— Маці ўзрадуецца, — сказаў дзядзька. — А цяпер табе, Васільевіч, у самы раз легчы. Ты ў якім вагоне едзеш?
Лазар Богша доўга шукаў білет. Нават быў усумніўся, а ці купляў ён білет наогул? I ці павінен куды ехаць? Але білет знайшоўся, і нават у купэйны вагон.
Радзівон узяў Лазара пад руку, павёў у вагон. Перад вагонам тоўпілася так многа народу, што Богша спалохаўся: ці не задумалі ў ягоны гонар праводзіць мітынг?
— Гэта ўсе твае? — спытаў Радзівон у Лазара.
— Мае — гэта я сам, — сказаў Лазар, баючыся шумнага натоўпу. — Хадзем, я пазнаёмлю з жонкай.
Цюкі, аднак, нідзе не было відаць. Богша бачыў некага, хто брынчаў на гітары, яшчэ аднаго, які спрабаваў зацягнуць песню, сыценькую дзяўчыну, што складала далоні над грудзямі і ўсё паўтарала, закочваючы пад лоб вочы: "Я вас малю". Цюкі нідзе не было відаць.
— Нідзе твая жонка не дзенецца, — сказаў Радзівон, не дужа верачы Лазару наконт жонкі. — Хадзем, я цябе пакладу спаць...
Схапіўшы Лазара пад пахі, Радзівон запіхнуў яго спачатку ў тамбур, а потым і ў купэ. Лазар не супраціўляўся — адразу ж лёг. Лёг і праваліўся, як у чорную бездань. Спаў ён да самай раніцы...
Спачатку Лазар Богша расплюшчыў адно вока — баяўся пабачыць нешта вельмі жахлівае, — потым другое. Насупраць спала Цюка, уткнуўшы ў падушку маленькі зграбны носік.
"Усё, усё, — рашуча падумаў Богша, — цяпер за работу! Я павінен зрабіць маленькі шэдэўр кінамастацтва, як Чаплін... Толькі шэдэўр! Лёс прыхільны да мяне: я пісаў сцэнарый для Цюкі, хоць не ведаў, што яна ёсць на свеце і нават вучыцца ў Гітысе. Але я пісаў сцэнарый іменна для яе".
Яму не цярпелася падзяліцца сваімі парываннямі з Цюкай. Ён ціхенька пакратаў яе за нос.
— Божа, а я думаю, хто мяне бярэ за нос. Мяне нiхто і ніколі не браў за нос, — сказала Цюка і расплюшчыла вочы.
— Ты самая прыгожая на ўсім свеце, — сказаў Богша шэптам, але яна пачула яго і ўсміхнулася.
— Няпраўда, — пакруціла галавой, — але мне ўсё роўна прыемна. Я толькі вельмі баюся тваёй маці. Не ведаю чаму, але баюся. Яна снілася мне ўсю ноч...
— Дзівачка, пры чым тут маці? Мы будзем жыць у студийным інтэрнаце. Калі-небудзь пазней, калі я зніму карціну, мы забяром маці да сябе. Яна ў мяне добрая, і табе няма чаго баяцца яе.
— Лазар, не прытварайся, Лазар, — закінуўшы галаву назад, весела зарагатала Цюка. — Мы едзём да тваёй маці, на Сую...
Металічная бліскучая ручка ў дзвярах павярнула доўгую дзюбку на кароткай шыі — дзверы ад’ехаліся ўбок, схаваліся за сцяною. На парозе ў строгай чыгуначнай форме ўзнікла ружовашчокая істота.
— Добрай раініцы, — праспявала яна вельмі мілагучным голасам. — Вам хутка выходзіць, а вы ўсё лежыцё. Радзівон Максімавіч перадаваў, каб вы не спяшаліся, пачакалі яго.
Ружовашчокае дзіва паклала білеты на сталок і выйшла, зусім збянтэжыўшы Лазара Богшу.
— Ты што-небудзь разумеет? — спытаў Богша Цюку. — Нейкая фантасмагорыя, сон.
Цюка тым часам надзявала сукенку цераз галаву. Яна была заблыталася ў рукавах; перад вачамі Лазара нейкі час варушыўся Цюкін зад, туга абцягнуты трусікамі ў сіні гарошак. Потым сукенка схавала яго, Лазар узняў вочы — з проразі каўнерыка паявіўся Цюкін твар з насмешліва высунутым языком.
— Не трэба мяне разыгрываць, Лазар. Мы едзем да тваёй маці, а хто такі Радзівон Максімавіч, я, далібог, не ведаю. Ну, з’еў?..
— З’еў, — пагадзіўся Лазар Богша, хоць ніяк не мог прыгадаць, калі ён вырашыў ехаць да маці і калі сустрэўся з Радзівонам.
У Полацку ён не быў аж тры гады. Пакуль Радзівон Трошка бегаў па сваіх справах, Лазар павёў Цюку на круты бераг Дзвіны, з якога адкрываліся далягляды на Задзвінне.
Яны стаялі на аблыселым пагорку перад Сафійкай. 3 Балтыйскага мора дзьмуў вільготны, прапахлы асеннім лесам вецер. Там, адкуль дзьмуў вецер, дагараў пажар лісцёвага падлеска, агаляючы чорны, як абвуглены, яловы лес. Адтуль, з-за лесу, плылі парваныя на шматкі хмары, давалі драла ад нябачнага ворага. Праз кароткія прасветы ў рэдабоддзі хмар часам выглядала самотнае сонца. Пад ім, унізе, віравала, закручвалася ў тугія спружыны імклівая плынь Дзвіны. Сонца азарала яе і тут жа адварочвала свой ружовы лік — холадам патыхала ад ракі...
Захопленая хараством і веліччу, Цюка маўкліва і ўсхвалявана глядзела ўдалеч, туды, дзе між лясоў хавалася возера Суя. Так моўчкі яны стаялі доўга, пакуль балтыйскі вецер не працяў іх да касцей.
— Ці адчуў ты вечнасць? — спытала Цюка, калі яны ўжо сядзелі ў сталоўцы, якая чамусьці называлася чайной.
Читать дальше