Спадарыня Марыя жахаецца і цікавіцца, дзе ж гэта адбылася такая жудасная гісторыя, тым часам як ейны муж вымушана сьмяецца з майго нібыта нявіннага жарту, а сам штурхае жонку нагой пад сталом — ну, хопіць ужо... Маўляў, хай я не крыўдую на іх за тое, што яны гэтак мяне затрымалі. Я махаю рукой — не бяды, проста мне ўжо зараз сапраўды трэба ісьці, а яшчэ перад тым, як закурыць, я хацеў бы ўсё-ткі атрымаць ад іх ключы...
52.
Я чышчу зубы над ракавінай, то бок перад люстэркам — што з увагі да іхнага гаротнага стану займае ў мяне чым далей, тым усё болей часу, — і, каб не глядзець сабе ў твар, гляджу на яго цень у сябе на грудзях, створаны лямпачкай, што зьзяе ў мяне проста над галавой замест Дамоклавага мяча. Формаю цень адпавядае ваўчынай храпе, зь якой чыясьці (таксама мая) рука няўдала спрабуе вырваць кіёк зубной шчоткі. Воўк кійка ўсё не аддае — упарта ня хоча рабіцца сабакам. Шэры трохкутнік ваўчынай пысы нагадвае гэткае дэкальтэ, толькі наадварот — яно не адкрывае, а прыкрывае сьсівелую поўсьць на грудзях. Гэткая сурвэтка, сьліняўчык, што заўсёды з табой, каб не аббляваўся. Лёбо, Осіта. Недзе я гэта чытаў. У форме падобнага трохкутніку ў тым жа «Асасіне» паказваюць на мапе ворагаў, якіх трэба пастраляць. Трохкутнікі водзяць сваім вострым носам направа-налева, вынюхваючы цябе, «героя». Вось і тут: варта павярнуць крыху галаву, і твой асабісты воўк таксама пачне вынюхваць кагосьці. Урэшце, і яго, як і мяне, знуджвае ў рукамыйнік белай вадкасьцю. Дондэ эста эль сапатэрыя?
Яшчэ нейкі час я з амаль жаночаю ўвагай пазіраю на цела, дзякуючы якому для мяне ня толькі існуе сьвет, але й я існую для сябе сам. Асабліва мяне прыцягвае шыя: ужо некалькі гадоў яе штурмуюць з усіх бакоў старэчыя болькі, з мэтаю, напэўна, дабрацца ўрэшце да галоўнага штабу мазгоў шляхам падступнага падкопу — прычым колькасьць удзельніках штурму ўсё нарастае, і па начах яны ўжо, напэўна, водзяць вакол маёй галавы карагоды, нібы друіды вакол сьвятарнага дрэва, якое спадзяюцца аднойчы сьпіліць. У мяне адчуваньне, што дагэтуль я ніколі па-сапраўднаму ня бачыў у люстэрку сябе — а заўжды толькі ўласны вобраз, сымпатычны або ганебны, але выключна вобраз, зь якім з ахвотай ці без і атаясамляўся. Цяпер усё наадварот, мой вобраз усё болей атаясамляецца з маім сапраўдным целам. Колішні саліпсізм неўпрыцям стаў салісаматызмам. Адбылося люстэркавае пераварочваньне люстэркавай стадыі Лякана: ня я прайшоў скрозь люстэрка, а мой люстэркавы двайнік выступіў зь яго і ўсяліўся ў мяне, схаваўшыся там ад маіх вачэй — а назад патрапіць ніяк ня можа. Замест яго цяпер у люстэрку жыве нехта іншы, чужы, стары, зваўчэлы, хворы, зь дзьвюма глыбокімі маршчынамі абапал носу — нехта, хто ніяк ня можа быць мной — але ёсьць, тым ня менш, сапраўднейшым за мяне — маім целам, пазбаўленым усякага ценю чалавецкасьці й надзеленым толькі ценем ваўчыным. Гэтае самае самотнае цела кагадзе распачало супраць мяне нежартоўную вайну: ультыматыўна забараніла мне цукар, алькаголь, кафэін, тэтрагідраканабінол, эфэдрын, халестэрын, сьцюдзёнае, гарачае, салодкае, усё, апроч жыцьцёва патрэбных яму апіятаў і апроч жыцьцёва патрэбнай мне пісаніны. Як у тым анэкдоце пра струпляка ў астрозе, што паступова выкідае скрозь краты пальцы, нос, вушы, якія ў яго адны па адным адпадаюць — а яму зайздросьцяць, што ён уцякае на волю, у лепшы сьвет... Незалежна ад мяне цела ўключыла рэжым самакансэрвацыі, гэткай прыжыцьцёвай муміфікацыі. Была б сапраўды мая воля, я б яму паказаў рэжым! — але ніхто маёй думкі ўжо не пытаецца, усё цяпер вырашае ваўчыны інстынкт: памры ты як чалавек сёньня, а я, тваё цела, заўтра... Маё далейшае існаваньне залежыць выключна ад літасьці пераможцы — ну, і яшчэ ад прафэсійнасьці дактароў. Пагадзіцца з такім рабскім становішчам азначае немінуча здрадзіць сваім «ідэалам» — то бок сваёй уяве пра сябе самога: лів фэст! дай янг! Карацей, што называецца — дажыўся! З гледзішча якога-небудзь сярэднявечча я ўжо і сапраўды старажыл, як і з гледзішча маіх дарагіх дзевяностых, хай за сьвятымі спачываюць...
Ніколі раней я не баяўся самоты — то бок ніколі не баяўся сябе, быў сам сабе найлепшым сябрам і суразмоўцам, іншыя мне толькі заміналі, нават выпіваць нашмат прыемней было ў адзіноце — але раптоўна нешта пераламілася, і я зразумеў, што заставацца аднаму мне надалей небясьпечна. Усё часьцей, і асабліва перад люстэркам, узьнікае жаданьне ўмазаць ваўку па пысе як мінімум. Невядома, чаго я магу чакаць ад сябе самога, раз ужо стаў сам сабе фізычна агідны, як і мая прысутнасьць у сьвеце, так званы да-зайн. Да часу супакойваюся прынамсі тым, што я ў гэтым ня першы й не апошні, то бок ані ў гэтай самабоязі, насамрэч, няма нічога асабістага, пагатоў арыгінальнага. Чалавек, напэўна, сапраўды ня створаны для таго, каб так доўга жыць для сябе й сам па сабе. Давядзецца навучыцца ўцякаць ад самоты. Вось толькі куды, не падкажаце? Чаму б не падказаць: наперад! Толькі наперад! У будучыню! — колькі б яе там ні засталося. Актыўней далучыцца да Дамбартэру й Балбатрансу! Сустракацца зь людзьмі, наведваць месцы! Перастаць запэцкваць усякай лухтой нататнік! Адарвацца ад кніжак! Заняцца сапраўдным спортам! Дапамагчы нам калектыўна выкупіць цябе з рабства! Прынамсі, на год-другі! Оўкей, дзякуй за параду... ды няма за што! Зь цябе дваццаць эўра! Прыходзь яшчэ! Толькі не турбуй нас, калі грошы праз пару гадоў ці ўжо месяцаў раптам скончацца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу