Там, дзе належала быць захрыстай, стаяла сем багоў: галоўны бог і грамавержац Пярун з доўгімі вусамі. Хорс з Дажджбогам, Стрыборг, які загадваў вятрамі, Семаргал, падобны на каржакаватае дрэва з доўгімі каранямі, дужа жаноцкая Макоша і падобны на пастуха Велес. Вакол гэтых галоўных багоў гарэла восем свяцільнікаў. Дым ад іх узнімаўся пад самую страху, туды, дзе зеўрала ў страсе дзірка.
Пярун быў абвешаны ручнікамі, абчэплены пацеркамі. Ён гнеўна глядзеў з падлогі на распятага Хрыста, а распяты Хрыстос з нямым болем глядзеў на яго са сцяны. Абое яны былі ў чымсьці падобныя, можа, грубаватай, тапорнай работай, аголеным натуралізмам, без аніякіх абагульненняў — багі ў першапачатковым народным уяўленні, якіх яшчэ не кранулася недаступная святасць, якіх яшчэ не адарвалі ад людзей і не ўзнеслі на такую вышыню, на якой ужо нельга пабачыць агрэхі тапорнай работы.
3-пад страхі звешвалася і яшчэ адно бажаство, пра якое Богша нічога не ведаў — лік месяца-поўні — адна палавіна якога была зацемнена, другая асветлена. 3 асветленай гэтай палавіны пазіраў на Богшу жаночы твар. То было, няйначай, увасабленне дня і ночы, святла і цемры, чалавечага розуму і чалавечай нікчэмнасці — філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці ў яе дыялектычнай супярэчнасці. Так, прынамсі, падумалася Лазару Богшу. Мабыць, невыпадкова бажаство гэтае спускалася са столі над галавою Перуна. Мабыць, яму належала засцерагчы разгневанага Перуна ад непрадуманых аднабаковых рашэнняў. Ды Пярун не мог задраць сваю драўляную галаву, каб зірнуць у неба.
"У гэтым уся сутнасць быція, — падумаў Богша. — Багі, як і людзі, не здольны зазірнуць у неба-вечнасць, хоць ім і здаецца, што яны глядзяць у яго. Чалавек таму і змясціў бога на небе, каб больш думаць і глядзець у вечнасць. А яму ўсё няма часу. Зямныя клопаты не даюць яму надоўга адводзіць вочы ад зямлі".
Чамусьці думка гэтая падалася яму дужа важнай, нейкім адкрыццём, да якога заставаўся адзін крок, адно імгненне. Ен паспрабаваў сканцэнтравацца, каб зрабіць гэтае адкрыццё, але нешта перашкодзіла яму.
"А чаму мне знаёмы гэты твар, што апускаецца з неба? — падумаў Богша і зноў зірнуў на бажаство ў выглядзе поўні. Яно глядзела на яго жывымі вачамі. — Божа, гэта ж Прадслава, Ефрасіння, князёўна Полацкая. Ну, так, яна..."
Адкрыццё гэтае ўразіла Богшу. Неверагодна, каб на сто гадоў раней нараджэння Ефрасінні, у Менску, у праваслаўнай царкве апускалася з-пад страхі бажаство, як дзве кроплі вады падобнае на Ефрасінню. Зрэшты, чаго не можа быць у зямным існаванні, тое, мусіць, звычайна да існавання замагільнага. Ва ўсякім выпадку, так падумалася Богшу, і загадка, што была зацікавіла яго, перастала існаваць.
Так найчасцей і бывае з чалавекам. Пакуль ёсць тайна, нейкая загадка, чалавек не хоча ні есці, ні піць. А як толькі тайна вытлумачана, няхай сабе і бязглуздымі доказамі, ён забывае, што яна існавала. Важна вера ў нешта, хоць тая вера і трымаецца на прывіднай павуцінцы ісціны.
Пакуль Лазар Богша асэнсоўваў убачанае, ля падножжа Перуна разгараўся касцёр з бярозавых і дубовых паленняў, а тыя дванаццаць жрацоў у белых кашулях, што ляжалі на земляной падлозе, цяіпер стаялі па крузе, трымаючы ў дрыготкіх руках свяшчэнную ахвяру: хто чорнага пеўня, хто белага голуба, пучок траў, каліва льну, жытнія каласы, пук кудзелі...
Богша падумаў, што ўсё гэта вельмі эфектна выглядала б на кінаплёнцы. Шкада, што сцэнарыст не дадумаўся да гэтага. Але ён не мог дадумацца, бо заўсёды сцвярджаў, што на той час паганская рэлігія была выгнана з Полацкай зямлі, а калі і захавалася, дык хіба ў лясной глухамані. Якая неабачлівая самаўпэўненасць! Людзі дужа неахвотна расстаюцда са сваімі перакананнямі і верай.
— Прывядзіце яе, — пачуўся аднекуль, нібы з неба, жаночы голас.
Лазар Богша азірнуўся — у царкву ўваходзіла прыгожая маладзіца, зусім яшчэ дзяўчо, у белай да пят кашулі, падпяразанай вузенькім чорным поясам, з такой жа чорнай стужкай у белых валасах.
Яе вёў за руку стары сівабароды жрэц, хударлявы, з сінімі вачамі, падобнымі на дзве льдзінкі з замерзлага ляснога возера. У левай руцэ ён нёс дзіця, не аднятае яшчэ ад матчыных грудзей, а таму нявіннае, як белы голуб.
Богша не мог дацяміць, што мусіць тут адбыцца, і ён узняў вочы ўгору, быццам хацеў там знайсці адказ на сваё бязмоўнае пытанне.
I зноў яго вочы сустрэліся з жывымі вачамі жаночага вобліку — бажаства ў выглядзе поўні. Цяпер у Богшы не было сумнення: жаночы твар быў жывы, і ён загаварыў да Богшы голасам сельскай настаўніцы пачатковай школы:
Читать дальше