18.IX.
Роўная, пажаўцелая і пазмрачнелая восень. Суха, пыл вісіць туманамі. Калі і хаджу, то душа ўсё роўна мала бывае сам-насам з прыродай. Не адкрыў сабе нічога, нічым не ўзрадаваны. Халоднай штампоўкай выстукваю нейкія водгукі на Чыгрынава...
Учора былі ў Лецкаўшчыне (мама хадзіла да сваіх студэнтаў). Тры дзесяткі мілых, простых і шчырых дзяўчынак, якіх я раптам засаромеўся. Хлопцы — трэба ж — прасілі настаўніцу О. Ф. дастаць ім самагонкі.
А. Пысін:
Час адлічваюць новыя дрэвы,
Што ў сярэдзіне веку ўзышлі.
У часіну душэўнай патрэбы
Успамінаем мы тых, хто ў зямлі.
Пад карэннямі, пад малачаем ёсць у кожнага хтось дарагі.
«Ушануем мінутай маўчання...»
Мы маўчым, як маўчаць берагі.
Два светы ў памяці і зроку,
Мяжою — вастрыё ляза.
Ды я скажу святлу і змроку:
Дабра болын сеецца, чым зла.
»
Не кожны сейбіт. Суцяшэнне
Магчыма знойдзецца і ў тым,
Што сціпла ты паднёс насенне,
Згінаўся ў клопаце адным.
20.IX.
«ИЛ», № 9—68: «В середине 30-х гг. именно Брехт написал полные горьких сомнений стихи, посвященные незаконному аресту и гибели своего друга сов. писателя Третьякова. Стихотворение кончалось вопросом: «А что, если он невиновен?»
22. ІX.
Сёння прыязджаў Толя Кудравец. Мяне не застаў і пакінуў сваю кніжку з добрым сяброўскім надпісам. Мілы, чэсны, шчыры і сумленны Толя.
1.Х.
Здаў нарэшце рэцэнзію на Куляшова. Мама сцвярджае, што добра, а мне нешта боязна, сорамна. Ніякавата перапрошваўся ў Шкрабы...
«Звязда» перадрукавала рэцэнзію N на Быкава, хаця N толькі што зняты за крадзеж ганарараў. А NN праядаў нават замежную валюту, у выдавецтве махлявалі на аплаце... Абышлося вымовамі, папярэджаннямі...
5.Х.
Чытаю перапіску Шоу з Кемпбел. Як Шоу піша пра смерць і крэмацыю сваёй маці: драматург, а не сын. Як выказвае спачуванне, калі ў яе загінуў сын.
Перапіскі людзей, як і ўсё жыццё, цікавей і складаней за самыя выдатныя раманы.
17.Х.
Гутарка Бярозкіна з N.
3 жыцця робіце карціну (Урубеля). Гэта сама мова зарыфмавала: насенне-сумненне. «Як кветка з дрэнным пахам» — вам не падабаецца дзяўчына, пакіньце яе ў спакоі. Нашто вам капацца ў чужой душы;
Кожны наш капрыз, кожную... на п’едэстал. «Прыгожая, гарманічная, як статуя» — але статуя холад. Што вы нашы недахопы прыпісваеце боскаму свету? «Мароз-распуснік...» I — усе штампы грамадзянскай лірыкі. Усё трэба зрабіць да верша і пісаць потым у нейчай чалавечай норме...»
Мітусня з кааператывам. Мана Клаза. Нарэшце — развязка.
Запіс, пісьмо, нататка — усё патрабуе падрыхтоўкі і засяроджанасці.
2.XI.
Юбілеі, святы, урачыстасці... Ці грэюць яны хоць каго. Калі б грэлі!
А ўвогуле — у жыцці маім мала грамадскага сюжэту (ну, К., ну, пэўнае апірышча на праўду — але не было вялікай рызыкі). Чаму? Разлік? Асцярожнасць?..Вельмі страшнае: калі нашы пачуцці разыходзяцца з «лініяй», то не хочуць верыць нашым пачуццям, нават апаганьваюць іх.
Кітайскія балбатушкі: «разгромим решительно, окончательно, начисто и полностью».
Кіно наша слабое і нашмат слабей літаратуры. Столькі бачыў нашых хвалёных фільмаў, а ўсяго толькі і засталося — «Летят журавли», «Баллада о солдате». Можа, яшчэ што.
15. XI.
Дурнотны, цяжкі дзень. Доўгая, заядлая гаворка з Н. I. Шэўчыкам, які ўпарта даводзіць, што «Тартак» — жахлівая моўная з’ява. Прытым — праваты ў яго няма, здаецца, ні ў адным нюансе спрэчкі.
16. XI.
Дзень без справы. Субота, нудота. А на вуліцы — добра марозна, свежа. Калі не мне, то многім дае бадзёрасць і сілу гэта роўнае сонечнае свячэнне, ціхі настой марозу, цвёрды наст і гулкі лёд, рассыпаныя дымы і лёгкае, тугое паветра, адгалоскі свабоднага і чыстага, бесклапотнага жыцця — вераб’і і дзеці.
Ш. гэтымі днямі расказваў мне пра адзін свой сон напярэдадні арышту: прыляцела восем птушак — не птушак, птушыных шкілетаў. (8 гадоў.)
17. ХІ .
Сёння з мамай — у бабкі Пад’ельскай. Трапілі на гарэлку (сышліся бабульчыны дочкі). Адна — белатварая, рухавая, паўнаватая, мажная; мужа няма, сын памёр. Яе вострая і спрытная гамана. Мама злавіла кірунак яе клопатаў, і пілі за тое, каб «нікому бяды не прынесці, але і ад свайго шчасця не адмовіцца». Гаварылі пра п'яніц.
Маці В. таксама хітраватая, але ўжо зусім па-свойму. Манера — чарка пасля ўсіх.
Яшчэ жанчына — «мне водка на карысць, але па глыточак, дробненька; есці не магу, але п'ю».
Мама мусіла з імі піць разы чатыры, памалу змяншаючы дозу.
31.XI.
Пленум Саюза 30—31. Даклад Брыля, які надоўга запомніцца. Палёт касманаўта Берагавога Георгія Цімафеевіча. Куляшову і Танку — народнага паэта.
Читать дальше