Восьмага праз Яраслаўль прыехалі ў Маскву, я толькі паспеў схадзіць на курсы, а ў 15.30 катанулі мы ўжо на Мінск. У гадзіну ночы з хвілінамі былі ў Мінску.
Валя стрэла нас, на нейкім прыватным РАФіку паехалі па дамах.
І вось пасля зноў пайшлі шалёныя дні. Да Скварцова, да Бычкова, у студыю, на радыё. Адзінае, што было цікава, хаця “ўнутрана” і спрэчна, гэта даклад Зайцава ў суботу, 16-га. “Сусвет і розум”. А пасля зноў: выступленне па радыё, грошы, плата за кватэру, за тэлефон, падпіска на часопісы, заплаціць машыністцы.
26-га – не, пазней гэта было. Чысла. Не помню, урэшце – сустрэліся на кватэры ў Скварцова я, гаспадар, Рагнеда [20], Бычкоў, Паўлёнак, Забалоцкі [21]. Паўлёнак, па-мойму, пабойваецца ставіць у такім выглядзе, Бычкову на сцэнар начхаць, і хоча ён ставіць “Сірано дэ Бержэрака”, ды не хоча пакрыўдзіць старога настаўніка, які адзін не паставіць. Ну а мы трох біліся плячо ў плячо.
Бычкоў даводзіў, што яму пляваць на праўду гісторыі, на праўду народную, на ўсякія праўды – абы была праўда жанру (як быццам яна можа быць без іншых). Словам, патрабавалі замест трагікамедыі вясёлае “ля-ля”. Чаму трэба бурыць тое, што прыдумаў другі. Узяўся – шануй, значыць, спадабалася. А калі не падабалася так, то чаго браўся? Да чаго гэтыя варагі з іхнім бачаннем і са словам канстанціраваць (не, не канстанціраваць, а нейкае другое слова, але такая самая пачвара, ніяк не ўспомню, ты непрыкметна паправіш, а яны зноў, ты ясна паправіш, а яны зноў) абрыдлі мне. Пляваць ім на ўсё на свеце. І больш нічога.
Палаяліся ўшчэнт. Толька сказаў, што пры такім поглядзе ён здымаць не будзе. Я ўжо толькі ўзяўся за галаву і сказаў Паўлёнку, даволі ўрэшце ціха: “Няўжо вы не разумееце, што калі мы так здымем, гэта будзе сорам, сорамна, сорам?”
Пакуль паладзілі на тым, што сядаю і пішу, як хачу, максімальна ўлічыўшы ўсё. А адну сцэну зраблю ў двух варыянтах. А я зраблю, як бачу. Раз такое – не маю права адступаць. Тым больш што Бычкоў, здаецца, рад мільгануць у хмызы, скарыстаўшыся са спрэчкі. Чорт з ім. Не працую больш у кіно. Буду, калі спатрэбяцца грошы, рабіць кароткаметражкі або фільмы для тэле – і ўсё.
27-га ў 15.30 была сустрэча ў Акадэміі. Абмяркоўвалі “Каласы”. Абмеркавання, уласна, не было, а хвалілі. Так хвалілі, што круціўся, як на патэльні. Лупілі Герцовіча [22], а ён у больніцы, і няварта было б гэтага рабіць. Шкада. Пакрыўдзіў Бог розумам, талентам, смеласцю. Напалохалі раз, то ён “даводзіць” цяпер, хаця ніхто ад яго гэтага не патрабуе. Было шмат людзей. Паўліна Мядзёлка была. Сказала, што як быццам знайшла сына. Словам, абое ледзь у прэзідыуме не праслязіліся. Выступалі Паўлюк Дзюбайла, аспірант-гісторык Андраюк, цудоўны Пшыркоў, Місько, Зайцаў, які сказаў, што трэба мне думаць аб заўтрашнім дні і мець цвярозую галаву, гісторык Біч, філосаф Махнач, мовазнаўца Шушкевіч, Лявон Баразна, Конан, Сушынскі. Баюся, што трохі пашкодзілі, могуць сіх-тых насцярожыць. Але бог з імі, усё добра як добра, тым больш, што Луфераў спусціў усё на тармазах. Выступіў і я. Сказаў аб пачуцці адказнасці. І гэта так. Нельга больш гуляць жыццём у цыркі.
2-га лістапада ў гадзіну дня паехалі з маці ў Рагачоў. Панылыя палі, тарфяныя балаты, рэдкія і скупыя пад вечар агеньчыкі, а я рад, што вырваўся. Не хацеў на святы шмат піць – ну яго. Прыехалі вечарам, пасядзелі, ляглі спаць, і наступнага дня я не адразу дадумаўся, дзе я, а калі зразумеў – пачуццё радасці. За вокнамі пачынае днець, устае халоднае сонца, паліць вада з насоса. Шкада, што няма тут Адама [23] (ён, на жаль, паехаў у Радашковічы) ці Янкі [24]. Як бы яны ўзрадаваліся. А так я толькі напярэдадні ад’езду, ды не, 31-га, пасядзеў у Адася, пагаварылі, развіталіся. А шкада, што ён не бачыць гэтага.
Зямля чорная, неапалімыя купіны жоўтых парэчак, на дрэвах толькі самыя маладыя, сёлетнія лісці яшчэ трымаюцца, на паласе заранкі магутныя голыя ліпы.
З раніцы пайшоў на Дняпро, лавіў, але хаця б разок клюнула. Сышло лецейка. Давядзецца паспрабаваць сакам. Пасля ўвесь дзень пісаў лісты.
Сёння лісты ўсе скончыў, схадзіў у горад і кінуў іх, купіў пару кніжак і зрабіў гэты запіс. Шкада, што сонца з’явілася толькі а другой палове дня, а раніцай крапаў дождж і сапсуў нам паляванне. А як добра было б ісці па іржышчах з сабакам, і каб вецер свістаў у рулю стрэльбы, а вакол голыя лясы. Нічога, нідзе не дзенецца.
Заўтра пастараюся напісаць эсэ для “Маладосці”.
Зараз позна ўжо. Цемра за акном. Зноў, відаць, збіраецца на дождж, і хаця адчуваю сябе не дужа здаровым – шчасце поўніць мяне.
Читать дальше