Юрась КЛЫЧ.
Ад прачытанага ў захапленні! Засталася дробязь. Вышлі толькі адпаведныя дакументы, завераныя пячаткамі, наконт таго, плавалі ці не дзесяць стагоддзяў таму назад па Сухаструнцы на чаўнах.
I раману — зялёная вуліца.
Твой сябра Адам ЗАЦІРКІН.
Дакументаў, зразумела, не аказалася...
— Што і казаць,— гаварыў старшыня бацькоўскага камітэта сёмага класа.— Сын ваш і ўрокі рыхтуе — адна смехата. А паводзіць ужо — плакаць трэба. То шыбы каменем пашкліць, то заняткі сарве. А надоечы на галаве ў класе спрабаваў хадзіць. Прымай, даражэнькі, меры.
Вы ведаеце, каб мне з гэтага месца не падняцца, колькі яго вучыў.— I Іван Заяц паказваў старэнькую папружку, у двух месцах сшытую дратвай.
— Не-э-э, Іване Фаміч, гэта не тое. Тут такт трэба. Педагагічны.
— А што ж гэта такое?
— Уявіце, ваш сын прыносіць двойку. Іншы ў крык, а вы спакойна: «Колечка, як ты да такога дакаціўся? Які сорам!» Ці вось яшчэ. Класная піша, што ваш сын зламаў новую парту! I вам трэба за свой кошт набыць яе. Што рабіць? Крычаць? Не. Размаўляць з сынам так, каб не павышаць голасу. Ціха, лагодна.
— А калі нервы?
— Такога быць не можа. Такт і толькі такт. Размаўляць ціха, лагодна, як я з вамі.
— Не разумею,— сумняваўся Іван Заяц.— Ён двойку прыносіць, а ты яму шэптам «Колечка».
— Хопіць! — не стрываў старшыня бацькоўскага камітэта класа.— Дзве гадзіны дзяўбу пра педагагічны такт, а ён мядзведзь мядзведзем. Цярпенне лопнула.
У Андрэеўку нашу Эдуард Цімафеевіч Гузік з'явіўся са сваёю маладою жонкай Алінай Агапаўнай на прадвесні. Ён — егерам, яна — ветурачом. I паколькі ў яго знаёмых не было — то першым, з кім сышоўся Гузік, быў я. I такавішчы паказаў яму, і азёры, дзе ладныя акуні бяруцца.
А заадно дапамог уладкаваць у садзік яго дачушку, знайшоў работу для жонкі.
Эдзік тады не раз казаў мне: «Даруйце, Максім Максімавіч, нават не ведаю, як аддзячыць вам». Ластаўкай шчабятала і яго Аліна: «Вы дабрадзей наш. Тысячу пацалункаў. Кватэра наша — ваша кватэра».
За Эдзіка я быў старэйшы. Меў пэўны вопыт. I лічыў сваім абавязкам дапамагаць яму. Мне прыемна было з ім па восені падстрэліць качура-крыжака, а па першай парошы па зайцу-шараку пальнуць. Сумеснае паляванне яшчэ болей нас зблізіла.
А гады ішлі. Эдуард Цімафеевіч стаў ляснічым, да яго стала прыязджаць начальства з райцэнтра.
Памажнела і Аліна Агапаўна. У галоўнага ветэрынарнага ўрача саўгаса таксама завяліся новыя знаёмыя. Усё часцей да іх стаў заязджаць сам ветэрынарны ўрач раёна. То па рабоце, то на смажанага зайца, а то і проста час пабавіць. За фаршыраваным шчупаком, духмянай юшкай. Надаралася, што сябра мой прывозіў яго на ўласнай «Волзе», якую я яшчэ раней дапамог яму купіць.
I чым больш з'яўлялася новых знаёмых у Гузікаў, тым менш яны сталі заўважаць мяне. Ці на рэчку едуць — забудуць узяць, ці ў райцэнтр — то абавязкова аб'едуць. А заўчора праехалі міма, новае паліто мае пафарбавалі дарожнай граззю. I... не заўважылі.

У нашай спецыялізаванай нарыхтоўчай канторы «Дубовая кара, апенькі, лясныя рогі» ўрачыстасць. Падзея за падзеяй. Нязменнаму яе начальніку Халімону Халімонавічу Сыраежку споўнілася пяцьдзесят. Юбілей. I з нагоды гэтай яшчэ ўранні сакратар-машыністка, Клаўдзія Тарасаўна прынесла букет жывых руж. А ў тых ружах паштовачка і прывітальны тэкст:
«Наш дарагі, наш любы Халімон Халімонавіч! З Днём анёла Вас! I жыцця — яшчэ на сотню гадоў, і сілы маладзецкай, і творчасці юнацкай! Пад вашым мудрым кіраўніцтвам ад прэміі да прэміі нас!
Ура — яшчэ раз ура Халімону Халімонавічу!»
I подпіс: «Ад чыстага сэрца Ваш родны калектыў».
Прачытаўшы гэта, кіраўнік канторы ажно праслязіўся. Якая павага! Колькі любові! Што ні работнік — то добразычліўца. А было ж усялякага, але ўсё роўна любяць.
А ў гэты час, седзячы за сталом, службоўцы вялі такую гаворку:
— I колькі яшчэ можна трываць гэтага Сыраежку? Ні рыба ні мяса. Год-два — і закат нашай канторы.
— Не кажы, братка, целяпень-целяпнём. Рабіць з ім — што ваду ў ступе таўчы. Адна марока.
Читать дальше