здам на машынку, вазьму ганарар і сустрэнуся недзе з хлопцамі. Яны за гэты час зойдуць у крайкам наконт камандзіровачных, а пасля разам зойдзем на радыё і тэлебачанне.
Читать дальше