— Frau ist gesagt, dass sie hat ka Zeit; wenn wass ist, dass mir geben und sagen [74] Пані сказала, што ў яе няма часу, калі што-небудзь трэба, перадайце мне.
:
— Also, — урачыста сказаў Швэйк, — der Frau ein Brief, aber halten Küschen [75] Ліст для пані, але дзяржы язык за зубамі.
.
Ён выняў ліст паручніка Лукаша.
— Ich, — сказаў ён, паказваючы пальцам на самога сябе, — Antwort warten hier in die Vorzimmer [76] Я пачакаю адказу тут, у пярэднім пакоі. (Абое гавораць ломанаю нямецкаю моваю).
.
— Што-ж ты ня сядзеш? — сказаў Вадзічка, які сядзеў ужо на крэсьле ля сьцяны. — Вазьмі сабе крэсла. Стаіць, як жабрак. Ня ўніжайся перад гэтым мадзьярам. Будзе яшчэ з ім валтузьня, вось убачыш, але я, брат, яму я-к трахну…
— Слухай, — спытаўся ён, трохі памаўчаўшы, — дзе гэта ты па-нямецку наўчыўся?
— Самавучкай, — адказаў Швэйк.
Зноў змоўклі. Раптам з пакояў, куды служанка занесла ліст, пачуўся страшэнны крык і шум. Нешта цяжкое грукнула аб падлогу, потым можна было выразна адрозьніць звон разьбітых талерак і шклянак, праз які чуўся роў:
«Basom azanat, basom az istenet, basom a Kristus marjat, basom az atuadat, baso a vilagot» [77] Мадзьярская брыдкая лаянка.
.
Расчыніліся дзьверы, i ў пярэдні пакой уляцеў пан у росквіце гадоў з падвязанай сурвэткай, размахваючы лістом.
Стары сапер сядзеў бліжэй, і разьюшаны пан напаў спачатку на яго: Wass soll das heissen, wo ist der verfluchte Kerl, welcher dieses Briet gebracht hat? [78] Што гэта павінна азначаць. Дзе гэты пракляты нягоднік, які прынёс ліст?
— Цішэй трохі, — сказаў Вадзічка, устаючы з крэсла. — Асабліва ў нас тут не разыходзься, a то вылеціш. Калі хочаш ведаць, хто прынёс ліст, дык запытайся ў таварыша. Ды гавары з ім асьцярожна, a то апынешся за дзьвярыма ўраз.
Цяпер прышла чарга Швэйку пераканацца ў красамоўстве разьюшанага пана з сурвэткаю на шыі, які, блытаючы ад злосьці словы, пачаў крычаць, што яны толькі што селі абедаць.
— Мы чулі, што вы абедаеце, — ломанай нямецкай мовай згадзіўся з ім Швэйк і дадаў па-ческу: — мы таксама былі падумалі, што дарэмна адрываем вас ад абеду.
— Ня ўніжайся, — сказаў Вадзічка.
Разьюшаны пан, на якім ад яго жвавых рухаў сурвэтка трымалася толькі адным рогам, гаварыў далей пра тое, што ён спачатку думаў, што ў лісьце пішацца пра памяшканьне для войска ў гэтым доме, які належыць яго жонцы.
— Тут-бы зьмясьцілася досыць шмат войска, — сказаў Швэйк. — Але ў лісьце пра гэта ня пісалася, як вы, напэўна, пасьпелі пераканацца ўжо.
Пан схапіўся за галаву і стаў абвінавачваць афіцэрства. Ён сказаў, што быў таксама падпаручнікам запасу і што ён ахвотна-б служыў на вайсковай службе, але ў яго хворыя ныркі. У яго час афіцэрства ня было такім распусным, каб умешвацца ў чужое сямейнае жыцьцё. Ён пашле гэты ліст у штаб палка, ў Вайсковае міністэрства, ён надрукуе яго ў газэтах…
— Даражэнькі, — з гонарам сказаў Швэйк, — гэты ліст напісаў я, ich geschrieben, kein Oberlajtnant. Подпіс падроблены. Unterschrift Name falsch. Мне ваша жонка вельмі падабаецца. Ich liebe ihre Frau. Я закахаўся ў вашу жонку па вушы, як сказаў Врхліцкі [79] Адзін з найбуйнейшых чэскіх паэтаў.
. Капітальная жанчына!
Разьюшаны пан кінуўся на Швэйка, які стаяў з спакойным і здаволеным выглядам, але стары сапёр Вадзічка, які сачыў за кожным рухам пана, падставіў яму ножку, вырваў у яго з рук ліст, якім той увесь час размахваў, і не пасьпеў пан Каконь апамятацца, як Вадзічка яго згроб, паднёс да дзьвярэй, адчыніў іх аднэю рукою і… нешта забарабаніла па ўсходах.
Здарылася ўсё гэта хутка — як у казцы, калі чорт прыходзіць па чалавека. Ад разьюшанага пана засталася адна толькі сурвэтка. Швэйк яе падняў і далікатна пастукаў у дзьверы пакояў, адкуль пяць хвілін таму назад вышаў пан Каконь і дзе цяпер чуваць быў жаночы плач.
— Прынёс вам сурвэтачку, — далікатна сказаў Швэйк пані якая ўзрыгвала на канапе. — Каб на яе не наступілі часамі. Усяго найлепшага.
Стукнуўшы абцасамі і ўзяўшы пад казырок, ён вышаў. На ўсходах ня відаць было якіх-небудзь значных сьлядоў барацьбы. Відавочна, усё адбылося так, як і меркаваў Вядзічка, зусім гладка. Толькі ў варотах Швэйк знашоў разадраны каўнерык. Відавочна, тут, калі пан Каконь ад страху ўплёўся за вароты, каб ня быць выцягнены на вуліцу, разыграўся апошні акт гэтай трагедыі.
За тое на вуліцы было ажыўленьне. Пана Каконя адцягнулі ў вароты насупраць і адлівалі вадою. А сярод вуліцы біўся, як леў, стары сапёр Вадзічка з некалькімі гонвэдамі і гонвэдзкімі гусарамі, якія заступіліся за свайго земляка. Ён спрытна адмахваліся, як цэпам, штыхом, трымаючы яго за канец папругі. Вадзічка ня быў адзін. Плячо ў плячо з ім біліся некалькі салдат-чэхаў з розных палкоў, якія праходзілі ў гэты час па вуліцы.
Читать дальше