— Лазар Богша, няхай памогуць табе багі спазнаць ісціну, без якой нельга спасцігнуць і самае відавочнае...
Троху загадкавыя словы гэтыя нагадалі нешта даўняе, з гадоў дзяцінства ўспомненае, але ні да чаго пэўнага не прывязанае. Так, далёкі водгук нейкіх павучанняў, на якія не было звернута потым ніякай увагі.
— Хто ты? — пацікавіўся Богша, не вельмі спадзеючыся пачуць праўдзівы адказ.
— Рагнеда... Прамаці ўсіх князёў, што сядзяць цяпер па гарадах і крэпасцях ад Тмутаракані да Лачвозера і Багалюбава...
Богша паверыў яе словам. Навошта хлусіць полацкай князёўне, вялікай княгіні кіеўскай, затворніцы ізяслаўскай, княгіні полацкай?..
Богша адчуў, як праяснілася ў галаве, нібы ён разгарнуў кнігу і ўся мудрасць яе стала ягонай, Богшавай, памяццю. Ён успомніў, што і праўда цяперашнія князі зямлі рускай паходзяць ад двух сыноў Рагнедзіных: Ізяслава і Яраслава, празванага Мудрым.
Як ён раней не падумаў пра гэта? 3 адзінаццаці законных, аднаго няроднага (па сутнасці не сына, а пляменніка), мноства незаконных сыноў Уладзіміравых ад шматлікіх жонак і яшчэ больш шматлікіх наложніц пасля смерці Уладзіміравай засталося толькі два сыны і абодва ад Рагнеды. Астатнія загінулі, разбегліся па свеце, згубіліся сярод дружыннікаў і смердаў па гарадах і весях Кіеўскай Русі.
Што гэта? Шчаслівая выпадковасць? А можа, добра падрыхтаваная аперацыя ганарлівай полацкай князёўны, бацьку і братоў якой забіў будучы вялікі і святы кіеўскі князь Уладзімір, а самую гвалтам узяў замуж? Можа, гэта Рагнедзіна помста князю Уладзіміру? Уладзімір імкнуўся знішчыць Полацкае княства, каб і памяці не засталося аб туташніх князях, а яна, Рагнеда, вярнулася ў Полацк, пасадзіла ў ім князем сына Ізяслава, аднавіла Полацкае княства, стварыла полацкую дынастыю князёў. Мала таго, яна прадбачліва параіла другому сыну, кульгаваму, нямогламу Яраславу, на якога бацька Уладзімір Краснае Сонейка махнуў рукой (які, маўляў, з кульгавага воін!), пайсці князем у Ноўгарад, дзе князёў спрадвеку трымалі ў чорным целе. Затое ў Ноўгарадзе Яраслаў больш-менш спакойна адседзеў чорныя дні варагавання, калі былі забіты Барыс і Глеб, а потым з дапамогаю сястры сваёй Прадславы без лішніх цяжкасцей стаў кіеўскім князем. Так закняжылі ў зямлі рускай князі з роду Рагвалодава, няхай сабе і па жаночай лініі. Але ж Рагвалодавічы, якіх Уладзімір хацеў звесці са свету. Што б там ні казалі, а жыццё і настаўленне на гады дае жанчына-маці, і тым яна моцная, і нельга перамагчы яе!..
Лазар Богша аж загарэўся жаданнем высветліць у самой Рагнеды некаторыя падрабязнасці яе жыцця і жыцця яе сыноў. Калі і дзе сустрэнецца яшчэ такая нагода?
Але ягоная ўвага, як на грэх, была адцягнута старэйшым жрацом, які спыніўся ў крузе дванаццаці другіх жрацоў — паганскіх апосталаў прадзедаўскай веры...
Старэйшаму жрацу падалі доўгі крамнёвы нож. Ён узяў яго ў правую руку, падняўшы левай рукой дзіця...
Намер яго быў такі відавочны, што Лазар Богша здрыгануўся. Ён хацеў крыкнуць: спыніся! Але крык абурэння і гневу засеў у горле. Тады Лазар Богша, не задумваючыся, безразважна кінуўся да жраца, схапіў яго за руку, якая трымала нож. Ён сціснуў жрацову руку з усёй сілы.
— Адыдзі, паганец, — прашаптаў жрэц, не выпускаючы з рукі нож. — Дай нам вымаліць літасць у адзінага і справядлівага бога нашага Перуна. Іначай усіх нас чакае смерць ад мячоў Яраславічаў...
— Не, — сказаў Богша. — Пакуль ёсць я, не пральецца і кропля нявіннай крыві.
Жрэц нешта сказаў, і на Богшу накінуліся воіны, павалілі яго на Перунова падножжа, так што Богшава галава звесілася з узлобку. Богша ўбачыў над сабой страшнае ў злосці Перунова аблічча, за ім самотны твар Хрыста, вочы якога асуджалі Богшу. За што?
— Пярун патрабуе, каб кроў гэтага чужынца абрасіла ахвярнік, — сказаў жрэц.
Лазар Богша зразумеў, што настаў канец ягонаму замагільнаму існаванню. Зараз жрэц перарэжа яму горла, і ён, Лазар Богша, вернецца на зямлю. Яму захацелася паздзекавацца са старога жраца, які, няйначай, лічыў сябе намеснікам Перуна на зямлі.
— Слухай, дзед, усе твае старанні марныя, і ты не павернеш кола падзей у адваротны бок. Яраславічы разбураць ваш горад, і ён перастане існаваць на ўсе далейшыя вякі. Пра яго існаванне забудуць нашчадкі, і нават гісторыкі стануць спрачацца, ці быў тут горад і ці яго разбурылі Яраславічы. Ніякія твае ахвяры Перуну не памогуць гораду пазбегнуць прадвызначэння...
Жрэц глянуў на Богшу з лютасцю, якая больш падыходзіла сыну д’ябла, чым служку Перуноваму. Ён узняў над Богшам крамнёвы нож. Богша з кіношнай цікаўнасцю глянуў у жрацовы вочы: можа, у іх праблісне спачуванне, няўпэўненасць, жаль, спагада, ну, хоць якая рысачка чалавечых пачуццяў перад тым, як ягоная рука перарэжа горла чалавеку. Не пеўню, а чалавеку! Дзе там! У вачах жраца была бязлітасная вера ў сваю праўду. Лазар Богша скалануўся: усё ж паміраць ад рук такога забойцы не хацелася. "Гэта самыя страшныя забойцы, — падумаў Богша. — Забойцы, якія лічаць, што забіваюць людзей дзеля іхняга дабра".
Читать дальше