Варыў юшку, разбіраў надзертыя галінкі. Тут і “калючы жэньшэнь”, сваяк ягоны, элеўтэракок, і калапанакс, і гарэх, і вінаград, і акантапанакс скупчанацветны, чорныя ягады разам. Шкада, што нельга зрабіць добрага гербарыя.
Пасля склаў усе рэчы, пасядзеў пад высокімі зорамі, заснуў.
Учора ледзь не праспалі. Н. так і не ўдасужыўся з вечара разабраць расліны. Не сталі яго чакаць, паехалі двох. Машына запаведніка даставіла нас толькі да паграншколы. Далей шафёр не мог: восем дзяцей трэба ў школу завезці. З паграншколы падкінуў да Перавознага сімпатычны шафёр-пагранічнік. Думалі, што спознімся, ляцелі па беразе, па прыбойных лужынах (ляцела вада), па жвіры.
Але марскі катар спазніўся. Урэшце прыйшоў. “Алмаз”. Узышлі на яго і прастаялі на носе ўсе паўтары гадзіны. Аддаляюцца берагі. Стаяў, глядзеў на Падзь, успамінаў, як напярэдадні вечарам гаварыў з дырэктарам. Не хацелася яму мяне адпускаць. Гаварылі і гаварылі аб лесе і яго лёсе, аб запаведнай справе, аб ролі мяжы ў тым, што звер мае дадатковую магчымасць захавацца, бо пагранічнікі хаця і палююць (гэта ім і філармонія, і тэатр, і вялікі горад), але не так, як было б, калі б туды кінуўся люд. Расказаў шмат цікавага. І вельмі запрашаў на будучы год да сябе. “Мы з вамі правядзем цудоўную восень. З пагранічнікамі паходзім, можа, на звера. Хутка тут пачнецца ў тайзе такая феерыя”.
І сапраўды трэба было б паехаць. Здаецца, заразіўся ўсім гэтым буянствам некранутай натуры. Стаяў на палубе, і шкада было.
Свежы вецер, валы коцяцца, усплёскваючы белымі грабянцамі, струмень адкідае ад бартоў шматлікіх медуз, паступова з дымоў устае Уладзівасток. Пачынаецца зноў гарадская нудная важданіна. Дальбог, уцяку.
Увесь дзень прыводзіў сябе ў парадак. Пасля абеду пайшоў у рэдакцыю, здаў матар’ял на машынку. Увечары папрасаваўся, памыўся, сцёр бензінам смалу, лісты сякія-такія напісаў.
Ну вось якраз скончыў. Пачынаецца дзень.
4 лістапада. Чацвер
Рагачоў
Усё гэта ўрэшце пачынае быць падобным не на дзённік, а на мемуары артылерыста Дэльвіга, напісаныя Рэпіным пад канец ягонага жыцця. Поўная гадасць. Ну, чорт яго бяры, абыдзецца.
Пасля вяртання з Падзі забілі яшчэ нешта каля пяці дзён. Хадзіў у рэдакцыю, пісаў розную лухту. Абрыдла ўсё да немагчымага. 25-га верасня ўвечары выехалі на Пуцяцін. Спачатку заліў, пасля гмах вострава Рускага, пасля мора. Усё грыфельнае, уздыбленае, усё ва ўзвёртах, як кракадзілава скура. Гэта калі ўжо лёг па правую руку востраў Рыкорда. І над гэтым графітавым морам ліловыя, як слівы на блюдзе, астравы. Сонца сядала. Урэшце ў свінцовым захадзе было яно ўжо як чырвоны мазок. Моцна давала вада, ля борта больш гучная, чым наводдаль. Патокі яе ляцелі на палубу. Усе схаваліся ў кают-кампаніі, а я так да ночы і прастаяў на палубе, бліжэй да левага борта.
А над дальнімі сопкамі берага вісеў радок бялюткіх хмар. Як вісячая паралельна мантыя з гарнастая, як лента, што вісіць ля верхняга абрэзу старажытных гравюр. Так і хацелася напісаць на ёй, што менавіта намалявана на гэтым пейзажы.
Ноч спускалася. Контур в. Аскольд быў цёмны, ляжаў у моры, як кіт. Гарэлі ў гэтага кіта вочы, два агеньчыкі. А над галавою, нібы ўскінуты кітом фантан вады, круціўся Млечны Шлях.
Маяк мігаў трошкі лявей. З роўнымі інтэрваламі. Даўно ўжо не бачыў я такога.
Пасля пачаў, бы ў фільме, набліжацца пуцяцінскі “порт”. Рэдкія агеньчыкі над прычаламі, розныя “дары мора” ў маслянай вадзе, востры пах водарасцяў, марской капусты, яшчэ чагосьці.
Вылезлі, пайшлі шукаць інтэрнат, пралазячы праз дрот. Знайшлі. І тут убачылі хлопца, сапраўднага вікінга. Ідзе, нясе за клюшню вялізнага краба. Пасля шмат бачылі такіх, а тут здзівіліся. Ногі таўшчынёй і даўжынёй з руку, моцныя клешчы (80 атм. сіла націску, паздароўкайся з ім па-англійску). Пагаварылі з хлопцам, была ў нас выпіўка і, як рэзультат, дамовіліся аб выхадзе ў мора і аб начлегу на МРС (малы рыбалоўны сейнер) -200. Прыйшлі туды, накіраваліся варыць крабаў у кацельную рыбакамбіната. Чакалі хвілін 15. Там размовы, смех, ядуць вараных марскіх ракаў. Зялёных.
Цягнулі крабаў за гарачыя клюшні, кідалі іх на стол, закусвалі імі. Пасля заснулі і прачнуліся ад грукату машыны. Наш сейнер з напарнікам пайшлі ў мора.
Як апішаш гэты дзень. Шэсць цудоўных хлопцаў, матарыст і капітан Шчукін. Не ведаю, дзе яны там былі, як яны да гэтага жылі, а тут было нам з імі дзівосна. Лёгкая гайданка, сетку расцягваюць між сейнерамі і ідуць паралельным курсам хвілін 45.
Читать дальше