Падгледзець, а потым, заспеўшы на месцы, з аднаго ствала крамзель - аднаму, з другога - другой.
Другой? Аксане - кулю? Не! Ён не герой балады. Тут самы момант хітрэй дзейнічаць. Каб быць у яшчэ больш зручным і выгадным становішчы, нягодніцу варта справакаваць. Сказаць, што едзе ў Пінск ці ў Вільню. Тыдзень туды, тыдзень назад. Самому ж паехаць у леснічоўку да Казіка Цярушкі. Крыху пасядзець, а потым - рум! - у аканомства. Добра застаць іх у абдымках. Каб не аспрэчваліся. Тады што? Шабляй засекчы. І выклікаць спраўніка.
Урбановіч адчуў, што ў яго апухла галава. Схаваў скрынку з пісталетамі, зняў сурдут, сцягнуў адзін бот... Класціся спаць? Тут, у кабінеце, на скураной канапе, на якой яму слалі і на якой апошнія дні даводзілася праводзіць ночы аднаму?
Нешта не так... Значыць, належна рабіць не так, як напісана ў баладах. Змірыцца, сціхнуць, сціснуцца. Спакойны выгляд знішчае падазрэнні, гэта так. Але ці не заўважыць яна зменаў?
Пан аканом задумаўся з адным ботам у руках. За шафай шкробалася мыш, грызла нешта так зацята, як аканома грызлі думкі.
Ат, галадранка! Яна крадком палюбіла нейкага нягодніка. Бач ты яе! А такая хванабэрыя ў паставе, рухах, позірку. Як у баранесы! Нядаўна босая да царквы хадзіла, чаравікі праз плячо - і чэша. Перад царквой абувалася... Цяпер глянь. Пані!.. Жонка аканома. Кава з булачкамі раніцай, авохці мне! Плаці за каву і булачкі... Але не тыцнеш носам у яе беднасць. Паспрабуй тыцнуць?! Бедная, а ганаровая. Унурыць вочы ды маўчацьме... І яшчэ больш ненавідзець пачне.
Урбановіч не выпускаў бот з рук, сядзеў і думаў.
Апошнія месяцы жонка, стаў заўважаць, рабілася з нявопытнай правінцыялкі больш падобнай на свецкую жанчыну. Ён думаў, што гэта ягоная заслуга, быў задаволены гэтым... А ён тут ні пры чым... Яна была з ім разам, а думала пра таго, па якім у яе кіпела сэрца...
І тут пана аканома як абухам па галаве стукнула - настаўнік! Малады настаўнік з кусцікам валасоў пад носам! Гэта з першага разу, як убачыў яго, падумаў, што небяспечна мець у доме рыхтык пару ягонай жонцы. На выгляд рахманы, дагодлівы... Такіх жанчыны звычайна і адаруюць...
Не, гэтага немагчыма сцярпець. Арыстоклій! Дастоеўскі?! Канешне ж - ён.
Хоць за акном стаяла глыбокая ноч, пан аканом пачаў абуваць бот.
І трэба ж! А ён-то думаў, што яна гэтак хуценька смарганула рукой пад стол, а ў твары зрабілася лёгкая белата. Любоўную цыдулку хавала! Вось д'яблавыя душы жанчын.
А каб цыдулку не перахапіў? Уласна, не перахапіў, але розумам дайшоў, зразумеў, што маладая жонка здраджвае яму. Цыдулка глупства, усё і так відаць.
Тут Урбановіч успомніў, што настаўніка ў эканоміі няма - паехаў па кнігі. Аж у Вільню.
Тады - хто?
Ах, чаму па ўласнай згубнай нядбайнасці не выкрыў тыя глупоты раней. Каб спахапіўся ў свой час, не даў бы каханню крышталізавацца...
3. На паштовым тракце
За некалькі дзён да падзеі з цыдулкай старасвецкая грувасткая карэта, перавальваючыся коламі па шматлікіх выбоінах, паўзла паштовым трактам з Пінска ў Давыд-Гарадок. Такія падрысораныя экіпажы, яшчэ з колішнімі аксамітнымі заслонамі на акенцах, раней сустракаліся часта, але на 1862 год ландара выглядала архаічна.
Коні з напругай цягнулі гэты рарытэт, калёсы часта грузлі ў каляінах, налітых ад нядаўніх залеў вадою. На шчасце, паперадзе карэты, як разведчык дарогі, каціўся звычайны сялянскі вазок, упрэжаны касманогім конікам, які мераў кожную лужыну, і тады вазнічы ландары паганяў свае коні смялей.
Наўкола кепскай, прыбалочанай дарогі стаяў сыры, змрочны і маўклівы лес. Густа ўплеценыя хмелем вольхі паныла моклі ў вадзе. Праз дарогу з сытым квактаннем пералётвалі дразды. Часам коні храплі, бунтаваліся, не хочучы ісці наперад. Тады вазнічы ландары злазіў з козлаў, супакойваў коні, а з вазка саскокваў даўгашыі юнак у сурдуце, ішоў наперад і кіем праганяў з дарогі вастравухіх дзікоў, якім унаравіла зрабіць на дарозе качавіла.
Ландара ехала здалёк - з Гдыні, вазок - з Пінска. У вазку акрамя юнака з доўгай шыяй сядзелі яшчэ двое зусім маладых людзей, таксама ў сурдутах, але гімназічных, з гузікамі, на якіх блішчэў двухгаловы царскі арол. Сурдут юнака з доўгай шыяй меў высокую талію і стаячы каўнер. Касцяныя гузікі гэтага сурдута патрэскалі, і палавінкі іх паадляталі. Крысо сурдута зрыжэла або, пэўна, было абпаленым. Па ўсім было відаць, што той, хто насіў гэты колісь чыноўніцкі сурдут, насіў яго з чужога пляча, і быў гэта Ясь Кавалец, манкевіцкі парабак, якому аканом Урбановіч даручыў сустрэць ландару з каштоўным грузам у Пінску і правесці яе да эканоміі. Ясь не меў і семнаццаці, але паспеў пабачыць свет, - год ці два вучыўся ў семінарыі, потым месяцы два пражыў у самой Маскве, але не вытрымаў, захандрыў, і яго вярнулі ў родны край. Тварам юнак быў прыемны, меў тонкія рысы, але бровы заціскаліся ад малейшага ўзрушання. На пераноссі яны стваралі разоркі маршчын, ды і ўвесь лоб рабіўся нейкі буграваты. Псавалі яшчэ юнака вялікія, як у дарослага, крыху нязграбныя рукі. Але як на парабка - не дзіва.
Читать дальше