— Прыспічыла ім, глядзіце сюды, на ноч не зважаючы, распісвацца! Каб мая воля, дык я вас мятлой распісала б... Пабачце яе, яшчэ нечага лыбіцца. Замуж ідучы — плакаць трэба...
— Памаўчы, Акуліна, — цыкнуў на прыбіральшчыцу старшыня. — Закрый шлюзы на ўсе застаўкі.
— А ты мне не ўказвай, во што, — не паслухала прыбіральшчыца. — Я за праўду стаю...
Тым часам маладзенькая сакратарка выпісала шлюбнае пасведчанне. Лазар Богша заплаціў пошліну, падняўся, каб ісці.
— Чакай, — спыніў яго старшыня, — пацалавацца трэба. Па абраду, які нам зверху прадпісаны, каб нечым адрозніць рэгістрацыю шлюбу ад рэгістрацыі смерці...
Яны былі абое маладыя, а таму ўсё ўспрымалі з гумарам. Ім было весела і там, у сельсавеце, і пасля, на студэнцкім вяселлі ў калгасе.
Пасля вяселля тры студэнткі, якія кватаравалі з Цюкай, вызвалілі маладым хату, гаспадыня паслала шлюбны ложак — лішняя перасцярога вясковай цёткі, не пазбаўленай забабонаў, — і сама таксама сышла да суседзяў.
Лазар з Цюкай засталіся адны на ўсю хату. Іх раптам ахінула цішыня, стала пуста і гола навокал. Яны разгублена маўчалі.
— Будзем класціся спаць, — сказаў Лазар.
— Будзем, — як рэха, адгукнулася Цюка.
Лазар выключыў святло, асабліва яркае пад раніцу. У хаце стала цёмна хоць выкалі вока. Ён пайшоў у тым кірунку, дзе стаяла Цюка, выставіўшы перад сабой рукі. Крокаў праз пяць ягоныя рукі ўпёрліся ў сцяну. Цюкі не было. Запальнічка на нейкае імгненне выхапіла з цемры ложак, дыванок на сцяне з белымі лебедзямі і Цюку ўпоперак ложка ў "вянчальным уборы". Ен лёг ля яе таксама поперак ложка.
— Я кахаю цябе, Каця, — сказаў ён і дакрануўся губамі да яе твару. Цюка плакала — твар быў мокры ад слёз. — Чаго ты, Каця? Мы будзем хораша жыць...
— Гэта ад шчасця, — сказала яна і паклала цёплую далонь на яго галаву. — А шчасце, як тая жар-птушка, дастаецца толькі дурням. Альбо я дурніца, альбо злавіла не шчасце, а міф, прыгожую казку...
Лазар Богша не мог здагадацца, што трывожыць Цюку, чаму яна загаварыла пра шчасце. Яму хацелася ведаць, чаму ў яе так крута змяніўся настрой, але ён разумеў камічнасць сітуацыі — у шлюбную ноч трэба займацца не размовамі, а каханнем.
— Ты забылася, што дурны Іванка быў зусім не дурань, — усё ж сказаў ён. — Дурнямі былі ягоныя браты, бо не той дурань, што завецца дурнем, а той, хто застаецца ім...
— Дзіўна, — пасля нядоўгага маўчання загаварыла Цюка іншым тонам, — але я адчуваю сябе зусім маленькай дзяўчынкай. Лазар, я дужа брыдкая, і ты, вядома, чуў пра гэта. Таму я і адчуваю сябе маленькай, што хачу быць чыстай перад табой.
— Але я нічога не чуў, — сказаў Богша.
— Не трэба хлусіць, — папрасіла Цюка. — Не трэба хлусіць. Я праўда брыдкая. Але я буду вернай і добрай. Чаму я была брыдкай? Бо мне падабаліся дасюль усе. I я не магла нікому і ні ў чым адмовіць. Разумееш? Не, ты не разумееш. Кажуць, што разбэшчаная сексуалка. Гэта няпраўда...
— Навошта ты, Каця?
— Добра, не буду. Але не абдымай мяне...
Лазара Богшу нядобра кальнула думка: "Нагулялася..."
— Я кахаю цябе — астатняе мяне не цікавіць, — ён пачаў цалаваць яе твар лёгкімі, як ранішнІ ветрык, пацалункамі.
Цюка не адхілялася, але і не адказвала на пацалункі: я твая рэч і ты маеш права мною карыстацца — во што азначала яе абыякавасць. Богша зразумеў гэта. Яе абыякавасць пакрыўдзіла яго. У хаце пасвятлела, а можа, вочы прывыклі да цемры. Але столі не было відаць. Богша не разумеў, чаму яму абавязкова хочацца ўбачыць столь.
— Не крыўдуй, — сказала Цюка, — я таксама кахаю цябе. Вельмі кахаю. А ці праўда, што ты быў у Германіі? Чаго ты паехаў туды?
— Мяне вывезлі, — рэзка сказаў Богша.
— Хочаш, я раскажу табе пра сябе? — спытала Цюка.
— Навошта?
— Тады пойдзем пагуляем. Я баюся цёмных начэй. Але з табой мне будзе не страшна.
— Лепей паедзем у Маскву. Што нам тут рабіць? — прапанаваў Богша.
— Паехалі, — вельмі ўзрадавалася яна. — У Маскву... У вечны тлум... Цішыня прыгнятае...
Лазар запаліў святло. Яны сабралі рэчы і пайшлі ў ноч. Падсвечаныя агнямі Сходні і Хімак, а можа, і яшчэ якіх пасёлкаў, па небе беглі шпаркія хмары, сівыя і калматыя. Яны хоць крыху асвятлялі чорную астылую зямлю.
Цюку як бы падмянілі: яна зноў стала пяшчотнай і ласкавай. Яны ішлі праз лес, моцна прытуліўшыся адно да аднаго, і цалаваліся. Цалаваліся і потым, у пустым вагоне электрычкі.
У Маскву прыехалі рана. Гарадскі транспарт яшчэ не хадзіў. Сонны таксіст падкінуў іх да Богшавага інтэрната.
Читать дальше