Пасека – дзіва. Тайга вакол. Добры імшанік, добры, залаты гуд пчол, вуллі, пёс, які абыходзіць іх бокам, запабягае, ведае, чым пахне. Сотавы мёд, над якім пчаліная кісяя і каламутная мацнейшая медавуха. А вакол сонечны змрок. Пасечнік Лось – беларус па бацьках, быў паляўнічым, майстрам-рыбаловам, шукаў і ведае месцы, дзе жэньшэнь, некаторы час быў нават рахункавод, сапсуў вочы (за шэсць год на пасецы яны адышлі, бачаць па-ранейшаму). Цікавы чалавек, набіў шмат мядзведзяў, якія хацелі тут гасцяваць.
Вечарам былі на ўлазінах. Добра гульнулі. Хлопцы начавалі ў гасцініцы, а я, хаця ложак быў, не хацеў, спаў у машыне. Стаяў над Сіхатэ-Алінем у здаровым холадзе месяц.
Раніцай агледзеў адзін старажытнае Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск, знялі там, што трэба, паехалі роўняддзю на Усурыйск. Павячэралі ўсухую ля рэчачкі пад Чортавым перавалам.
Ехаў дзіўна спакойны. Чырвоны захад. Сопкі сярод палёў.
Пасля і захад стаў згасаць. Вісеў над ім серпік Венеры. Прыехалі ва Уладзівасток уначы.
13 нікуды не пайшлі, 14 былі ў рэдакцыі, пасля быў на моры, пасля троху працаваў.
У сераду зрабіў сякія-такія пакупкі, мыў сёе-тое (салдатчына), схадзіў на карабель ЦЛ-90 і ўзяў там матар’ял. Папярэдзіў у рэдакцыі, што буду пісаць яго ўдома, і пайшоў на мора. Было спачатку сонечна і ціха. Пляж флоту, таму людзей вельмі мала, прылівамі і на кароткі тэрмін.
З пірса і вышкі глядзеў у ваду, заўважаў марскіх зорак і ныраў за імі. Спакойная зеленаватая вада, водарасці. Нацягаў штук 16, вычысціў іх і толькі тады задумаўся, а куды я гэта падзену. Сырымі панясеш – абломіш. Тут, на шчасце, рэдакцыйны мастак, харошы хлопец. Паклалі зоркі ў яхтавым памяшканні, і ён, чэмпіён краю, прапанаваў мне пахадзіць.
Да гэтага часу ўзняўся вецер. Распрануліся, селі, пайшлі. Валы вышынёй ледзь не ў два чалавечыя росты, зялёныя з пенай, шкарлупінка скача, нясе яе з нечалавечай хуткасцю, увесь час абдае патокамі салонай свежай вады і ветрам. Даводзіцца выліваць ваду цераз кокпіт. Прыгінаешся – гік плыве над галавой, навальваешся на борт, ляціш – гэх, жыццё!!!
Соль на мне ўначы (не абмыўся) нарасла ледзь не слоем. А тады прайшлі вельмі многа, ды й рушылі ў “Лотас”, дзе трохі закусілі і выпілі за салоную купель. Ён у рэдакцыю, а я павячэраў, ды й дадому.
Учора складаў план артыкула, прасаваўся, напісаў лісты. Шрымсаў купіў, і мы з імі расправіліся. Вечарам добра выступалі перад матросамі.
Сёння ўстаў рана, напісаў артыкул, і вось (зараз амаль адзінаццаць) хлопцы пайшлі ў рэдакцыю, а я зараз складаю рэчы і выбіраюся на дзень-два ў запаведнік Кедравая Падзь.
18 верасня. Субота
Кедравая Падзь
Вось я і тут. Другі дзень.
Учора пайшоў, купіў сёе-тое ў дарогу, загрузіўшы рукзак, узяў білеты (было маленькае непаразуменне, бо прапіскі няма, а зона блізкая да мяжы), паабедаў у вакзальным рэстаране, сеў у электрычку і пакаціў. З 13 да 14.49 ехалі ледзь не прыгарадамі, у Баранаўскім вылез і чакаў. Цягнік Усурыйск – Хасан спазняўся. Спёка. Маленькая станцыя. Сопка з выразаным, як кавун, чырвоным па зелені, бокам (здабывалі з былога вулкана туф).
Паехалі ўрэшце. Піў піва з кетой, седзячы ля акна. Ва ўсім адчувалася блізкасць Карэі: мора, сухія травы, сосны на голых сопках. Вылез у Прыморскім, а тут дурні мне параілі, што трэба праехаць яшчэ адзін прыпынак, да ст. Кедравая. Паехаў. Вылез. Малюпасенькая станцыя, пара домікаў, проста з цягніка раздаюць лісты. І …трэба-ткі было вылезці ў Прыморскім. Шчасце, што знайшлася дрызіна. Сеў з рабочымі хлопцамі, закурылі, паімчалі назад, у сопкі. Высадзілі яны мяне раней, паказалі сцяжыну, пайшоў я па ёй да чыгуначнага “вугольніка”, пасля нязручнымі шпаламі, пасля дарогай. Густы, у палец, пыл на ўсім. Пасля ён знік, павеяла холадам. Ужо думаў, што не той дарогай іду, калі надпіс. Падумаў, што “граніца” гэта не мяжа запаведніка, а ўвогуле мяжа забароненай зоны. Было не па сабе.
І вось некалькі хатак у распадку, дзве лайкі ля дома дырэктара. Адвялі на начлег. У хаце арнітолагаў, што выехалі на Амур сачыць за пералётам, жыве лавец матылёў з Харкава Лісецкі А.С. Размясціўся добра, на канапе, укрытай шкурамі. Мякка, цёпла. Хата ўтульная, толькі без гаспадароў запушчаная. Уначы лавілі матылёў на святло. Ляцелі, сядалі на прасціну цені. Соўкі, маціцоўніцы і вялізныя, нявыказнай прыгажосці “блакітныя ордэнскія істужкі”.
У маім пакоі, акрамя канапы (над ёй рогі казулі з біноклем і фотаапаратам), стол, дзве кніжныя шафы, карта Прымор’я.
Читать дальше