Пасля абодва канцы замацоўваюць на нашым сейнеры (у наступны раз будзе гэта ў напарніка і ўлоў будзе ягоны), і пачынае працаваць лябёдка.
Вытравіць патрэбныя метры, сетку схопліваюць вяровачнай пятлёй, а вытраўленае грукаецца на палубу. Тады чапляюць сетку ля борта і зноў травяць, і зноў апускаюць новую порцыю з усім, што ёсць, з крабамі, з рэдкімі пакуль рыбамі, з аранжава-жоўтымі васьміногамі (дакранешся да яго падэшвай – прыліпне прысоскамі, як чорт).
І ўрэшце пад вадой узнікае жамчужна-блакітны вялізны куль, павісае над палубай, яго расшнуроўваюць. І лінуў на палубу паток: вастрамордыя мінтаі, камбала, цярпуг, марскі акунь, траска, бычкі (ёсць сярод іх з шарападобным пузам, завецца рыбакамі “дырэктар цырка”), чырвоныя марскія сабакі, што страшна зяваюць шчакастым грыбазвонным ротам – аж шкада іх. Тут марскія лісіцы, нейкія малінавыя яйкі, марскія ракі, дзівосныя марскія пеўнікі (абклеіў іхнія плаўнікі паперай, пачакаў, пакуль высахнуць, і такія яны цяпер прыгожыя стаяць у мяне).
Пачынаем сартаваць. Багарэц – палка з вострым цвіком – у руках. Наколваеш, б’еш цераз другую руку, і рыба ляціць у патрэбны загон. Ляпаюцца, як бліны, камбалы, круцяцца і падаюць за борт марскія зоркі.
Краба перакідаеш на спіну і цвіком трохі адхіляеш шчыток на ягоным жываце. Ікра, ага – самка. Хапаеш яе за клюшню і блінам у ваду. Няма ікры, шчыток больш пляскаты – ага, самец, хадзі, браток, у загон.
А над усім гэтым спачатку хмары, пасля сонца і хвалі. І танцуюць па гэтых хвалях, вырваўшыся з сеткі, шарыкі са шкла, паплаўкі сецяў. Радуюцца, што адарваліся, скачуць, блішчаць. Як маленькія блакітныя сонцы.
Так і скарадзілі мы мора. Разбяром чарговы ўлоў і сушым чарапашкі ў гарачым месцы на трубе. Або клею пеўнікаў, або памагаю кандзею рабіць юшку ці акуня.
Бяруцца галовы з часткай спіны, трымаюць іх у марской вадзе, пасля кладуць на жалезку – галава прасунута ў галаву. Да гэтага перац, трохі вады, трохі тлушчу. Астатняе пусцяць самі. Прыдатны для гэтага не ўсякі акунь. Затое дастанеш усяго пад падлівай, густой, карычневай. Возіш лыжкай, плюешся косткамі за борт, мачаеш хлеб. Рэдка так па-зверску еў, як тады.
Жартавалі з хлопцамі, працавалі з хлопцамі, але пра гэта, можа, і напішу. А над намі лёталі старыя белыя чайкі і гадавалыя карычняватыя.
Вярталіся, калі сопкі сталі ад сонца залатыя. Зноў троху выпілі, зноў спявалі песні.
А раніцай у лёгкім тумане, калі толькі нараджалася сонца, пайшлі берагам, купамі бурых водарасцяў на прыстань. А там і Уладзівасток.
Я сухапутны. Але там на караблі жыла сінічка – на носе. Яна знаходзіла сейнер, калі ён адыходзіў без яе. Чайкі за ёй гоняцца, калі яна ляціць над морам, а яна выкручваецца і …проста ў рубку ці на спардэк. Так і я шукаў бы, здаецца, і шукаў мора.
Апошнія дні былі днямі беганіны. Дакуманты, тое, сёе, гэта, экіпаж, здаваць формы, лісты на паштамт, зняцце з “давольствія”.
Урэшце, у ноч з 1-га на 2-е (ужо другога, бо ў 0.10), выехалі. Ехалі па мяжы лета-восені і зімы. То яна нас даганяла, то мы ад яе ўцякалі.
З Уладзівастока выехалі – амаль суцэльная была зелень.
2-га прачнуліся – горы-букеты: залатыя, барвяныя, зялёныя, жоўтыя, малахітавыя, лімонныя, іржавыя. Тунэлі. Амур і сам Хабараўск у ззянні дня, гарадкі Бірабіджана.
А 3-га раніцай – Гонжа. І – сняжок. Прыцярушаныя снегам піхты, лімонныя лістоўніцы. Увечары ў агеньчыках недзе пад Магочай, у гэтых агеньчыках ранняй восені такая была занесенасць да д’ябла, такая закінутасць. <���…>
Пад Прыісковай, 4-га, снегу як не было. Голыя сопкі. Шылка. На тым баку яе ў праменнях узыходзячага сонца бягуць па схілах, усё з аднаго іхняга боку, ружовыя, светла-ружовыя бярозы. І сопкі, прыціснутыя каменнямі нагрувашчанымі.
5-га, у аўторак, бліснуў недзе далёка між дрэў Байкал. Распадкі дзівоснай прыгажосці і ружовая шэрань на зямлі. У Іркуцку ніхто не сустрэў, невядома чаму.
І пайшлі станцыйкі. Як і дагэтуль, куплялі бульбу, салоныя грузды і рыжыкі ў слоіках, хлеб і іншае.
У Зіме з яе дужа “р-рюскім” вакзалам купілі чаромхі, і я ўспомніў гады вайны, інтэрнат і Урал. Які я ўсё ж стары.
Наступнага дня ў Марыінску былі яшчэ жоўтыя сям-там бярозы, а пад Новасібірскам паваліў густы снег.
Затое 7-га зноў гарэў бярозавы пажар і быў слуп Еўропа-Азія за Свярдлоўскам, а калі быў сняжок, то лёгкі, як пудра. Былі то мае мясціны часоў вайны. Нават станцыя адна называлася Ірэнская. Глядзеў, і ўсё мне здавалася: вось убачу, хаця і ведаў, што дурасць. Месцы тыя ад чыгункі – ісці ды ісці. А ўсё адно падобна. Рака зялёная, бо ў ёй перакінутыя горы, з рэдкім золатам бяроз. І скалы над лесам.
Читать дальше