« ·
8— 17. X.
Вельмі дарагія — агульныя ўспаміны.
Фэст (святога Роха) у Кабыльніку. Ксёндз пачаў: хто верыць у Бога — будзе кучаравы, ні адзін волас не зваліцца.
Падслухаў:
— Вы не пойдзеце ў касцёл, бо камуністка.
— А што мне пропуск нада выпісваць?
«Не пайшоў у Армію. Меў 17 дзесяцін. Ежаднеўна чытаў малітву. Хаваўся ў падпол. Сталін усё мне дараваў, бо я ў Бога веру».
18.X.
На календары надпіс: «Скука — это украденное у жизни время». Як спецыяльна мне пад настрой. Няма калі хадзіць, званіць, пісаць, гаварыць, а чытаць яшчэ ж хочацца страшэнна.
29. X.
Смерць нашай былой суседкі Соф’і Флораўны. Пры смерці добрае пераважвае. Становіцца ясным, што галоўнае — заслугі чалавека. Яе клопат пра дзяцей. Яе трывушчае цярпенне.
Ляжыць нябожчыца ў чырвонай труне, а побач шэпчуцца то з сумнай развагай, то з ціхаватым прысмехам людзі. Пра радню, пра цяперашні свет. Падносіць нізенькі чалавечак дзетак да труны, паказвае і гаворыць: «Яна цябе лаяла ў дзетсадзе, а зараз не будзе». Плача Кітаіха, яе сяброўка, супакойваюць. Ставяць свечку ў шклянку з зернем і таўкуць, таўкуць сваё і чужое жыццё. Паміраючы, ідзе чалавек, перад тым як знікнуць у небыццё, на вялікі суд і стаўляе яшчэ пад яго і радню. I даюць чалавеку столькі душэўнай і рытуальнай увагі, што і частка б яе палепшыла б яму на свой час жыццё.
Я бачыў, як лянотна пазяхала ад абыякавасці прыгажуня. Знікала яе хараство. Знікаў дух, аставалася матэрыя.
Абнаўлення хачу я, хачу абнаўлення,
Ад сумоты, нудоты, ад ляноты збаўлення.
Хай пакута, хай радасць, хай бессань трывог.
О, вясновае поле! Абноўлены плуга народ...
1968
24. III.
Подпіс пад карцінкай: «Мгновение задумчивости, летнее поле, юность, светлые девичьи глаза...» На карцінцы больш таго і няма нічога. Чаму ж тады шчыміць?
26. III.
3 пагодай, як і з вясной, пагаджаешся насуперак усякай логіцы: душа ў іншую пагоду не верыць.
Абваліліся ад берагоў глыбы ільду. Мутная хуткая рачная вада. Мутнае, як зямля з вясновым снегам, неба. Жывыя і гаманкія ручаі. Радаснае прадвесне паветра. Пухлы снег выяўляе старасць зімы. Дзеці перагараджваюць ручаінкі.
Думкі пра тое, як жыць, працаваць, запісваць. Трэба б завесці нейкую картатэку ці слоўнік «Людзі 30-х гадоў».
31. III.
Нядзеля. Цёплыя дні. Вялікае сонца. Прасторны свет. Сухая дарога. Першы вясновы футбол. Вялікая радасць — гуляць, бегаць. У ёй няма стомы, тугі, клопату, і ты роўны тады з усімі людзьмі.
Ломоносов: «В любви от страха тихо тайте». (!)
Не запісваць — кепска — мозг як у бяздзеййасці, нерухомы, свядомасць не фіксуе арыенціры думак і ўражанняў, за спіною астаецца пустэча.
Я ўбачыў свет і нешта зразумеў у ім тады, калі пачаў пісаць пісьмы ў розныя куткі; я назбірваў уражанні і кампанаваў іх у адпаведнасці з настроямі маладога, закаханага ў невядома што і каго, чалавека.
Тады досыць было астацца аднаму, зірнуць навокал, і йачыналіся адкрыцці, якія на сёння, можа, мізэрныя (можа, сёння я нават іду шмат хутчэй), але ад іх радасна пахла пачуццём, адчуваннем адкрыцця.
Кожная драбяза наваколля заходзіла ў счапленне з душой і вопытам...
Кантакты з Сёмухай падмацоўваюць думку, што ён шчыры, прыязны і сумленны хлопец.
Для мяне важная думка аб «нейтральной порядочности». Я ж не подлы, у мяне няма жадання некага пакрыўдзіць, адпіхнуць. Я не даю дарогі зайздрасці. Так ці не? Але ўсё гэта нейтральна-абыватальскі стан. I калі на большую сумленнасць я не здольны, маё душэўнае жыццё заўсёды будзе бедным.
Лётаць я не здольны? Поўзаць не магу. Разважанні — гульня ў словы. Чалавек павінен знаходзіць у сабе сілы для свабоднага жыцця, незалежных думак.
Сітуацыі — не галоўнае. Галоўнае — душэўны змест сітуацый. Здаралася, я адступаў і пагаджаўся з нязгодай у душы, адчуваючы ўнутранае супраціўленне.
13.IV.
Назіранні над тварамі.
Абаяльная дзяўчына з вялікімі сінімі вачыма паварочваецца ў профіль, і твар раптоўна робіцца адштурхоўваюча вялым і тупым.
Воддаль — чалавек бывалы, са спакойным і роўным выразам-твару, прамымі брывамі, ледзь пазначанымі жалвакамі, ды яшчэ ў скураной куртцы — такія заўжды ведаюць, як трымацца ў любой, нават непрадбачанай сітуацыі — раптам, падышоўшы бліжэй, — выяўляе рысы аморфнага, хлапечага, бесхарактарнага твару.
Вяртаюся ўвесь час да сябе — чалавека, які едзе са зняволення (бальніцы), думае, што колькі мінут гаворкі з маладой і прыгожай дзяўчынай — шчасце, што пах свежага хлеба — шчасце, што шчасце — несці кветкі дзяўчыне, ведаючы, што гэтыя кветкі яна возьме радасна і пяшчотна. Магчымасць даваць другім радасць — шчасце.
Читать дальше