Радзівон не перашкаджаў. Насунуўшы на лоб кепку, ён драмаў ці, можа, прыкідваўся, што дрэмле. Да вайны яны абодва кахалі Домну, але ён, Лазар, быў шчаслівейшы.
"Ці замужам яна? — падумаў Лазар і адказаў сабе: — А табе якая справа?"
Нібы вітаючы іх, перад самай вёскай вецер разагнаў хмары, і на сінім небе выбліснула няяркае сонца. Потым неба перакулілася на зямлю, разлілося да самага бору шырокім возерам. Грузавік, весела чхнуўшы, выскачыў на знаёмую з дзяцінства вуліцу, спыніўся ля пахілага плота з дубовымі весніцамі. 3 іх выйшла Лазарава маці. Яму кінулася ў вочы, што маці зноў паменшала ростам. Першы раз ён заўважыў гэта, калі вярнуўся з праклятай Нямеччыны. Тады ён здагадаўся, чаму маці паменшала ростам — за два гады вырас ён. Цяпер Лазар не мог зразумець, чаму маці паменшала і выглядае як падлетак-дзяўчынка са старэчым тварам.
— Мама! — паклікаў ён маці, падумаўшы, што яна не пазнае яго.
Маці прыклала брылёк далоні да броваў, хоць ёй не перашкаджала сонца — яно свяціла ёй у спіну.
— Я даўно чую, што ты едзеш, — матчыны вусны толькі паварушыліся, але Лазар зразумеў, што яна хацела сказаць.
Ён баяўся, каб маці не заплакала, бо тады не стрымацца і яму. Душылі гарачыя салёныя слёзы. Яны, як расплаўленая магма, клекаталі ў ім. Пакуль ён стрымліваў іх.
"Божа, які я нягоднік, — караў сябе Лазар, адчуваючы, аднак, прыемную палёгку ад уласных сварлівых слоў, нібы парыўся ў лазні венікам з маладых бярозавых галінак. — Мяне, ахламона, варта было б высцябаць лазовым дубцом. Горш, варта адарваць вушы, распісаць папругай, каб не мог ні сесці, ні легчы. Бедная мама, даруй мне, дурному і няўдзячнаму. Цяпер я буду часта бачыць цябе. А як толькі атрымаю кватэру, забяру".
Яму стала зусім лёгка. Слёзы выпарыліся ў прастору, праплылі ў небе лёгкім воблачкам, а тыя, што не выпарыліся, апалі на дно душы роснай прахалодаю...
— Пахудзеў ты, — сказала маці, — і на бацьку стаў падобны, царства яму нябеснае. Думала, не дачакаюся цябе: пішаш, прыеду, і не едзеш. А ў Івана трэцяя дачка нарадзілася, Дашай назвалі, як мяне. На нiшто, Лазарка, сыходзіць богшаўскі род...
Ён зразумеў яе далікатны папрок.
— Мама, во гэта мая жонка, Каця...
Маці не спяшаючыся падышла да Каці, выцерла ражком хусткі сухія, бяскроўныя вусны.
— Дай жа я цябе пацалую, — сказала яна.
Цюка першай пацалавала свякруху. Маці, ні слова не сказаўшы, павярнулася, пайшла ў хату. Нават Лазар разгубіўся ад матчынага ўчынку.
— Пайшлі, — сказаў ён жонцы і Радзівону, прапусціў іх наперад.
Самому яму ўсё нешта карцела азірнуцца, быццам яго нехта тузаў за каўнер. У весніцах ён не стрымаўся, павярнуўся і тут жа сустрэўся з самотнымі Домнінымі вачамі. Цяпер ён успомніў, што забыўся падзякаваць Домне за тое, што прывезла яго дамоў, і. нялоўка, быццам падаваў міласціну, працягнуў ёй руку:
— Дзякуй табе, што падвезла нас...
— Авой, работы той, усё роўна сюды ехала, — на Домніным твары выступіла сарамлівая пунсовасць. — Во так, Васільевіч, і жывём...
Лазару падалося, што Домна папракнула яго: яна дачакалася яго, а, выходзіць, дарэмна.
"Але ж я не абяцаў ёй, — няшчыра падумаў Лазар і засаромеўся сваёй няшчырасці. — А хоць не абяцаў. Даваў падставу спадзявадда. Ну і што? Я — шчаслівы, яна — не. Значыць, я вінаваты. Шчаслівыя заўсёды вінаваты, бо яны шчаслівыя. Але ўжо нічога не паробіш. Я кахаю Цюку..."
— Усё мінаецца, Домна, — сказаў ён. — Былое не вяртаецца...
— Былое не забываецца, — сказала Домна. — А ці доўга ты прабудзеш тут?
Лазар зразумеў, што Домна спытала не так сабе.
— Дні тры, не болей, — адказаў Лазар і раптам зразумеў, чаму Домна пацікавілася, колькі дзён ён будзе гасцяваць. — Але я хутка прыеду на Сую здымаць фільм, і мы яшчэ пабачымся...
— Усяго табе добрага, Лазар, — з непрадбачанай цеплынёй развіталася Домна.
"Ну вось, я зноў абнадзеіў яе, — падумаў Богша. — Навошта? У мяне ж няма да яе ніякіх пачуццяў. Адно жаласць і шкадаванне, ды яшчэ адчуванне сваёй віны, хоць яе і не было".
Калі Лазар зайшоў у хату, маці стаяла, нізка сагнуўшыся над куфэркам. Усё вечка куфра спадыспаду стракацела каляровымі малюнкамі. Лазар ахапіў іх адным кароткім позіркам, нібы высветліў промнем пражэктара з даўніны гадоў. Некалі ён мог прастойваць перад вечкам куфэрка, як на маленні; таямнічы дзівосны свет малюнкаў бударажыў ягонае ўяўленне нават больш за казкі Шахеразады, якія ён прачытаў дужа рана і якія вельмі ўразілі яго. I цяпер напачатку ён убачыў іх тымі, дзіцячымі вачамі; потым промень пражэктара патухнуў, і ўжо дарослы позірк зблізку і звысоку адзначыў парфумную стракатасць і прытарную саладжавасць малюнкаў. Вадаспад Іматра з прыгожай постаццю жанчыны ў вуалетцы на пярэднім плане нагадаў этыкетку з таннага мыла, а аперэтачная пара — вокладку замежнага часопіса, бачанага ў Кірылы Лыкавязава, які часта бываў на міжнародных кінафестывалях.
Читать дальше