—Я ж думаю, ты не спалохаўся і не стаў прасіць, каб цябе вызвалілі?
— Не спалохаўся. I прасіць аб вызваленні не стаў, бо сёння гэта азначала б, што мяне скінулі. Я вызвалюся сам — бразну дзвярыма, калі палічу, што надышоў самы той момант. А пакуль — мо яшчэ паспею што добрае для ўсёй грамады зрабіць.
— Малайчына. Дык і супакойся, — сказала Ніна Іванаўна. — Заадно і я супакоюся. А то глянула, як зайшоў...
— Не супакоішся. На вялікі жаль, не супакоішся. Я не сказаў табе пра галоўнае.
Ніна Іванаўна падняла на мяне вочы і маўчала — чакала.
— На пленуме выступіў і мой дарагі сябра. I з усёй бальшавіцкай палымянасцю выпаліў, што за гады працы сакратаром у СП у мяне не прыбавілася ні дабрыні, ні светлыні, ні прынцыповасці...
— Так і сказаў? — перапытала зусім глухім голасам, памаўчаўшы.
— Так і сказаў. I што ж заставалася падумаць прысутным, калі адзін з самых блізкіх сяброў такое гаворыць?
Ніна Іванаўна сапраўды доўга не магла супакоіцца і яшчэ неаднойчы ў той вечар азадачана горка, амаль у роспачы, паўтарала: «Як жа ён мог такое сказаць? Гэта ж трэба вельмі не любіць, каб такі прысуд вынесці. Дык а трыццаць гадоў сяброўства куды падзець? А што было між вамі трыццаць гадоў?..» У адзін з наступных дзён сказала: «Паспрабавала ўявіць, каб Панчанка публічна, на людзях, выдаў такое свайму сябру Танку, ці Калеснік — Брылю, альбо наадварот — Танк выдаў такое Панчанку... Ці Куляшоў — Твардоўскаму... Не толькі ўявіць немагчыма, нават і падумаць брыдка...»
Менавіта пра Куляшова і Твардоўскага яна прыгадала таму, што шмат ведала аб іх сяброўстве, і не толькі з розных успамінных публікацый. Шмат расказала ёй жонка Куляшова Аксана Фёдараўна, да якой Ніна Іванаўна часта заходзіла і на Нарачы (жылі па суседству), і ў Мінску на кватэру. Аднойчы прынесла і дакументальнае пацвярджэнне дружбы двух вялікіх — перапісаныя з дазволу Аксаны Фёдараўны два лісты Твардоўскага да Куляшова. Папрасіла гэтага дазволу, бо надта ж хацела, каб і я прачытаў іх, ведаючы, што і мне будзе вельмі цікава. Адзін з лістоў, за 05.11.1968-га, падам тут: «Дорогой мой Аркаша! Позволь поздравить тебя и с праздником общим (Окт. рев.), и с твоим особо — присуждением тебе звания Народного поэта Республики, и тем самым—должностью первого заместителя Янки Купалы в белорусской и всей советской литературе. М. Танка я собственно мог бы назвать первым замом Якуба Коласа, но есть опасность, што вдруг обидится вторым по счету, хотя столь же почетным местом. Мне нет необходимости говоршь тебе о том, что чины и звания поэтам мало помогают, ты достаточно умён, чтобы знать это без меня. Но всякое даяние—благо, и если это звание принесет тебе хоть малую толику в смысле житейском, и на том спасибо. Обнимаю тебя, мой милый бывший маленькнй пьяница. Бывший большой пьяница А Т.» Вядомаж, Ніну Іванаўну не мог не ўразіць і гумар апошніх радкоў — і дасціпны, і па-сяброўску бязбоязны. У другім лісце, за 10.02.1965-га, вялікі паэт выказвае абурэнне, што кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі не толькі не падтрымлівае кандыдатуру Куляшова на Ленінскую прэмію, але і чыніць нейкія перашкоды. «Дела твои на Неглниной, 15 в общем хороши и, как мне кажется, увенчаются желательным результатом, но должен сказать, что хитроумный маневр братьев-белорусов ставит в недоумение не только меня и вообще твоих друзей, но и лиц совершенно объективных. Ах, Пятрусь, Пятрусь!
До встречи! Твой А Т.»
