Лінор
Верш узнік як перапрацоўка ранняга верша «Пэан» (1831). Апошні варыянт «Лінор» датуецца 1849 годам.
Крумкач
Самы вядомы верш Э. По ўпершыню быў надрукаваны 29 стуДзеня 1845 году ў газеце Evening Mirror і адразу ж займеў неверагодны поспех. Падрабязна гэты верш разглядаецца аўтарам у артыкуле «Філасофія кампазіцыі».
Галаадскія горы — Галаад (альбо Гілеад), гістарычная вобласць у Старажытным Ізраілі на ўсходнім беразе ракі Іярдан.
Да Ф***
Першы варыянт верша напісаны ў 1835 годзе, у тым жа годзе надрукаваны ў часопісе Southern Literary Messenger пад назвай «Да Мэры» (магчыма, верш адрасаваны Мэры Ўіндэры, сяброўцы Э. Ройстэр). У 1845 годзе верш быў пераадрасаваны Ф. С. Осгуд.
Улялюм
Упершыню верш быў надрукаваны ў снежні 1847 года ў нью-ёркскім часопісе American Revue, але шліфаваўся аўтарам да 1849 году. Верш часта друкуецца і перакладаецца паводле версіі, дзе адсутнічае апошняя страфа.
Абэр, Ўір, Яанэк — у дадзеным вершы По стварае сваю ўласную жахлівую міфалогію і геаграфію іншага свету — лес Уір з прывідамі і вупырамі, вулканічная гара Яанэк і горнае возера Абэр. Некаторыя даследчыкі звязваюць назву Абэр з імем французскага кампазітара Даніэля Франсуа Абэра (1782-1871), чый балет «Возера феяў» карыстаўся папулярнасцю ў часы Эдгара По, а назву Уір — з імем амерыканскага мастака Роберта Ўолтэра Уіра (1803-1889), аўтара шматлікіх замалёвак даліны ракі Гудзон.
Ноч начэй — лічыцца, што тут маецца на ўвазе ноч Хэлаўіна.
Астарта — гл. каментар да верша «Юлалі». Даследчыкі лічаць, што Астарта, як і імёны Юлалі-Улялюм, нітуе два вершы. Гэта дае ім падставы гаварыць, што верш «Юлалі» расказвае перадгісторыю таго, што адбываецца ў вершы «Улялюм». Паводле непацверджаных сведчанняў сучаснікаў Э. По, сам паэт вымаўляў назву верша як «Юлялюм».
Званы
Упершыню верш надрукаваны 17 кастрычніка 1849 года ў часопісе New York Daily Tribune.
Эльдарада
Балада была надрукаваная ў красавіку 1849 года ў бостанскім часопісе Flag of Our Union і з'яўляецца водгукам на «залатую ліхаманку», якая пачалася ў Амерыцы пасля адкрыцця залатых радовішчаў у Каліфорніі.
Эль — да радасці
У арыгінале верш мае назву «Радкі ў гонар элю». Існуе легенда, што Эдгар По напісаў яго ў карчме правінцыйнага гарадка Лоўэл, куды прыязджаў у 1848 годзе, каб прачытаць лекцыю «Паэты і паэзія Амерыкі». Паводле легенды, верш можна было пабачыць на сцяне карчмы да 1920 года.
Анабэль Лі
Верш упершыню надрукаваны ў газеце New York Daily Tribune 9 кастрычніка 1849 года, удзень пахавання паэта.
Для Эні
Упершыню верш надрукаваны ў красавіку 1849 года ў бостанскім часопісе Flag of Our Union. Прысвечаны Эні Рычманд, блізкаму сябру паэта ў апошнія гады яго жыцця.
Сон у сне
У канчатковым выглядзе верш быў упершыню надрукаваны пасля смерці паэта. Часткова напісаны ў ранні перыяд творчасці.
Філасофія кампазіцыі
« Барнэбі Радж » — гістарычны раман Чарлза Дыкенса, напісаны ў 1841-1842 гг.
Ўільям Годвін (1756-1836) — ангельскі пісьменнік, палітычны філосаф і раманіст, аўтар раманаў «Прыгоды Калеба Ўільямса» (1794), «Сэнт-Леон» (1799) і «Флітвуд» (1805). Бацька Мэры Шэлі.
Трансцэндэнталізм — амерыканскі філасофска-літаратурны рух 1830-х — 1860-х гадоў, на які паўплываў трансцэндэнтальны ідэалізм I. Канта і ідэі Ф. Шэлінга. Тэрытарыяльна трансцэндэнталізм быў звязаны з Конкардам, дзе жылі самыя выбітныя яго прадстаўнікі — Ралф Ўолда Эмэрсан і Генры Дэвід Тора, а таксама Н. Готарн, М. Фулер, Ў Э. Чанінг і бацька будучай пісьменніцы Луізы Мэй Олкат Б. Олкат.
Паэтычны прынцып
« Калумбіяда » — значная паводле аб'ёму эпічная паэма Джоэла Барлаў (1754-1812), амерыканскага паэта і палітыка, выдадзеная ў 1807 годзе. Паэма была не вельмі добра прынятая сучаснікамі і ў далейшым часта высмейвалася.
Альфонс дэ Ламарцін — гл. каментар да апавядання «Забойствы на вуліцы Морг». Найбольш значнай часткай спадчыны Ламарціна лічацца першыя зборнікі вершаў паэта.
Роберт Полак (1798-1827) — шатландскі паэт, знакаміты сваёй паэмай «Плынь часу» ў 10 кнігах.
П'ер Жан Беранжэ (1780-1857) — гл. каментар да апавядання «Падзенне Дому Ашэраў».
« Серэнада » — верш, які цытуецца Эдгарам По, — «Індыйская мелодыя» ангельскага паэта Персі Бішы Шэлі (1792-1822).
Натаніэл Паркер Ўіліс (1806-1867) — амерыканскі празаік, паэт і рэдактар, які супрацоўнічаў з многімі значнымі творцамі, у тым ліку Эдгарам По і Генры Лангфэла.
Читать дальше