Богша добра разумеў, што ён не можа загінуць, што, загінуўшы, ён вернецца ў рэальнае існаванне, але яму ўсё роўна было страшна. Хацелася збегчы адсюль у зацішную эпоху, без войнаў і смерцяў. Ды няўмольны закон мантажу чалавечага існавання насуперак Богшавай волі, здаецца, перастаў дзейнічаць. Над Богшам запанавала непазбежнасць, ад якой ніхто яшчэ не здолеў уцячы. Ён усё чыста ведаў, што адбудзецца, і не мог папярэдзіць падзеі. Ён быў бяссільны...
Во, сапраўды, пякельная трагедыя і жудасць, з якой не давядзі бог калі-небудзь сустрэцца чалавецтву. Смерць заўсёды страх і жуда. Але яна ў параўнанні з тым, што адчуваў Богша, — бязвінная забаўка чорных сіл.
3 пакутніцкім выразам на твары Богша назіраў, як мяняне рыхтаваліся сустрэць Яраславічаў. Было шмат крыку, пагроз разбіць, пакараць Яраславічаў, але спрактыкаваным вокам Богша бачыў, што горад не гатовы сустрэць ворагаў, што ён не вытрымае колькі-небудзь сур’ёзнага штурму.
Не хапала ўзбраення, людзей, а можа, і ахвоты змагацца. Ды і парадку было не шмат. Больш мітусні і крыкаў, за якімі хавалася славутае авось: авось Яраславічы не пойдуць на прыступ, авось ваявода палюбоўна дамовіцца з князямі, адкупіцца данінай, авось заўтра ці паслязаўтра прыскочыць на сваіх быстрых конях Усяслаў Полацкі і адгоніць Яраславічаў ад горада...
Богша прайшоўся па горадзе. Паслухаў, пра што гавораць мяняне.
Малады хлопец яшчэ з пушком пад носам замест вусоў прыціскаў у закутку каля вежы дзяўчыну. Тая ляніва адбівалася і гэтак жа ляніва казала яму: "Ведаем мы вас". Хлопец смяяўся: "Калі ведаеш, дык чаго брыкаешся, як неаб’езджаная жаробка?"
На вале двое мужчын палілі касцёр, глядзелі на варожую аблогу і вялі няспешную бяседу:
"Яраславічы таксама людзі. Свае ж хрысціяне. Нада было адразу адчыніць браму. Дык дзе там! Ваявода за сябе баіцца. А нам якая выгада? Чым ваяваць будзем? Hi стрэл, ні коп’яў. Камення і таго не назапасілі. Сцяну ўсё абяцалі ўзвесці. Дзе там! Неміжане вунь якую сцяну ўзвялі. Ім што — багатыя. А мы — жабракі".
"Дык, ваявода, кажуць, ганцоў паслаў. Усяслаў-князь цяпер пад Ноўгарадам. Калі ўсё добра, і двух тыдняў не міне, Усяслаў тут будзе, — гаварыў другі мужчына з чорнай барадой. — Неяк адседзімся..."
Яраславічы, здаецца, і не збіраліся браць горад. Па вечарах усе тры браты збіраліся ў адным з княжацкіх шатроў, вялі бяседу, слухалі песні княжацкіх песняроў, а выпіўшы мёду, падзадорвалі сябе на прыступ горада.
Іхнія дружыннікі тым часам шасталі па ваколіцах, рабавалі ўсіх, хто не здолеў уцячы падалей у глухамань. Стары гарадок Ізяслаўль адкупіўся ад Яраславічаў. Князі спадзяваліся, што і Менск дабярэ розуму, таксама адкупіцца багатай данню.
Менск жа спадзяваўся на свайго князя. Падзеі беглі сваёй чаргой. Насустрач людской пагібелі. Яны ўладна трымалі Богшу, не выпускалі яго з горада, для якога настаў ці не апошні дзень існавання.
Вузкая вулачка, перагароджаная снежнымі сумётамі, вывела Лазара Богшу да драўлянай царквы, якая нагадвала свіран з чатырохканцовым бярозавым крыжам на шпілі чатырохскатнай страхі. Дзверы царквы былі расчынены насцеж. А можа, іх зусім не было. Лазар Богша гэтага не заўважыў. Яго ўразіла іншае.
На ўбітай і добра прамерзлай зямлі ніцма ляжала дванаццаць чалавек у аднолькавых белых кашулях, у такіх жа белых штанах, абматаных белымі анучамі. Hi царскіх варот, ні захрыстай, ні панікадзіла або падсвечнікаў, ні абразоў на сценах у царкве не было. Праўда, на сцяне вісела распяцце: на кароценькім крыжы — кароценькі Хрыстос з вырачанымі вачамі. Ягоныя рукі, ногі і бок былі густа заляпаны чырвонай фарбай. Яна сцякала з іх густым наплывам. Богша аж уздрыгнуў ад гэтай натуралістычнай, без аніякіх прапорцый жуды.
Затое ўздоўж сцен на сухіх кругляках стаялі старажытныя язычаскія бажкі, выструганыя з кляновых і ліпавых камлёў, сплеценыя з саломы і чароту, вылепленыя з гліны.
Богша надзіва лёгка, без падказкі пазнаваў паганскіх багоў. Вунь стаіць Крыў, кульгавы на левую нагу. Побач Ярыла — дзяўчына ў кашулі да пят, з вянком на галаве і ржанымі каласамі ў правай руцэ. Далей Купала, голы, бессаромны, але вясёлы і троху смешны. Ляшак з рагамі і капытамі, накшталт тых чарцей, што сабраны ў Каўнаскім музеі. Дзве багіні — Нава і Марэна, падобныя на шкілеты, увасаблялі хваробу і смерць. За імі туліўся Трыглаў, чорны і страшны, як падземнае прыстанішча памёрлых, якое ён увасабляў. Нібы салдаты на парадзе выстраіліся дамавік, вадзянік, русалка, Віл, Кікімара, Палазнік, Мора і чамусьці два бажкі балтыйскіх славян, Радгост і Руевіт.
Читать дальше