Згаданае імя — тагачасны старшыня СП БССР Пятрусь Броўка. Як вынікае з тэксту ліста, не ўсе ў Беларусі хацелі, каб вялікі паэт атрымаў належную ўзнагароду. «Ну што ж, — зрабілі мы тады з Нінай Іванаўнай не новую выснову. — Беларусы застаюцца беларусамі. Вось так і сябруюць...»
Заканчваліся перабудовачныя 1980-я. Надыходзіла старасць — з такімі «радаснымі» адкрыццямі ў сяброўскіх узаемаадносінах. Ніна Іванаўна бачыла, як я намагаюся з усіх сіл выкарыстаць спрыяльную сітуацыю — галоснасць і свабоду слова — каб прапагандаваць ідэю беларускага нацыянальнага адраджэння, а найперш — каб надаць нашай роднай мове статус адзінай дзяржаўнай. У тыя гады пра гэты мой галоўны жыццёвы клопат я вельмі часта выступаў з артыкуламі ў газетах. Бадай не было выпадку, каб Ніна Іванаўна не прачытала яшчэ ў рукапісу тое, што я збіраўся несці ў рэдакцыю. Гэта ўжо стала для мяне амаль абавязковым правілам — паказаць напісанае дзеля пэўнасці, што і наконт зместу і наконт стылю я магу быць спакойны. Вядома, не абыходзілася іншы раз і без яе заўваг. Я разумеў, што і ў гэтым было маё вялікае шанцаванне, і я быў вельмі-вельмі ўдзячны ёй, а значыць — і Госпаду Богу ці лёсу. Можа, не адразу, але аднойчы да мяне дайшло, што яна перажывае за кожную маю публікацыю не меней, чым я сам. А, можа, нават і больш, мацней. Ну гэткім яна была чалавекам і гэткім сябрам свайго спадарожніка жыцця. «Ты не маеш права выходзіць на людзі са слабізной», — о, колькі разоў я пачуў ад яе гэты нязменны ў сваёй неадступнай патрабавальнасці напамін! Гэта датычыла, натуральна, не толькі артыкулаў, але менавіта маёй патрыятычна-адраджэнскай публіцыстыкі. Ніна Іванаўна надавала ёй асабліва вялікае значэнне, бо як мала хто разумела, што час патрабуе ад пісьменніка поўнай душэўнай самааддачы ў імя ажыццяўлення нашага спаконвечнага беларускага ідэалу, бо ёй як мала каму гэта балела, — балела несціханым, неўтаймоўным беларускім болем. Так, уся справа-рэч была ў гэтым: яе неўтаймоўны сардэчны боль быў беларускім болем. Як і мой. Гэта быў наш агульны боль — непадзельны. На многае ў жыцці мы маглі глядзець не зусім аднолькава, успрымаць і рэагаваць па рознаму, але боль быў у нас, у нашых душах, адзін. Ён найперш і яднаў нас, і трымаў разам, і ёй было патрэбна маё разуменне гэтага ў такой жа меры, як мне было патрэбна яе разуменне. З адным удакладненнем да сказанага: яе разуменне выяўлялася ў незвычайнай самаахвярнасці, з якою яна клала ўсе свае душэўныя сілы на ўспамогу мне — як літаратару, грамадскаму, апасля і дзяржаўнаму дзеячу (у 1990 —1995 гады — старшыня пастаяннай Камісіі ВС РБ па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, член Прэзідыума ВС РБ). Як яна разумела маё становішча і мой грамадзянскі абавязак, — мой свяшчэнны (даруй, Божа!) доўг перад Беларуссю і беларускім народам! Я гэтак самаахвяравацца ўзаемна на яе клопаты — не мог. А між тым яна была аўтарытэтным філолагам і педагогам, у яе было самастойнае і вельмі напружанае творчае жыццё на філфаку БДУ. Зусім коратка кажучы: яна была АСОБА. Вядома, я любіў слухаць яе дасціпныя аповеды пра падзеі факультэцкага жыцця, як і пра многае іншае, чым ёй хацелася са мною падзяліцца, але, але... Як часта яна бачыла, што я слухаю «адным вухам»: яе слухаю, а думкамі ўвесь у «сваім». I што з таго, што цяпер я вельмі-вельмі аб гэтым шкадую?
Читать дальше