Дваццаць гадоў мне спатрэбілася на тое, каб урэшце зразумець, што я таксама ня маю ніякай будучыні — таму мне, напэўна, і згадалася Ціна. Па шчырасьці, каб ня гэтая згадка, я зусім не наважыўся б зьмяніць свой «пробны (траял!) статус» на Дамбартэры, зарэгіцца й канчаткова зрабіць выбар на карысьць паездкі ў Галяндыю.
Яшчэ ўвечары таго дня я набыў на чыгуначным вакзале ў Н. квіток да Амстэрдаму, паездку ў які пераконваў сябе дагэтуль адкласьці на як мага пазьней — аднак цяпер пастанавіў, што паеду туды ўжо заўтра. Усё адно ў Н. рабіць мне няма чаго.

47.
Некалькіх дзён у Галяндыі мне хапіла, каб прыйсьці да высновы, што дзьве найважнейшыя характарыстыкі цывілізацыі — гэта стаўленьне да сьмецьця й да грошай. У галяндцаў яно практычна аднолькавае. Вядома, усякія экзальтаваныя галадранцы й багатыя ўтапісты паўсюль схільныя лічыць грошы сьмецьцем, але ж тут, у пратэстанцкай краіне сярэдняй клясы, усё наадварот — абое разглядаецца як скарб. А скарбы трэба берагчы, памнажаць і не разбазарваць. Калі ты раскідваесься імі публічна, абы павыхваляцца сваім жыцьцёвым узроўнем, то табе павінна быць сорамна. З гэтай прычыны сьмецьце ў Галяндыі, як і грошы, знаходзіцца пад пільнай аховай: яго выносяць у зачыненыя кантэйнэры, што нагадваюць банкаматы й сапраўды адмыкаюцца карткай, аналягічнай з банкаўскай. (Ня ведаю, можа, у кожнага галяндца нават ёсьць нейкі асабісты сьмецьцевы рахунак — мяне б гэта не зьдзівіла.) На кожную вуліцу прадугледжаны прынамсі адзін такі банкамат — ніякі прыхадзень з суседняй вуліцы ў яго ня ўлезе. Сьмецьце, прызначанае для рэцыкляцыі (шкло, папера, плястык) арганізавана ссыпаецца ў гэткія падземныя сьвіраны, дзе працуюць мітычныя умпа-лумпы — часам можна нават пачуць іхныя галасы, а вось спроба зазірнуць у іхную кузьню можа каштаваць вам дорага, бо адтуліны ў сьмецьцевых баках, што вядуць у падзем’е, небясьпечна нагадваюць львіныя пашчы і зачыняюцца з той жа хуткасьцю. Звычайных, не забясьпечаных нейкім ахоўным мэханізмам сьметніц на вуліцах практычна няма — і пры гэтым пад нагамі няма ані самога сьмецьця! — што здаецца мне яшчэ больш загадкавым — папросту магічным! Дзе яно? Яны што, яго зусім не прадукуюць? Можа, яны яшчэ і ў прыбіральню ня ходзяць? Толькі аднойчы, у пятніцу ўвечары, я ўбачыў на ходніку абгортку ад гамбургера! — сьведчаньне шырокага пратэстнага жэсту анархічнай душы нейкага яўна нетутэйшага й нецьвярозага гулякі. То бок знайсьці тут кінуты бычок усё-ткі больш верагодна, чым натрапіць на страчаны цэнт — але ненашмат. Галоўнае станоўчае наступства такой сьмецьцегаспадаркі адно: надзвычай гаротнае становішча пастаўленых на мяжу выміраньня бяздомных і жабракоў, якім папросту няма дзе і ў чым корпацца! Хаця падазраю, што ў такой сытуацыі крытычнага недахопу сьметніц кожнаму зь іх выдзеленая нейкая адна, індывідуальная, да якой яны пэрыядычна ходзяць з чыстай звычкі, а не з практычнай патрэбы — і падчышчаюць, то бок чысьцяць яе задарма! Параўнаўшы сытуацыю з чэскай, можна вывесьці парадаксальную формулу: чым больш у краіне сьметніц — тым болей сьмецьця, а не наадварот! — і тым болей людзей, уважаных бальшынёю за сьмецьце. Ну чым не магічны рэалізм па-эўрапейску? Ведаючы гэты агульны закон, змагацца з выкінутымі на вуліцу людзьмі досыць проста: прыватызаваць грамадзкія службы, абмежаваць колькасьць сьметніц і доступ да іх — і бамжы неўзабаве зьнікнуць самі! Эўрыка!
Стаўленьне галяндцаў да грошай — гэта асобная, ды нашто таіцца — галоўная тэма. Перадусім, задарма ў гэтай краіне няма ні халеры. Ну, добра, гэта яшчэ па-капіталістычнаму зразумець можна — манімэйкінг мэйкс зэ ўорлд гоў раўнд зэ мані — але вяршыняю абсурду ёсьць тое, што тут з вас спаганяюць грошы нават за тое, што вы хочаце патраціць грошы! Гэтак, калі ў вас воляю выпадку няма дробнай купюры (да пяцідзесяці эўра) і вы паспрабуеце заплаціць у звычайнай краме сотняю ці дзьвюма, то ў вас іх ні ў якім разе ня прымуць, не разьмяняюць і ў выніку нічога вам лепей не прададуць, абы ад вас толькі пазбавіцца! Маўляў, столькі грошай ім на касе трымаць забаронена, каб не падахвочваць рабаўнікоў... Лухта! Насамрэч для іх чалавек, які носіць з сабою ў кішэні такія непатрэбна вялікія сумы, сам выстаўляючы сябе небясьпецы рабунку — горшы за рабаўніка! Усякі эксцэс тут — злачынства, няведаньне пра якое не вызваляе ад адказнасьці! Калі вам ужо так карціць патраціць дзьвесьце эўра, то чаму вы проста ня зойдзеце ў «Люі Вюітон»? Ня бойцеся, там таксама рэшты ня будзе — але там яна вам і не спатрэбіцца, затое вы з сваёй купюрай прынамсі будзеце выглядаць як сур’ёзны кліент, а не як пасьмешышча. Хочаце разьмяняць грошы ў банку? Забудзьце! — вы зь якога стагодзьдзя? Мы ў банках грошай даўно не трымаем! Найбліжэйшы банк, дзе можна разьмяняць гатоўку — у Францыі! Ёсьць, праўда, і ў нашым слынным горадзе Н. адзін абменьнік, на чыгуначным вакзале — але там разьмяняць свае мільёны вы зможаце толькі пасьля таго, як выстаіце даўжэзную чаргу, а калі яна будзе ўрэшце падыходзіць да вас і вы ад задухі яшчэ не самлелі, то самлееце зараз: за разьмен любой купюры з вас чатыры працэнты ад сумы! Колькі ў цябе там — ажно пяцьсот? Ну так, гэта ўсё, выбачайце, болей ужо няма... Ага! То навалі дваццаць эўра!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу