І вось цяпер, калі наноў пацвердзілася, што край мілотны ўсё-ткі ёсць і, мала таго, з таго краю прыехалі, аказаліся тут гэтыя во людзі, насычаныя роднымі пахамі, якія прабіваліся праз іхныя ўласныя цялесныя воні, пакута вярнулася, запульсавала надзеяй, трывогай: а мо яшчэ воля магчымая, а мо яшчэ можна ўцячы, вызваліцца ад жалезных кратаў, пабегчы з усіх чатырох лапаў туды, да роднага, мілага, сціхотнага. І разам з надзеяй і трывогай ажылі нянавісць, прага нялюдскай, звярынай помсты.
Пах роднага і дух людзей, якія здрадзілі, бунтавалі ў ваўку кроў. Адпомсціць, укусіць, адгрызці рукі, ногі, галаву... Галоўнае - прыкінуцца добрым, падмануць, увайсці ў давер. Няхай у вачах засвіціцца зычлівасць, няхай толькі зажадаюць дакрануцца да яго (дурныя двухногія! - ім абавязкова захочацца дакрануцца да яго, пагладзіць. О! Як ён ім пагладзіць!). Трэба і хвастом пакруціць, і галавой, каб паказаць, што ён іх пазнаў, што ён рады ім. Ага - адзін з іх падыходзіць бліжэй, рука аж свярбіць, аж пачырванела, каб пагладзіць яго, але яшчэ баіцца... Так, так... Стану ледзь не пасміхацца, падманліва радавацца, хвастом па баках шлёгаць, як сабака які... Ага, працягвае руку! Бліжэй жа, яшчэ бліжэй! Ну, вось і ўсё - блізка, ёсць. Імгненна міласць на гнеў перакінуць, пашчай, як кляшчамі, - цоп ненавісныя панскія растапыркі! І трымаць, і трымаць, і шкуматаць, грызці, сціскаць - нічога, няхай б'юць, хоць рэжуць, хоць заб'юць! А ён атрымае - о слодыч! - радасць сваім сківіцам!
4. Прыезд хатняга настаўніка
Ваўчаня з'явілася ў Манкевіцкай эканоміі неўзабаве пасля прыезду выпісанага з Масквы хатняга настаўніка і цэлага шэрагу прыкрых і непрыгожых, на погляд трымальнікаў шляхетнага стану, падзей.
Настаўніка, высокага, шыракаплечага, з круглявым галабародым тварам і пукам валос пад носам прывёз падсочнік Цімох, прагнаны з бровара яшчэ папярэднім гаспадаром за жарсць да «прадухта», як казаў сам Цімох. Настаўніка пасля таго, як уладкавалі ў флігель, прывялі да аканома Ўрбановіча. Малады чалавек стрымана пакланіўся і назваў сваё поўнае імя, імя па бацьку і прозвішча.
- Дастаеўскі? - здзіўлена перапытаў аканом.
- Не, васпане, - настаўнік схіліў галаву крыху на левы бок і ўперад. - Я - Арыстоклій Дастоеўскі... Дастаеўскі ў Маскве, я, паўтараю, - Дастоеўскі...
- З палякаў будзеце?
- Патомны расеец, проша пана.
Аканом разгублена перазірнуўся з маладой жонкай, якая выйшла з пакоя ў вітальню, дзе адбывалася першае знаёмства.
- А вы часам...
- Мае бацькі не былі звязаны з... польскім племенем... - сказаў настаўнік.
Па ім было відаць, што ён з цяжкасцю ўлагодзіў сваё раздражненне.
- Але, згадзіцеся, якое супадзенне! Дык вы... далібог, не сваяк таму пісажу*?
* Пісьменніку (пол.).
- Не. Я не маю ніякіх адносінаў да таго Дастаеўскага... Я - Дастоеўскі!
З гэтымі словамі настаўнік крыху заганарліва выставіў грудзі.
- Ну, - збянтэжаны аканом паціснуў плячыма, - добра. Вядома, Дастоеўскія - стары ліцвінскі род.
- Перапрашаю пана, я - рускі, як кажуць, маскавіт да мозгу касцей, і прашу мяне ніколі не ўблытваць у вырашэнне пытанняў крыві...
- Вырашана! - перабіў маладога настаўніка аканом. - Будзеце жыць да маразоў у флігелі, а потым падшукаем вам цяплейшае месца. З абавязкамі вас азнаёміць мая жонка.
Настаўнік абярнуўся. Жонка аканома коратка зірнула на яго; маладыя людзі сустрэліся позіркамі. У гэты момант і адбылося першае здарэнне, праўда, яно засталося не заўважаным ні аканомам, ні кім з прыслугі, якая прысутнічала пры гэтай сустрэчы. Мала таго, яно, гэтае здарэнне, не адклалася, выразна не зафіксавалася, цяперашняй мовай кажучы, у свядомасці і самога настаўніка, і маладой пані Ўрбановіч. Але ў гэты момант у вачах маладой жанчыны малады настаўнік убачыў перакулены свет: ненатоленую прагу шчасця, нязбытнае каханне, пагаслую радасць жыцця, якая імгненна заззяла, на кароценькі міг успыхнула і адразу, дзеля скрытасці і канспірацыі, згасла, падаўленая правіламі прыстойнасці, - пані Ўрбановіч апусціла вочы.
- Дарэчы - яна ж і ваша найпярвейшая вучаніца. Пані Ўрбановіч, займіцеся настаўнікам, - чамусьці крыху раздражнёна сказаў аканом.
Варта сказаць, што настаўніка чакалі даўно і ўсё было да яго прыезду падрыхтавана. Настаўнік, паводле кантрактнай дамовы, мусіў вучыць не толькі жонку аканома, але і яе незамужніх сясцёр; не толькі дзяцей батракоў, якія працавалі ў аканоміі, але і давучваць, падвучваць і перавучваць усіх, хто быў недавучаны, недаадукаваны і ў самой эканоміі, і ў недалёкім мястэчку, - за ўсіх плаціў з нейкіх сваіх як меркантыльных, так і ахвярных памкненняў цяперашні гаспадар багатай Манкевіцкай эканоміі - Ежы Ўрбановіч.
Читать дальше