Мусіць, Богшаў час не настаў, а можа, так належыць на тым замагільным свеце, што чалавеку няма звароту назад, у зямное існаванне. Рука жраца здрыганулася, з яе вываліўся нож. Сам жа жрэц раптам адкінуўся назад, а з ягоных грудзей вытыркнуўся наканечнік кап’я.
Усё адбылося з такой маланкавай хуткасцю, што Богша не паспеў і вокам міргнуць. Ён толькі адчуў, што яго ўжо ніхто не трымае, і ўсхапіўся на ногі.
Дванаццаць жрацоў і трынаццаты старэйшы валяліся на мёрзлай зямлі ў тых позах, у якіх іх застала смерць. А воіны Яраславічаў ужо скідалі з падножжаў паганскіх багоў і кідалі іх у касцёр. Богша хацеў папярэдзіць воінаў, што ў кастры вельмі моцна зашугала полымя. Таго і глядзі, каб не загарэлася царква. Але ён падумаў, што гэта ўжо не ягоная справа.
Адзін з воінаў, малады яшчэ з выгляду хлопец, падчапіў кап’ём распятага на крыжы Хрыста і таксама кінуў яго ў вогнішча, паверх паганскіх багоў, па якіх ужо бегалі прагныя языкі агню.
Зрабіўшы сваю вайсковую справу, воіны выбеглі з царквы. Нібы пачуўшы волю, агонь перакінуўся на сцяну, адтуль — на сухія дошкі страхі, весела заскакаў па іх, шукаючы выйсця на прастор.
Станавілася горача. Лазар Богша выйшаў на двор.
У марозным паветры над горадам стаяў вясёлы гоман заваёўнікаў, перадсмяротныя енкі абаронцаў, лямант жанчын, звон мячоў, віск свіней, мычанне кароў, ржанне коней, смех, лаянка, праклёны, тупат — усе пачварныя гукі вайны, ад якіх, здаецца, не было ратунку.
Богша бег у натоўпе людзей да паўночнай брамы, ён і сам не ведаў, навошта яму бегчы, якога яму ражна трэба там, куды бег гэты звар’яцелы натоўп.
За брамай на ўтаптаным снезе сабраліся насельнікі горада, ацалелыя пасля пабоішча. Іх было не шмат. Жанчыны, дзяўчаткі. У іхніх вачах яшчэ не растаў страх, але цеплілася ўжо і надзея. Сярод іх паходжвалі дружыннікі. Натоўп гэты варушыўся і гуў — пачварны клубок жывых цел уразіў Богшу, вострым болем адгукнуўся ў ягонай галаве.
Што было далей, Богша не запамятаў.
Ён ачнуўся ў нейкай хароміне з вялізным сталом, у тарцы якога немалады гусляр з залацістай грывай валасоў расцякаўся песняй-былінай па задуменных тварах трох князёў Яраславічаў і іх дружыннікаў.
5
Ён ачнуўся ў нейкай хароміне з вялізным сталом, у тарцы якога немалады гусляр з залацістай грывай валасоў расцякаўся песняй-быліінай па задуменных тварах трох князёў Яраславічаў і іх дружыннікаў.
Лазар Богша сядзеў між двух ваяк, вопратка якіх і вайсковая амуніцыя сведчылі аб іх высокім чыне. Яны слухалі гусляра з увагай.
Лазару Богшу аж зрабілася крыўдна і зайздросна: чорт бы ўзяў гэтых князёў з іх дружыннікамі — ніякай да яго ўвагі і павагі. Быццам ён не вядомы кінарэжысёр, акцёр і паэт, а адзін з тых бездараў, які нешта піша, здымае ці сам здымаецца, абы зарабіць на хлеб і гатовы брацца за любую халтуру, што прыносіць грошы.
Ён з падкрэсленай незалежнасцю ўзяў збан, наліў у драўляны коўш пітва, выпіў яго без аніякага смаку, але знарок крактануў на ўсю сілу лёгкіх, як, бывала, умелі крактаць грузавыя рамізнікі, выпіўшы шклянку гарэлкі на марозе, каб сагрэцца. Ды і гэтым ніякай увагі да сябе не прыцягнуў. Яму заставалася цяпер адно: паслухаць гусляра.
У таго быў голас рэдкай прыгажосці, і ён дасканала валодаў ім. Але тое, пра што спяваў гусляр, аж абурыла Лазара Богшу.
Гэта ж трэба набрацца нахабства — услаўляць Яраславічаў за тое, што яны захапілі, разрабавалі амаль безабаронны горад, перабілі ўсіх мужчын ад сівых дзядоў да хлапчукоў, якія яшчэ не адзявалі порткі! I не проста ўслаўляць! Гусляр складаў быліну пра захоп Менска Яраславічамі, як пра высакародны ўчынак асілкаў, што выратавалі свой народ ад варвараў-чужынцаў.
Але і гэта было не ўсё, што абурыла Богшу. Песня-быліна гусляра здорава нагадвала быліны пра Ілью Мурамца, Дабрыню Мікіціча і Алёшу Паповіча. Лазар Богша не цярпеў плагіятараў і так званых інтэрпрэтатараў, якія здольны на тое, каб абакрасці і самога сябе.
"Ну і жук!.. Ну і старажытны інтэрпрэтатар!.. А глядзі, якая пашана! Самі князі ледзь не моляцца на яго. Ды чаму не маліцца, калі гусляр праслаўляе іх і яны спадзяюцца на стагоддзі. А за што праслаўляе? За разбой!.. Ну і парадачкі! Ну і гусляр!.. Такога любыя князі запаважаюць..."
Лазару Богшу так і рупіла спыніць хоць якім чынам гуслярова глумление над праўдаю жыцця. Во ўжо лакіроўка рэчаіснасці, якой, бадай, не ведала гісторыя. Бог літасцівы, куды ты глядзіш, калі ты ёсць на свеце?.. Дык жа няма яго, няма!..
Читать дальше