Богша рашуча падхапіўся, каб сказаць гнеўную прамову, а тады хоць у пекла, хоць назад на зямлю. Але нехта ўзяў яго за левае плячо, моцна націснуў, прымусіўшы апусціцца на лаву. Богша азірнуўся — за ягонай спіной стаяў той самы хлопец, якога полацкі майстар Лазар Богша назваў аўтарам "Слова аб палку Ігаравым".
— Гэта ты? — узрадаваўся Лазар Богша. — Як табе падабаецца гэтая залатакудрая пачвара гусляр? Я абураны!..
— Памаўчы, — загадаў яму аўтар "Слова". — Ты не маеш права так гаварыць. Гэта славуты Баян, унук бога Велеса, які пасе жывёлу і памагае людзям іграць на гуслях і спяваць песні, што змякчаюць чалавечыя сэрцы, ачарсцвелыя ад несправядлівасці і бязмежнай улады.
— Баян? — не паверыў сваім вушам Богша. — Гэта Баян?..
Тым часам Баян кончыў спяваць, але ягоныя пальцы ўсё яшчэ краталі струны, і тыя ракаталі, як далёкі вясновы гром, — і грозна і ўзнёсла. Калі апошні, можа, самы нізкі гук замёр пад чорнай ад вечнай гары столлю, настала пругкая цішыня, якая раптам узарвалася дружнымі крыкамі захаплення.
Толькі князі, як і належыць ім па званні, засталіся сядзець на лаўцы — астатнія паўскоквалі з месц, тупалі нагамі па ўтрамбаванай земляной падлозе, грукалі цяжкімі драўлянымі каўшамі і карцамі аб дубовую стальнічыну, размахвалі мячамі ў высока ўзнятьгх руках і нават спрабавалі пераймаць гусляра, спяваючы радкі быліны, якія ім найбольш спадабаліся.
Гэта было не тое прытворнае захапленне меламанаў дваццатага стагоддзя, якія крычаць і вішчаць не таму, што разбіраюцца ў мастацтве, наадварот, таму, што нічога не разумеюць у ім — то было шчырае захапленне песняром. Было зусім непраўдападобна, каб усе гэтыя воіны, прывыклыя забіваць, гвалтаваць, рабаваць, гэтак беззапаветна любілі песню.
Навошта яна ім?.. Што знаходзяць яны ў песні? Але факт заставаўся фактам.
— Цябе таксама захапляюць Баянавы песні? — спытаўся Богша ў аўтара "Слова".
— Ён вялікі майстра, — ухіліўся той ад шчырага адказу і сціпла дадаў: — Але я нязгодны з ім..._
Богша не стаў высвятляць, чаму аўтар "Слова" не згодны з Баянам, ён нырнуў пад стол і вынырнуў па той бок стала.
— Брат, — пачуў Богша голас аднаго з князёў і надзіва лёгка здагадаўся, што гаворыць Ізяслаў Яраславгч, князь кіеўскі, Святаславу чарнігаўскаму, — брат, саступі мне Баяна. Табе і аднаго Хадыны хопіць...
— Чуў? — спытаўся аўтар "Слова" ў Богшы, нейкім цудам апынуўшыся за ягонай спіной. — Усе яны, князі, так. Робяць выгляд, што нешта разумеюць у песнях. Хіба ж можна разлучаць Баяна з Хадынай? Паслухаў бы ты іх разам!.. Божа мой, якое хараство!.. Хоць і адзін Баян варты дзесяткаў гусляроў. Але ўдвух!.. Так спявалі, можа, у старыну пры вялікім князі Уладзіміру...
— I іх разлучаць? — спытаўся Богша, чамусьці вельмі ўстрывожаны словамі аўтара "Слова".
— Разлучаць, — адказаў аўтар. — На што не здольны князі дзеля сваёй прыхамаці...
— Я папярэджу яго, — узгарэўся Богша і рашуча накіраваўся да Баяна, вакол якога стаялі дружыннікі.
Аўтар "Слова" не паспеў спыніць яго. Богша падышоў да Баяна.
— Выйдзем... Трэба пагаварыць, — сказаў ён.
Дружыннікі абурана загулі.
— Ціха, — крыкнуў Баян. — Гэта адзін з маіх зайздроснікаў, і нам настаў час высветліць нашы адносіны.
— Мы яго зараз праткнём кап’ём і павесім грэцца на марозе, — сказаў рудабароды дружыннік.
— Праткні сабе язык, — агрызнуўся Баян.
Дружыннік хацеў нешта сказаць, але яго адціснулі ў кут, сталі ўгаворваць:
— Не звязвайся з гэтымі прыдворнымі паэтамі. Баян цяпер у княскай міласці. Паскардзіцца князю, дык табе не паздаровіцца.
Рудабароды дружыннік толькі скрыгатаў зубамі..
— Пайшлі, — Баян абняў Богшу за плечы, і яны пасунуліся да дзвярэй.
I зноў Богшу давялося ісці паўз лаўку, на якой сядзелі князі.
— Дзякуй, браце мой Святаславе, — пачуў Богша Ізяславаў голас і зразумеў, што Святаслаў аддаў Баяна Ізяславу, як аддаюць на карыстанне нейкую рзч. — Мой гусляр зусім адбіўся ад рук. Слова яму поперак не скажы. Ніякай удзячнасці...
— Ага, параспускаліся, — пагадзіўся Святаслаў. — Але ж самі і вінаватыя. Іх, гэтых гусляроў, трэба ў чорным деле трымаць. А мы ім патураем. Волю далі. Пры Уладзіміру Красным Сонейку парадак быў. Хай бы каторы паспрабаваў пайсці насуперак княжаму слову! Яго так прыструнілі б, што дзесятаму заказаў бы...
Богша не стаў слухаць, як прыструньваў Уладзімір сваіх гусляроў. У таго і асілкі хадзілі па адной маснічыне. А каторыя спрабавалі пярэчыць князю, тых Уладзімір адсылаў на самыя далёкія заставы — ваюйце сабе там з ідалішчамі паганымі...
Читать дальше