Тым ня менш, адну зь іх я меў гонар ведаць. Дваццаць гадоў таму я натрапіў на яе ў найвузейшай вулічцы Амстэрдаму — гэткай пастцы, якую рыхтавалі мне, юнаму Ганібалу з Усходу, нейкія падступныя кельты. Памятаю, за дзень да таго я быў зарабіў свае першыя за мяжою грошы (пачэсным шляхам, калі такія існуюць) і нават змог дазволіць сабе набыць першы ў жыцьці фотаапарат! — клясычную мыльніцу! — што на маё зьдзіўленьне каштавала лічаныя гульдэны, а ўжо пасьля першых двух-трох кадраў назаўжды перастаў разумець, як я наагул вытрымаў цэлых дваццаць гадоў безь яе. Скончылася тым, што я проста хадзіў па вуліцах і разглядаў вакольнае ў аб’ектыў, забываючыся ці ня хочучы шчоўкаць, бо ў такім закругленым лінзамі выглядзе яно здавалася мне яшчэ прыгажэйшым, чым у сапраўднасьці. Напэўна, неяк так павінны глязець на жыцьцё паэты — як казаў Кэрал, крывізна погляду й паэзія ёсьць сынонімамі. Мыльніца была маімі ружовымі акулярамі. Празь іх я не заўважаў мноства зусім не прыгожых, затое практычных рэчаў, такіх як знак забароны фатаграфаваньня ў квартале асалоды. Як толькі ў мой аб’ектыў трапілі паўголыя жаночыя целы, ненашмат старэйшыя за маё, я націснуў на кнопку амаль інстынктыўна — выбухнуў здрадны полыск, і дзяўчаты за шклом раптам пачалі мітусіцца й нешта бязгучна выкрыкваць у мой бок. Тут да мяне дайшло, што гэта і ёсьць тыя самыя гэтыя самыя. Дагэтуль я іх зусім ня бачыў і ня ведаў, што яны заўжды рэагуюць на парушэньне забароны здымкаў гістэрычна, быццам гэта найвялікшы грэх, які можа дапусьціць чалавечая істота супраць іншай. Тады я яшчэ не разумеў, чаму яны ненавідзяць фатографаў больш, чым любая знакамітасьць — сёньня мне ўжо гэта меней-болей ясна: яны перакананыя, што той, хто іх фатаграфуе, напэўна ж, зьбіраецца здымак апублікаваць, то бок украсьці ў іх бліскучую будучыню ўзорных мацярок і спакойную старасьць набожных бабулек, дзеля якой яны столькі пакутавалі ў мінулым і працягваюць пакутаваць цяпер. То бок як бы яны ні выстаўлялі напаказ і ні здавалі ўнаём сваё цела, яны ўсё-ткі імкнуцца «захаваць твар» — спрытна прыкрываючы яго рукамі ў самаабароне, а некаторыя самаахвярныя служкі каханьня, убачыўшы фатографа, наадварот, пераходзяць у атаку, падскокваюць на сваіх высокіх абцасах, лупяць у шыбу (як яна ня б’ецца? мо, непрастрэльная) рукамі й нагамі, нібы патрабуючы вызваленьня, выкрыкваюць нячутныя мацюкі ўва ўсіх мовах сьвету, часам плююцца, забываючыся на вітрыну, праз што робяцца невыказна сьмешнымі, яшчэ сьмяшнейшымі, чым звычайна — рыхтык разьюшаныя малпачкі ў заапарку. Але што ня сьмешна, дык гэта рэзкая перамена іхных абліччаў: зь лісьліва-мульцяшных яны раптоўна ў адно жахлівае імгненьне робяцца праўдзіва нялюдзкімі, не раўнаючы ў нябожчыц — акурат такія, на жаль, твараў не прыкрываюць, хаця нічога лепшага ў той момант параіць ім немагчыма.
Нечаканая й настолькі варожая рэакцыя на мае першыя фатаграфічныя спробы ў жанры эратычнага акту, у сваю чаргу, раззлавала мяне, бо здалася мне несправядлівай і неабгрунтаванай — і я заключыў з сабою пары (тыповыя юначыя заёбы), што з прынцыпу не ўпушчу магчымасьці сфоткаць ніводнае прастытуткі, якою б разьятранай яна ні была. Павярнуўшы за першы рог, я тут жа гэтае сваё абяцаньне ажыцьцявіў, нават не зірнуўшы як сьлед на атрыманую фотку — і ўжо рыхтаваўся ўцякаць хуткім крокам, як скмеціў, узьняўшы на ймгненьне вочы, што мая натуршчыца чамусьці не выконвае баявога танцу маладых ваўчанят, а па-ранейшаму ўсьміхаецца мне: мала таго, здаецца, яна мне тады яшчэ й падміргнула. Я спыніўся, каб лепей яе разгледзець — але ня змог, насуперак усім інстынктам і намерам, адарваць погляду ад ейных вачэй, што глядзелі на мяне з выклікам, які здаўся мне іранічным, калі ня зьдзеклівым. Раптоўна я ўсьвядоміў, што мой погляд небясьпечна зацягнуўся, нібы мы гулялі ў «хто міргне першы», і я згадаў пра ўратавальную мыльніцу: зараз я адкажу дзяўчыне на выклік яшчэ большым нахабствам! Мае рукі трымцелі ад такой непрыстойнай сьмеласьці, пальцы ніяк не хацелі трапляць на кнопку — тым часам як дзяўчына захоўвала незразумелы спакой, у якім было штосьці жудаснае, больш страшнае за ўсякую разьюшанасьць: яна нібы пагадзілася на ўмовы гульні і пачала мне пазіраваць, на гэткім напаўсур’ёзе, прычым мяняючы паводле ўсіх правілаў эратычных часопісаў ня толькі позы, але й выраз твару, нібы спрактыкаваная актрыса. Напэўна, неяк так бык супрацоўнічае з матадорам падчас карыды. Я заўважыў, што каля нас пачалі спыняцца людзі, некаторыя штосьці прамаўлялі ў мой бок — нехта ўхвальна, нібы падахвочваючы, але большасьць, мне здалося, з папрокам — я азірнуўся вакол і ўбачыў, што застапарыў людзкую плынь у каменнай цясьніне, целы турыстаў штурхалі мяне, спрабуючы пацягнуць у адзін з двух бакоў, прыбраць з дарогі, маўляў, або заходзь, або ня стой тут, як слуп...
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу