Адным словам, пасьля дзьвюх-трох гадзінаў бадзяньня я перастаю разумець: якога ражна я ў прынцыпе сюды прыцягнуўся? Ну так, Ціна, найвузейшая вулічка. Спадзяюся, за дваццаць гадоў прынамсі вулічка нікуды ня зьнікла. Але дзе яна — без паняцьця, павінна быць недзе тут, у чырвоным квартале, які я прайшоў удоўж і ўпоперак ужо разы тры, так на яе й не натрапіўшы. Ці то квартал разросься, ці то мая амнэзія заўчасна перарасла ў дэмэнцыю. Што да Ціны, то яна ж тады сама казала, што зьбіраецца неўзабаве кінуць найстарэйшае рамяство, а калі нават і перадумала — усё адно не магла затрымацца на адным месцы так доўга, дый ці бываюць наагул прастытуткі з такім доўгім працоўным стажам? Ну, была прынамсі адна, нейкая «Ля Бэль», чыя невялічкая статуя знаходзіцца побач з Старой царквой, у самым сэрцы чырвонага кварталу — але і ейная легендарная кар’ера, хутчэй за ўсё, ёсьць ня больш чым легендай, як і ейная прыгажосьць, калі меркаваць паводле скульптуры... Наагул, мой кранальны патаемны намер нападобіць у рэальным жыцьці сумесь Родзі Раскольнікава з тыповым таранцінаўскім героем зь фільму «Тру рамэнс» — ад пачатку да канца пафасны й безгустоўны, акурат таму што неарыгінальны, і нават калі б завяршыўся посьпехам, то меў бы шанец у найлепшым выпадку стаць усяго толькі пародыяй у духу Ўудзі
Элэна. Ну скажы шчыра, ты што, рэальна думаў ажаніцца з саракагадовай курвай? Галоўнае — не прызнавайся нікому, што маеш у кішэні сапраўдны, хай недарагі, пярсьцёнак, бо людзі сьмяяцца будуць, і курва ў якасьці першай — пайдзі цішком выкінь яго ў канал, падары старому жабраку, раз табе ўжо гэтак патрэбна выкупіць некага з рабства, а яшчэ лепей — занясі ў лямбард ці антыкварыят, ня будзь дурнем. Радуйся, што не дарма пражыў гэтых дваццаць гадоў, раз у цябе за гэты час зьявіліся грошы ня толькі на пярсьцёнак, але ўрэшце й на саму курву, хай не старую знаёмую (ты ўпэўнены, што маральна гатовы апазнаць ейны гадамі зьнявечаны твар?), а на маладую нармалёвую цёлку, напрыклад вось гэтую, якая, цалкам магчыма, і не адразу б выклікала на цябе ахоўнікаў ці санітараў, а для пачатку прынамсі выслухала б твой шчымлівы аповед, што мог бы яе, ніколі не кажы ніколі, нават па-чалавечы ўзбудзіць і натхніць на варты порна-Оскара ці твайго галімага пярсьцёнку акторскі выступ. З другога боку — ну што ўжо ў тваім аповедзе такога шчымлівага, што неяк адрозьнівала б яго ад іншых падобных аповедаў? Што дакладна павінна расчуліць у ім тваю слухачку — што табе сорак, ты даўбаёб, бяз бабы, сям’і, абстынэнт і да ўсяго яшчэ беспрацоўны? Ці можа тое, што ты ня можаш знайсьці дваццаць гадоў таму бачанай вуліцы, назвы якой тады не запамятаў? Ці што ў той час не было фсб і ўэб-кэмаў, каб магчы хоць да сьмерці сачыць за тваёй улюбёнай незваротна страчанай курвай онлайн, а не цягнуцца за ёю ў Амстэрдам? Ці што згаданыя дваццаць гадоў твайго жыцьця пайшлі кату пад хвост, быццам папярэднія дваццаць пад яго не пайшлі і наступныя дваццаць ня пойдуць? Дапамажы нам, падкрэсьлі патрэбнае. І галоўнае — ніколі болей ня блытай туалетную кабінку са спавядальняй.

50.
Такім чынам, мая паездка ў Амстэрдам скончылася так, як і павінна была скончыцца, безь сюрпрызаў і бяз грошай, хоць самому ідзі на панэль — я ж усё-ткі, як сумленны турыст, накупіў там нейкіх сувэніраў для праскіх знаёмых, прычым добрую палову зь іх з Ван Гогам, — а калі ўвечары вярнуўся ў Н., то перад мною ў форме літары Y зноўку востра паўстала пытаньне «на халеру ты сюды прыпёрся, калі ты ня п’еш, ня курыш і ня трахаесься». Па шчырасьці, была б мая воля — я зьехаў бы адсюль хоць сёньня ці заўтра, але нельга ж вярнуцца ў Прагу й тыдзень начаваць па сябрах, нягледзячы на ўсе сувэніры, пагатоў выгнаць з сваёй зайчыкавай хаткі маіх паважаных галяндзкіх гасьцей. Для таго, каб ісьці ў бар здымаць замест старых прастытутак маладых дзевак, я быў ужо пад канец дня надта стомлены й нерашучы, дый безалькагольнае піва мне ў гэтым ніяк бы не дапамагло — але ж амстэрдамскае фіяска толькі падкрэсьліла гэтую чыста фізыялягічную неабходнасьць, таму мая рука сама пацягнулася не да чэлесу (старэем), а да мабільнага тэлефону: я згадаў, што ў ім маюцца ажно два жаночыя тэлефонныя нумары, Тацьцяны і Імке, чые ўладальніцы знаходзяцца ад мяне (спадзяваймася) у дасяжным радыюсе ад двух да двухсот кілямэтраў. Першым маім памкненьнем, нягледзячы на досыць позьні час, было, вядома, пазваніць Тацьцяне, якую я, як яе ні круці, ведаю хай ня лепей за Імке, затое нашмат даўжэй — пра што, праўда, яна сама ўсё яшчэ не здагадваецца, — і спытацца, напрыклад, што яна робіць сёньня ўвечары ў сваім загараднім маёнтку ў мужавую (спадзяваймася яшчэ болей) адсутнасьць — можа, акурат чакае майго званка? А ці не схадзіць нам разам на якую-небудзь дыскатэку? Пажадана, на «дзевяностыя-рывайвал»? А мо проста пасядзець дома і спакойна паслухаць «НРМ»? Ну праўда, такі мілы чалавек, нават грошай зь мяне не ўзяла, як зь беднага беларуса, яшчэ й праз гэта я адчуваю згрызоты сумленьня — а ня толькі за тое, што ўтаіў ад яе сваю надта ж ужо сакрэтную ўтоеснасьць... Пазваніць? Назваць сваё сапраўднае імя? Раскрыць таямніцу нашага менскага знаёмства?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу