Да сёньня не разумею, як я наважыўся ўвайсьці. Дапускаю, што ў нейкі момант, ужо дастаткова прыручыўшы мяне, «матадора», дзяўчына зрабіла адзін з тыповых, нават не зафіксаваных маёй сьвядомасьцю загадных рухаў — кіўнула галавой, варухнула пальцам — і я падпарадкаваўся яму зь бяздумным даверам, які бывае толькі між даўнімі знаёмымі. Воляю ейных спрытных, пры гэтым надзіва тонкіх рук шкляныя дзьверы лёгка адчыніліся й адразу ж зачыніліся за мной — я павярнуў галаву назад і толькі тады ўсьвядоміў, што апынуўся ў поўнай цішыні, на тым баку люстэрка, па той бок дабра і зла, за мяжой усякай маралі, па-за крывадушнай прыстойнасьцю грамадзтва, якое кідала цяпер на мяне цікаўныя й нават больш пасьмешлівыя позіркі, чым на саму гаспадыню пакойчыка... Як гнюсна выглядалі людзкія твары з гэтага боку! Падобна выглядаюць тупыя дзеці-шкоднікі, што імкнуцца затаіць ад дарослых нешта відавочнае або зьдзекуюцца з слабейшага навічка. Яшчэ момант — і я сам, напэўна, пачаў бы лупіць рукамі й нагамі ў шкло, спрабуючы даць самым нахабным зь іх па храпе — уяўляю, якой сьмешнай выглядала б для іх мая безабароннасьць! і гэта яшчэ ніхто не зьбіраўся мяне фатаграфаваць! — але мая гаспадыня, балазе, захінула чырвоную фіранку, праз што ў пакоі тут жа запанаваў паўзмрок — у вулічку і так амаль не трапляла сонца, а тут можна было, не раўнаючы, праяўляць фатаздымкі. Я не знайшоў нічога лепшага, як гэта ёй сказаць, хутчэй жэстамі, чым па-ангельску — але яна зразумела й шчыра засьмяялася, маўляў, ёй самой ужо ня раз прыходзіла ў галаву такая ідэя. Ці можна, дарэчы, зірнуць, што ў мяне атрымалася?
Праглядаючы разам зь ёю пяць-шэсьць ейных здымкаў, якія я пасьпеў зрабіць (да сёньня шкадую, што ня ўзяў з сабой тую мыльніцу пры ад’езьдзе ў Чэхію), я ўсё пераймаўся пытаньнем, чаму ж яна паводзіла сябе перад аб’ектывам настолькі адрозна ад астатніх. Ці таму, што яна яшчэ зусім маладая, новенькая й ня ведае, што тут нельга здымаць, як ня ведаў я сам (наўрад ці) — або, наадварот, настолькі спрактыкаваная, што ёй ужо зусім насраць на тое, ці зьявіцца недзе ейны здымак, ці не... А як жа тады будучыня? Каханьне? Мацярынства? Не, дзяўчына рэагавала на мяне так, быццам ніякай будучыні ня мела. Можа, у яе СНІД, пранеслася ў маёй галаве, які яна затойвае ад астатніх? (Я дык і сам лічыў тады, што ў мяне СНІД, гэты пасталелы бабай моладзі дзевяностых.) У кожным разе, як я адразу яе папярэдзіў, займацца я зь ёю сэксам на ўсякі выпадак ня буду, у мяне на яго ня хопіць ніякіх грошай, гэта ж ня мыльніца — і адразу ж фізычна адчуў, наколькі пра гэта шкадую, бо не ў апошнюю чаргу дзякуючы фоткам (глядзець на дзяўчыну «ў рэале», застаўшыся зь ёю сам-насам, было ўжо нашмат цяжэй, чым з вуліцы) пераканаўся, што мая натуршчыца — адна з найпрыгажэйшых бачаных мною дагэтуль натуршчыц, сфатаграфаваных прастытутак і дзяўчат наагул. Ужо ад самога ўсьведамленьня маёй да яе цяперашняй блізкасьці ў мяне пачало, так бы мовіць, прастойваць сэрца, ня кажучы пра астатняе. Можна і бяз сэксу, усьміхнулася яна, я перажыву. Лепш пасядзім пакурым. Травы? — з надзеяй спытаўся я. Яна паціснула плячыма. Калі маеш — куры, але я ня буду. Чаго так? Ды так, часам блага робіцца. Лезуць усякія думкі ў галаву...
Я і сёньня шкадую, што за тых дзесяць-пятнаццаць хвілін нашай гутаркі не даведаўся пра яе болей. Вось тое, што памятаю: яе звалі Ціна (ня ведаю, ці імя сапраўднае), родам зь Бялграду, мая аднагодка, пры канцы васьмідзясятых сям’я пераехала ў Сараева, бацькам прапанавалі месцы выкладчыкаў ува ўнівэрсытэце, на самым пачатку блякады яны нейкім цудам здолелі адправіць дачку прэч з гораду, да далёкіх сваякоў у Заходнюю Эўропу, дзе яна заўжды хацела вучыцца, але сваякі аказаліся зусім не бізнэсмэнамі, а звычайнай свалатой, таму яна нават школы ня скончыла, пасьля вайны вярнуцца ўжо не было да каго, і з паўналецьцем ёй давялося прывыкаць да новай прафэсіі, але гэта ўсё міне, галоўнае, што сама яна жывая й пакуль здаровая, неўзабаве па-хуткаму разьлічыцца з «сваякамі» за папярэдняе «ўтрыманьне» й пойдзе сваёй дарогай на ўсе чатыры бакі, галоўнае толькі не падсесьці на наркату ці не падхапіць якую трасцу... Зь векам я спраўдзіў, што многія прастытуткі апавядаюць вам неверагодна сьлязьлівыя гісторыі, але нямногія плачуць пры гэтым самі — яна таксама ня плакала, прынамсі, не хацела плакаць, таму ў дэталі не ўдавалася й хутка сябе перапыніла, бачачы мае вылупленыя вочы чалавека, які пра вайну ў Югаславіі чуў яшчэ меней, чым пра вайну ў Чачні ці ў Іраку. Нягледзячы на ейны бадзёры тон, мне здалося тады, што яна сама ў сваё хуткае вызваленьне ня надта верыць — у яе быў выгляд чалавека, які пры ўсёй сваёй маладосьці ўжо бачыў у жыцьці ад астатніх столькі подласьці, што няздольны ўявіць сабе мірнага сужыцьця зь імі ні на якіх умовах — таму й вызваленьне для яго, як для закаранелага ў астрогу злачынца, можа быць толькі ўмоўным і кароткачасовым. Вось чаму мяне настолькі ўразілі ейныя вочы: нібы жартаўлівыя, а насамрэч поўныя безнадзейнасьці — такія заўчасна памудрэлыя вочы бываюць у дзяцей-наркаманаў, якіх я дагэтуль бачыў толькі на прафэсійна нааранжаваных фатаздымках...
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу