Богшу аж страсянула ад гэтай думкі, і тут жа над ягонай галавой пачуўся шолах крылаў і злавеснае крумканне.
Богша задраў галаву. Крумкачы засцілалі шарачковае неба ад краю да краю, і шолах іх крылаў нагадваў шоргат рыдлёвак аб пясок. Лазар Богша заціснуў вушы далонямі, а галаву ўцягнуў у плечы. Яму хацелася ўцячы адсюль абы-куды, хоць на край свету, але ён добра ведаў, што ўцячы ўжо нельга.
Гэта было страшэннае адчуванне свайго заняволення — навокал ні турэмных сцен, ні калючай агароджы, ні вартавых, а ўцячы нельга, быццам ён прывязаны мільярдамі нябачных пут да тых падзей, якія павінны адбыцца...
"Тое, што непазбежна, не можа быць адкладзена або перанесена напасля. Як я не мог зразумець гэтае д’ябальскае правіла, калі жыў там, у сваім стагоддзі? Пра што я тады думаў? Мітусіўся, пераконваў сябе, быццам нешта раблю, нечым важным займаюся. Божа мой, якая нікчэмная марнасць перад няўхільнасцю таго, чаму наканавана быць!" — падумаў ён, адчуваючы сваё бяссілле перад непазбежнасцю.
Ён яшчэ стараўся затрымацца пад пачварнай вярбою, а яго ўжо кудысьці цягнула, як у вір. Ён азірнуўся і пабачыў, што разам з нейкім людам бяжыць угару па вузкай вулачцы, у канцы якой стаялі два стражы з дзідамі. Яны і перагарадзілі дарогу натоўпу. Адзін Лазар Богша неяк апынуўся па той бок варот на невялікім дворыку.
Той дворык паўкругам абступілі будынкі без вокнаў, але з дзвярамі. Самы вялікі будынак, што стаяў насупраць варот у ніжні горад, меў яшчэ і ганак з галерэяй на дубовых слупах.
Перад ганкам і стаяў той коннік, якога Богша бачыў на дарозе, і лупіў з-за вуха булавешкай па дошцы. Глухія гукі разляталіся ва ўсе канцы, выкурваючы з-пад стрэх галубоў з вераб’ямі. Тыя як ашалелыя насіліся над горадам.
Людскі натоўп усё рос і рос. Ён зламаў стражу, расцёкся па дворыку, захапіў кожны выступ, кожную страху, абы пачуць навіну, якая, па ўсім, не абяцала дабра.
Падпяразваючы на хаду папругі, надзяваючы на галовы шлемы, выбягалі на дворык дружыннікі, каб навесці парадак. Войска заўсёды павінна быць у форме, іначай яго не адрозніш ад шайкі разбойнікаў з вялікай дарогі.
Дружыннікі накінуліся на натоўп, змялі, сплюшчылі яго, адграблі да вала, і ён раптам прытаіўся, можна было падумаць, што перастаў дыхаць.
У цішыні, што запанавала на дворыку, зарыпелі дзверы, нібы чорт скрыгатнуў зубамі, выкрышыў іх і выплюнуў на зямлю, — на крутую галерэю выпаўз лахматы, з расхрыстанай грудзінай чалавек, падобны на мядзведзя, якога патрывожылі ў бярлозе.
— Што за гоман? — аблёгшы грудзямі на парэнчу, спытаўся ён асіплым голасам.
Ганец перастаў лупцаваць булавешкай па дошцы, рвануўся да ганка.
— Ваявода!.. Яраславічы ў Случаску. На Менск ідуць...
Па натоўпе, як віхор, пракаціўся гоман, усё больш набіраючы сілу. Загаласілі ў роспачы бабы, заплакалі дзеці.
— Колькі ў іх войска? — спытаў ваявода.
— Святаслаў і Усевалад з малымі дружынамі. Ізяслаў — з вялікай...
3 хаты на галерэю выбегла проставалосая маладзіца з кажухом у руках. Накінула кажух на плечы ваяводы.
— Прастудзішся, — паўшчувала яна ваяводу. — Мароз, а ён расхрыстаў грудзі...
Ваявода ўсунуў рукі ў доўгія рукавы, скаціўся па прыступках ганка ўніз, мякка ступаючы па снезе поршнямі, зрабіў крокаў дзесяць па крузе. Нібы абдумваў прамову, якую трэба сказаць гараджанам.
— Мяняне, — зычным голасам крыкнуў ён, і гоман у натоўпе паступова аціх, як аціхае водгулле ў бары. — Мяняне, чулі, якую вестку прынёс вартавы?..
Натоўп маўчаў — ён-то чуў вестку, ды яго цікавіла другое: што скажа ваявода?
Богша надзіва выразна, буйным планам бачыў напружаныя людскія твары.
Акруглы, з карычневымі ад цяжарнасці плямамі твар маладзіцы. Яна стаяла як скамянелая, закусіўшы край ніжняй пульхнай губы.
Сурова, у адну кропку глядзеў стары з белай барадой. На ягонай шыі вісеў амулет — сякера з мноствам кружкоў.
У хлапчука-падшыванца гарэзліва свяціліся адвагаю вочы: нарэшце можна паспытаць сябе ў баі з чужынцамі, якія пруць у іхнюю зямлю па здабычу.
Твары, твары, твары!..
Напалоханыя, засяроджаныя, суровыя, здзіўленыя, хітрыя, насмешлівыя, зларадныя, самотныя, адкрытыя, радасныя, маршчыністыя, пачырванелыя ад марозу, зарослыя бародамі, захутаныя хусткамі, юныя, дзіцячыя з пузырамі пад носам...
Богша нятрудным намаганнем волі абарваў панараму на смаркатым хлапчуку, нібы абрэзаў плёнку на мантажным стале, і раптам апынуўся сярод абаронцаў горада на крапасным вале.
Ён добра ведаў, што знаходзіцца ў старажытным Менску на рацэ Менцы ці то на прыканцы тысяча шэсцьдзесят шостага, ці то зімой шэсцьдзесят сёмага года, што горад гэты неўзабаве будзе разбураны, а яго жыхары перабіты, але якраз гэта і наводзіла Богшу на страх, аж заходзілася сэрца, а пад лапатку калола тупым шылам.
Читать дальше