— Дзе цябе нячыстая сіла носіць? — разбуджаная Богшам, спытала вахцёрка цётка Луша і, убачыўшы Цюку, рашуча загарадзіла дзверы. — 3 дзеўкай не пушчу. Мне і так дастаецца ад каменданта.
— Цётка Луша, але ж гэта мая жонка. Во глядзі штамп. Запісаліся мы. Каця, пакажы пашпарт...
Цётка Луша паглядзела пашпарты, замігала кароценькімі вейкамі, збіраючы дробныя слёзы.
— Што ж ты адразу не сказаў, нячысцік. Ачалавечыўся хоць. Дай я абдыму цябе, бяспутная твая галава... А ты, дзеванька, трымай яго ў руках. Іх, мужчын, усіх у руках трымаць трэба, але і глядзі яго. Мужчыны, як дзеці...
Цётка Луша пацалавала спачатку Лазара, а потым ужо і Цюку. Яны хацелі падымацца на паверх, як цётка Луша паклікала Богшу.
— Лазарка, дык я ледзьве не забылася, табе тут запіска ёсць. Ехаць табе трэба, неадкладна.
Лазар разгарнуў запіску: "Сцэнарый дыпломнай работы зацверджаны. На студыі трэба быць не пазней семнаццатага".
Гэта было, бадай, самае неверагоднае з усіх неверагоднасцей сённяшняга дня. Яго ўласны сцэнарый, які ён напісаў для сваёй жа дыпломнай работы, быў зацверджаны...
— Мне, Каця, шанцуе сёння, — сказаў ён, падаючы ёй запіску. — Шанцуе, аж не верыцца. Але цяпер паедзем на студыю разам. Я здыму цябе ў галоўнай ролі. Гэта будзе твая першая роля ў маім фільме. А потым ты будзеш іграць усе астатнія ролі...
— Лазар, я хачу спаць, — сказала Цюка.


***
Чорны стары паравоз лянотна пыхкаў парай, як Лазараў дзед, таксама Лазар, люлькай. Яны абодва — дзед Лазар і паравоз — былі старыя і абодва любілі пыхкаць люлькай. Іх падабенства ўразіла Лазара Богшу. Лазар спыніўся перад паравозам, падміргнуў яму, як, бывала, падміргваў дзеду.
— Здароў, дзед, — сказаў Богша паравозу і, зняўшы толькі што куплены капялюш, пакланіўся, як кланяюцца дужа дарагому чалавеку. — Даўно я цябе не бачыў, дзед. Як ты трываеш? Усё пыхкаеш люлькай. А адна кропля нікаціну забівае каня. Так кажуць вучоныя, якія, між іншым, самі труцяць сябе і не толькі нікацінам, а і зайздрасцю, якая ў тысячу разоў больш атрутная.
Аднекуль зверху, як з неба, пачуўся захоплены голас:
— Во набраўся, во вылузваецца!..
Голас з неба быў знаёмы, недзе некалі чуты. Богша ніяк не мог даўмецца, адкуль далятае голас, ці не з нутра паравоза?
— Гэй, ты, нябога, пацалуй свайго дзеда ў тэндар. Толькі спярша вытры губы, — здзекліва параіў усё той жа голас.
Перамогшы неймаверную цяжкасць, Лазар Богша ўзняў вочы ўгору. Там, у няяркім вакзальным святле, з чорнага акенца-рамы паблісквалі чыесьці белыя зубы на чорным твары.
— I пацалую,— з п’янай настойлівасцю і задзірыстасцю сказаў Богша.
Ён і праўда хацеў ужо цмокнуць паравоз у круты бок, абы не бачыць насмешлівыя зубы, як той жа голас прыкаваў яго да месца:
— Дзядзька Нічыпар, глянь, гэта ж Лазар!.. Каб мне з месца не ўстаць, калі гэта не дзядзькі Васіля Лазар...
Богша, як аглушаны доўбняй, пакруціў галавою, бо ніяк не мог здагадацца, хто пазнаў яго. У вачах нечага дваілася, траілася, то знікала, то зноў паяўлялася. А з вышыні тым часам высыпалася на перон паўтузіна чорных смярдзючых чарцей. Яны схапілі Богшу ў абдымкі, аж у таго праяснела ў вачах, а паўтузіна чарцей нейкім цудам ператварылася ў аднаго зусім рэальнага чалавека, сябра па дзяцінству і пракудах, нават нейкага родзіча — сёмая вада на кісялі — Радзівона Трошку.
— A я гляджу: ты ці не ты? Аж бачу — ты. Дамоў едзеш ці праводзіш каго?..
Лазар Богша задумаўся. Думкі то скакалі галопам, то паўзлі слімаком.
— Здаецца — еду, — сказаў ён, выдзіраючы з сябе ўспамін, як здаровы зуб — з дзікім болем. — Буду здымаць фільм з Сюкай у галоўнай ролі.
Радзівон зноў выскаліў зубы.
— Чаму з сукай? Хіба з чалавекам не дазволілі?
— Не з сукай, а з Сюкай, — Лазар ніяк не мог вымавіць жончына імя. — Яна мне жонка, разумееш? Завуць яе Каця. Разумееш? Сюкай яе звалі бацькі. Зразумеў?
3 паравоза злез дзядзька Нічыпар. Не Богшаў дзядзька, а Радзівонаў. Ён выцер рукі, толькі пасля гэтага паздароўкаўся з Лазарам. Усё ў дзядзьку было грунтоўна, трывала, аж Лазару стала няёмка за свой выгляд і недарэчны паклон паравозу.
— Даруйце, я, здаецца, узяў лішак, — вінавата сказаў ён. — Учора ці пазаўчора я ажаніўся, у глаўку зацвердзілі мой сцэнарый, а цяпер во еду здымаць фільм...
Читать дальше