У студыйным інтэрнаце Лазара чакаў Кірыла Лыкавязаў. Ён сядзеў у маленькім вестыбюлі на адзіным крэсле з калекцыі студыйнага сталяра Максіма Сахончыка — дзве коса збітыя скрыні, абцягнутыя аксамітам і аздобленыя парчой. Папраўдзе, Кірыла Лыкавязаў не быў той асобай, якую вельмі ў гэтай сітуацыі хацеў бачыць Лазар Богша. Але іх яднала прыналежнасць да адзінага ў краіне інстытута, які для Лазара Богшы быў святыняй, а кожны, хто некалі вучыўся ў ім, яго, Богшавым, братам.
Знешне Кірыла Лыкавязаў нагадваў вялікага дабрадушнага ката, які, прыгрэўшыся на прыпечку, мурлыкае сабе паціху каціную песню. Лазар Богша тады яшчэ не ведаў, што лагодны кот у адно імгненне ўмее пераўвасабляцца ў крыважэрнага тыгра. Богша павітаўся з Кірылам, ледзь пераадолеўшы няёмкае адчуванне сваёй над ім перавагі, больш удачлівага мужчыны і сваёй нікчэмнасці як рэжысёра.
Кірыла Лыкавязаў у сваю чаргу састроіў на твары выраз спагадлівасці, хоць ягоны твар і працівіўся гэтаму — на ім ніяк не знікала адзнака сытасці і задаволенасці.
— Я ўжо чуў, як з табою расправіліся нашы студыйныя цэрберы, што вартуюць уласную бяздарнасць, — сказаў ён з тым невыразным адценнем у голасе калі не разбярэш, ці табе спачуваюць, ці радуюцца твайму гору. — Але не гаруй, стары. Хадзем да мяне ў групу...
— Кім?
— Рэжысёрам, — адказаў Кірыла з такой упэўненасцю, нібы быў дырэктарам студыі.
— Спадзяешся, што студыйнае начальства мяне зацвердзіць? — уражаны лыкавязаўскай дабратой і спагадлівасцю, спытаў Лазар Богша.
— Мяркую — зацвердзяць. Дарэчы, ты не будзеш пярэчыць, калі на галоўную ролю я запрашу Цюку?
У Лазара, безумоўна, не было сур’ёзных прычын пярэчыць, хоць нешта падказвала яму не згаджацца. "Зрэшты, — падумаў ён, — хай гэта рашае сама Цюка".
Ці не з той інтэрнацкай сустрэчы і нарадзілася іхняя дружба, якая з цягам часу стала нагадваць вар’яцкі кактэйль: сумесь даверлівасці і здрады, шчырасці і нянавісці, падтрымкі і зайздрасці, вернасці і хлусні і яшчэ мноства чалавечых вартасцей і заган. Гады, па-свойму распараджаючыся, дадавалі ў іхнія адносіны то салодкага сіропу, то пякучага воцату, то духмянай атруты, а то і жыватворчага бальзаму, які зацягваў балючыя раны тонкай скуркай забыцця. Гады бурылі, яны ж пакрысе і цыравалі іхнюю ненатуральную дружбу.
Тады ж, шчыра расчулены лыкавязаўскай дабратой, Богша ўсхвалявана сказаў Кірылу:
— Я табе двойчы ўдзячны. Найперш таму, што не трымаеш злосці за Кацю. Іншы, напэўна, не падаў бы мне руку. Па-другое, дзякую табе, што прыйшоў на дапамогу, калі мне яна вельмі патрэбна. Я гэтага ніколі не забуду. А цяпер пойдзем да мяне, пасядзім па-брацку...
Кірыла нешта загаварыў пра гуманізм і ягоную, лыкавязаўскую, бязмежную гуманнасць. Ён гаварыў увесь час, пакуль Лазар завіхаіўся ля стала, гатуючы закуску. Ён гаварыў бы і далей, але прыйшла Цюка, і Кірыла адразу замоўк.
— Сабачы холад на дварэ, — сказала Цюка, хукаючы на рукі і насцярожліва пазіраючы на Кірылу.
— Ён хоча прапанаваць табе ролю ў сваім фільме,— каб неяк растлумачыць жонцы, чаму ў іх сядзіць Кірыла, сказаў Лазар.
— Ён са мной ужо гаварыў, — з наіўнай шчырасцю сказала Цюка, выдаўшы тым самым Кірылу, які прамаўчаў, што ён размаўляў з ёю. — Але мне не падабаецца сцэнарый...
— А я і не ведаў, што вы ўжо сустракаліся, — абы парушыць няёмкую паўзу, сказаў Лазар. — Чаму табе не падабаецца сцэнарый?
— Чаму? — спытала Цюка не ў яго, Лазара Богшы, а ў Кірылы Лыкавязава, які збянтэжана, але і іранічна крывіў тонкія губы — усміхаўся. — Я табе скажу, чаму мне не падабаецца сцэнарый. Я не цярплю крывадушнасці, а Кірылаў сцэнарый наскрозь хлуслівы і крывадушны.
— Каця, — адчуваючы сяброўскую адданасць Лыкавязаву, які прыйшоў яму на выручку, з дакорам выгукнуў Лазар. — Каця! Як ты можаш так казаць?
Цюка, аднак, не звярнула на ягонае высакародства ніякай увагі. Яна ўперылася злоснымі вачамі ў Кірылу Лыкавязава.
— Я не магу зразумець, — абурана гаварыла яна, не зводзячы вачэй з Кірылы, — як можа чалавек хлусіць без усялякай патрэбы?
— Нешта я цябе не разумею, — стараючыся ўхіліцца ад Цюкінага позірку, сказаў Кірыла.
— Хіба ты, Кірыла, прытрымліваешся тых прьінцыпаў, якіх вучыш прытрымлівацца тваіх герояў? Кіношныя штучкі, Кірыла. Ты пішаш і будзеш здымаць фільм не дзеля нейкай высокай ідэі, а дзеля прыгожага кадра, дзеля займальнай сцэны і яшчэ чортведама дзеля чаго. Ты сам не верыш у тое, пра што пішаш. Ты — цынік, для цябе няма нічога святога. Ты, як тыя кухары, што добра ведаюць, чаго і колькі трэба пакласці ў бурду, каб яе елі іншыя, але сам есці не станеш.
Читать дальше