І ўсё ж немінучасьць ранішняга ад’езду дадаткова ўзмацніла адчуваньне таго, што гэты дадзены мне час, нібы ў праскім аповедзе Борхэса, незваротна скончыўся. Хопіць, маўляў, колькі можна, пабавіўся дваццаць гадоў — дай іншым пабавіцца. Усё папярэдняе было толькі шчодрай адтэрміноўкай. Рэальнае жыцьцё настане толькі зараз: болей ніякіх палёгкаў. Няўжо ты мог лічыць папярэднія цяжкасьці сапраўднымі цяжкасьцямі? А яны былі яшчэ адно цьветам! Гульня перайшла на якасна новы ўзровень: усе твае хаўрусьнікі табе здрадзілі, нібы змовіўшыся, ув адначасьсе. Якія хаўрусьнікі? Хіба ў цябе былі хаўрусьнікі? Вядома! Ты ж можаш назваць іх сам, пайменна: вунь яны паціху дагараюць, твае ўлюбёныя кнайпы й кавярні (іх яшчэ Кант лічыў апірышчам асьветніцтва й дэмакратыі!), месцы сустрэчаў з дарагімі табе людзьмі, і ў першую чаргу, натуральна, з сабою — ах, які субутэльнік памірае — ды ўласна, памёр ужо — ува мне! І на зьмену яму нешта ніхто не прыходзіць, ніхто ў табе не нараджаецца: ні інтэлектуал, ні бізнэсовец, ні грамадзянін, ні сем’янін, ні хто заўгодна. Марнаваньне жыцьця, як выглядае, было тваім адзіным талентам.
Што ж, неўзабаве ты ўрэшце зразумееш, што для такіх як ты значыць цяпер Эўропа: доўга падбіраць рыфму не давядзецца. Твая ўлюбёная казачная Багемія, афіцыйна нядаўна абвешчаная, ці ня дзякуючы ўжо самой тваёй прысутнасьці, «найбольш дэкадэнцкай эўрапейскай краінай», з наступнага году перастае існаваць, зноў ператвараючыся ў пратэктарат — гэтак пастанавілі сур’ёзныя дзядзькі ў Мюнхене, то бок у Бэрліне, то бок у Брусэлі. Неўзабаве замест цябе з гэтага месца зноў будзе глядзець на Прагу, як у трыццаць дзявятым, партайгеносэ Гітлер — некурэц, вэгетарыянец, стваральнік Новай Эўропы і наагул візіянэр. Цяпер ты з сваімі шкоднымі ўсёй плянэце звычкамі будзеш хавацца, як пацук, па кватэрах знаёмых, а на людзях насіць жоўтую зорку недачалавека! — акурат пад колер зубоў.
Ну і буду — хрэн зь імі, з вашымі зоркамі й нюрнбэрскімі законамі. Змагайцеся, змагайцеся сабе з курцамі, кавярнямі, беспрытульнымі, голымі дзеўкамі ў часопісах, людзкім прастамоўем і іншым дэкадэнцтвам, раз вам ужо няма болей з чым змагацца і да ідэальнага грамадзтва бракуе толькі аднаго — як той казаў, вымяняць народ за іншы. Хай на маё месца прыйдуць тыя, што сумленна працуюць, не крадуць, веруюць, не жартуюць, жывуць паводле прынцыпу купі-прадай і займаюцца спортам. Я абсалютна перакананы, што яны, скуль бы яны ні паходзілі, ёсьць у новым кантэксьце лепшымі эўрапейцамі за мяне. Дый якая розьніца, адкуль яны паходзяць? Радзімы няма ні ў пралетарыяў, ні пагатоў у буржуяў. Калі вываз так званай дэмакратыі ў рэшту сьвету, у адрозьненьне ад глябальнага насаджэньня капіталізму ўсімі сродкамі ўлучна з вайной, пацярпеў на ўсіх кірунках паразу — то якое дзіва ў тым, што вываз пайшоў у зваротным кірунку і стаў увозам, паводле прынцыпу бумэранга? Таму калі ласка — захлыніцеся сваёй рээкспартаванай працавітасьцю, прадпрымальнасьцю, талерантнасьцю да неталерантнасьці, паслухмянасьцю, якая так квітнее асабліва пры таталітарызьме (той цудоўна, як аказалася, спалучаецца з самым дзікім і дзікунскім капіталізмам — о, гэта ў мяне, напэўна, і насамрэч на гэтым сьвятым месцы ўсяліўся Бонды!), атрымайце сваю масу «лябораў», як мусілі сьпярша называцца робаты, — а разам зь імі і тыранію Прыбытку, Сэрыйнага Вырабу (у тым ліку саміх лябораў), Неабмежаванага Росту й Спажываньня...
Якая мне розьніца, хто будзе засяляць гэтую геаграфічную вобласьць? Чаго мне шкадаваць? Можа, архітэктуры? Як сьведчаньня нейкіх лепшых часоў? Лепшых? Мы даўно не заслугоўваем такой архітэктуры. Найлепшае люстэрка нас саміх — гэта нашая сучасная архітэктура, прычым люстэрка ў літаральным сэнсе: яна, як тая новаўзьведзеная ў цэнтры Прагі рухомая Галава Кафкі, зьзяе на сонцы, вабячы нашыя сарочыныя вочы бляскам сваёй паверхні, якая ёсьць сапраўдным адлюстраваньнем нашай уласнай павярхоўнасьці. Гламур, футурыстычны дызайн, стомленасьць гісторыяй, уся ўвага да саміх сябе, да тут і цяпер, да да-зайну, дада-зайну, да ды-зайну...
Калі дагэтуль мне было шкада сябе, то ў вечар перад ад’ездам упершыню — як гэта ні дзіўна — стала, пафасна кажучы, шкада Прагі. Дарма яна, паводле чэскай традыцыі, імкнецца быць «заходнейшай» за сам Захад — у сто разоў лепей было б наадварот... А так — і яна хутка канчаткова ператворыцца ў нудны й безаблічны, нішчымны айнтопф зь некалькіх моладзевых субкультур, кожная зь якіх глыбока перакананая ў сваёй рацыі й самадастатковасьці — адштурхваньне й прыцягненьне супрацьлегласьцяў скончыцца, электроны разьмеркуюцца па палюсах, і ніякага разраду між імі ўжо ня ўзьнікне. Мёртвы штыль у шклянцы кактэйлю! Тады ўжо ня толькі мне, але і ўсім падобным няўдакам давядзецца ўрэшце адмовіцца ня тое што ад пошукаў, але й ад самой уявы «свайго месца пад сонцам», свайго алефу, які, паводле маіх падлікаў і папярэдніх зьвестак з Майрынка, мусіў мясьціцца недзе тут, у самым цэнтры сусьвету, шамбале, амфалясе, у кожным разе — дзесьці паблізу майго ўласнага пупка... Ну і дзякуй богу — надта доўгі час занялі гэтыя пошукі. Экспэдыцыя скончылася не чаканым выбухам салюту, а пшыкам, заключэньне навуковай камісіі — філязофскага камню ня знойдзена. Што і патрабавалася даказаць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу