Таму што ўсе мы — народ, і філасофія кожнага (і сукупнасць іх) — ёсць філасофія, мудрасць, а значыць, і справа народная.
З самага пачатку скажу, што праца А. А. Бембеля мне спадабалася не таму, што там сказана вуснамі людскімі добрае і пра мяне (адзіна вартая ўзнагарода, хаця, можа, яе і не трэба было, не заслужыў), а проста таму, што яна ўзняла жывое пытанне самога жыцця. Таму што яна не толькі сям-там гаварыла асабіста пра мяне добрае, але сям-там, зноў жа чалавечымі вуснамі, надавала мне асабіста такіх выспяткаў, што я аж дрыжэў ад абурэння і злосці (заслужыў і на тое і на другое). Думаю, што памяркоўныя, разумныя і культурныя людзі паставяцца да яе гэтак жа сама. Бо калі цябе хваліць парсюк, тады прызнайся, што ты і сапраўды "пляшешь" дрэнна. А калі ён цябе лае — гэта значыць, не ўсё яшчэ згублена.
І наадварот.
Таму, паставіўшыся да добрых слоў і да лаянкі талерантна, я спадзяюся, што маю права адразу ж выказаць і сваю думку, і свой погляд на рэчы і іх стан (а значыць, і на праблему кнігі). Гэта не прэтэндуе на глыбакадумнасць, гэта толькі думка, "вандроўнага філосафа і збіральніка філасофіі людской". І таму пастаўцеся да яе цярпіма і бесстаронне, як я паставіўся да вашай.
Вось адна: "Паміраць збірайся, а жыта сей". І незайздросныя доля і слава ў тых, хто ў чаканні "страшнага суда" распрадасць, растрэнькае маёмасць бацькоў і сваю, закіне сваё поле, ляжа ў труну і будзе рыхтавацца, чакаць.
Ганьба яму і пагарда і ў сваім доме і ў чужым. Думаеце, сусед, які сее, будзе паважаць такога? Ды не! Ці яму патрэбен лішні работнік, найміт, на ягоным клапціку поля? Дудкі! Плюне ён толькі і скажа: "Працуй. А наконт страшнага суда, дык гэта яшчэ бабка надвае варажыла ("бабка надвое сказала" або "na dwoje babka wrozyla, albo umrze, albo bedzie zyla" — выбірайце той варыянт, які вам больш даспадобы).
Ну вось, цяпер, выказаўшыся проста, без двухсэнсоўя, я нібы падзяляю з аўтарам ягоны поспех (магчымы) і яго адказнасць. І магу пагаварыць пра кнігу ягоную больш падрабязна. І няхай не надта злуюцца тыя, каго давядзецца зачапіць, а тыя, каго захочацца пахваліць, не так ужо надта скачуць. Па словах вашых мяркуюць пра вас, а вось уздасца вам — па дзеях вашых. А на іх яшчэ трэба будзе паглядзець.
Спачатку думкі тых, чыё слова ўжо канчаткова, на вялікі наш жаль, стала дзеяй і "абскарджанню не падлягае". А.Міцкевіч (ясна, што з яго, як з песні, слова не выкінеш, хаця ён і дарэмна рабіў толькі з нас адных няшчасненькіх, бо ўсе народы і ўсе гісторыі народаў былі гісторыяй прыгнёту і большай ці меншай галечы), Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Цётка, Ядвігін Ш., П. Глебка (агульнае ўражанне страшнае: сапраўды мароз па скуры і труба архангела).
І сучаснікі нашы, годныя людзі, якія (будзем спадзявацца і жадаць, каб гэта здарылася праз сто год) некалі таксама з гонарам скончаць свой шлях. Іначай жа нашто жыць?
Пасля Багушэвіча і Купалы і іншых такіх і сапраўды, здаецца, няма чаго казаць. Але гэта толькі здаецца. Занадта яшчэ моцна сядзіць у некаторых учарашні раб, і яму трэба паўтараць вачавіднае тысячу разоў, бо сорам у наш час і нашаму чалавеку хаця ў чымсьці быці добраахвотным рабом… А ёсць і простыя нашчадкі чарнасоценцаў з нейкіх там правінцыйных "лісткоў", якія лічаць, што пасля рэвалюцыі нічога не змянілася, што найлепшы шлях для кар'еры (бо таленту ж і змогі працаваць на службе Айчыне, "не складваючы рук і не шкадуючы сілаў" — няма) — гэта подласць і рэптыльнасць.
І ёсць такія, што, накшталт сына са старой байкі, які спытаў бацьку, як яму "преуспеть в жизни", і, атрымаўшы адказ "служы радзіме", сказаў: "цяжка", а на другую параду: "будзь флюгерам" сказаў:
Ах, нет, я не хочу быть с подлостью знаком.
Ни труд и ни порок меня равно не привлекают.
На што бацька слушна адказаў:
Тогда… тогда будь просто дураком.
Я слышал, многие из них преуспевают.
Усё ж ёсць адзiна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей i лёсу, проста таму, што iначай нельга. Iначай — сорам. I не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што "яны самi так хочуць". Сорам — самiм так хацець. I яшчэ большы сорам, спасылаючыся на гэта, на "аб'ектыўную" (хто гэта вызначаў, аб'ектыўна гэта цi не?) хаду падзей, на самой справе падпарадкоўвацца не сваёй думцы, а думцы нейкага дзядзькi. Свой "перапе?с" i праўда ж у сто разоў горшы за iншых.
Так, кніга балючая, кніга непрыемная (а хто хацеў ад літаратуры, ад філасофіі, каб яны "рабілі прыемна"? Мы не ў ложку, мы ў цяжкім рэйдзе, партызаны, дзеці і ўнукі партызанаў). Кніга непрыемная (і ліст "беларуса" з Масквы: раб прыкрывае сваё разумовае халуйства гучнымі словамі), але патрэбная. Як ланцэт лекара.
Читать дальше