“Думаеш, фільтрацыйна-папраўчы лагер лепш?”
Я сказаў, што, вядома, не быў там, але чуў пра яго шмат жахлівага.
“Платон часткова прайшоў праз тое пекла. Яму ўдалося ўцячы.”
Вось яно як, падумаў я. Пэўна, Ёхан Цынк спрычыніўся да тых падзей, няйнакш, але вырашыў даведацца пра ўсё потым.
Я перавёў гутарку ў іншы бок і пацікавіўся ў Мойры, ці чытала яна калі-небудзь кнігі, і калі чы-тала, то якія.
“Так, — адказала яна, — я люблю паэзію і нават часам сама спрабую нешта сачыняць, і мне трапляліся на вочы адпаведныя артэфакты, бо зараз кнігі нішчаць, і прыгожым пісьмом, пэўна, ніхто сур’ёзна не займаецца.”
“Не думаю, — аспрэчыў я, — сапраўды, як калісьці казалі, гэта адзіны від дзейнасці, які дазваляе ў грамадстве спажыўцоў не зарабляць ні граша, не рызыкуючы стаць пасмешышчам, але ўпэўнены, што ўсё роўна таемна кнігі пішуць.”
“А жывапіс? — дадала яна. — Хіба не гінулі ўвесь час у невыноснай галечы вялікія мастакі і вялікія паэты? Няўжо грамадству так цяжка пракарміць гэтых нешматлікіх свяшчэнных скарабеяў?”
Мухам заўсёды будуць нянавісныя павукі, — нявесела ўсміхнуўся я і спытаў: — Дык гэта ты стварыла той самы тэкст пра Эдэм і закінула ў Сеціва, каб потым пераадрасаваць мне?
“Хіба ты не зацікавіўся?”
Раз-пораз я не забываў сачыць за дарогай, бо адгэтуль лічыць сябе ў бяспецы не выпадала, тым больш, што я ўжо быў адказны за жанчыну, якая так нечакана даверылася мне. Засцярога мая не была беспадстаўнай, бо заўсёды існавала верагоднасць нарвацца на бадзяжную банду. Такія банды — звычайна з трохчатырох узброеных чальцоў — цяпер можна неабачліва сустрэць у самых нечаканых месцах: не только на шашы, а і на гравійцы.
Бандыты атакавалі адзінокія ма-шыны, каб завалодаць грузам альбо абрабаваць уладальнікаў аўто і пасажыраў, якіх, як правіла, не пакідалі жывымі. За межамі Мегаполіса паліцыя ўжо даўно не магла даць ім рады.
“І часта ты бываеш у горадзе? — праз паўзу спытаў я ў Мойры. —
Гэта ж рызыкоўна.”
”У мяне ёсць некалькі падробленых даведак, якія даюць дазвол на разавае прабыванне. Толькі цяпер мне трэба засцерагацца, бо яны ўжо сканіравалі з тэлекамер выявы ўсіх падазроных: у гатэлі мяне бачылі разам з Платонам, хоць я і закрывала твар. Урэшце, тут нас наўрад ці падслухоўваюць — зірні, мы едзем пакуль у адзіноце.” “У паселішчы ў цябе ёсць якія блізкія?” “Не. Акрамя сяброў-аднадумцаў. Цяпер будзеш ты.”
А мастак, які распісвае храм, чамусьці хацеў задаць я недарэчнае пытанне, але прамаўчаў.
“Ты любіла Платона?” — замест гэтага не вельмі тактоўна спытаў я.
”Ён быў мне нібы за брата. Паміж намі існавала і плоцевая сувязь.”
“Не варта за яго помсціць. Ты павінна нараджаць дзяцей і забыцца на астатняе.”
Мойра сумна ўсміхнулася, няўцямна паціснула плячыма і загадала мне звярнуць з бальшака. Мы нейкі час ехалі па брукаванцы, якая, пэўна, налічвала больш за сто год, мінулі невялікі ўчастак змешанага лесу з засохлымі, хворымі вершалінамі соснаў, і раптоўна перад намі паўстала паселішча.
“Новы Эдэм,” — сказала Мойра.
3.
Сапраўды, будучыня павінна пужаць нас яшчэ больш, бо самыя вялікія дасягненні цывілізацыі, якімі сёння там-сям па-
ідыёцку радуюцца і ганарацца — гэта працэсы, што няўмольна разбура-юць тыя грамадствы, у якіх яны адбываюцца. У наш час матрычны распад рэальнасці разарваў адзіную мапу свету на мноства альтэрнатыўных і змяшаў шматлікія этнасы і культуры, што фа-тальным чынам адбілася на ўсёй былой тэхналагічнай магутнасці Еўра-атлантычнай цывілізацыі. Па меры набліжэння сістэмы да катастрафічнай мяжы няўмольна павялічваліся як спантанныя гайданні ўнутры яе, так і сама хуткасць руху, і прыйдзе час, меркаваў я, калі ўсё пяройдзе ў стан хаосу, хоць сітуацыя можа на кароткі перыяд і стабілізавацца, што і адбылося цяпер. Стабілізацыя раздзяліла мегаполісы і стварыла побач з імі прымітыўныя прамысловыя сельскагаспадарчыя кластэры: кампактныя месцы пражывання, адным з якіх і быў Новы Эдэм.
Паселішча, якое размяшчалася ва ўзгорыстай (што рэдкасць для гэтага рэгіёна), амаль абязвод-жанай, акружанай звалкамі мясцовасці, налічвала каля дзесяці тысяч чалавек. Акрамя некалькіх дзесяткаў высланых — накшталт мяне альбо Мойры, нябожчыка Платона і яшчэ невядомых мне асоб, за якімі вялася пастаянная адсочка, тут пражывалі, займаючыся разбоем, папрашайніцтвам, альбо прымітыўнай працай на лічаных невялічкіх фабрыках і фермах, а таксама на сельскагаспадарчых угоддзях, як нешматлікія аўтахтоны, так і самыя розныя экзэмпляры чалавечай пароды, дасканаласць якой апынулася ў апошні час, насуперак афіцыйнай прапа-гандзе, пад вялікім пытаннем.
Читать дальше