Чую я набату звон,
Медны звон!
Колькі страху і трывогі ў сэрцы абуджае ён!
Як гучыць начны той жах
У спалоханых вушах!
Болей сіл няма маўчаць —
I званы крычаць, крычаць,
Звон раптоўны
Гучна просіць шкадавання ў полымя, што не згасае,
I стыхію суцішае, тую, што заўжды глухая,
Не сціхае, не сціхае,
Не сціхае звон адчаю,
Звон ірвецца, быццам звер,
Каб усіх падняць цяпер,
Перад тварам бледнай поўні.
Медны, медны, медны звон,
Вусціш абуджае ён,
Боль і гора!
Як званы крычаць і просяць,
Вецер іх адчай разносіць
I звініць прастора,
Каб паведаміць усім
Праз гудзенне,
Галашэнне,
Што гарым, гарым, гарым,
I гучыць, нібы праклён,
Бразгатанне —
Спадзяванне,
Што растане жах, як сон,
Як растане ў цішы ночы гэты звар'яцелы звон,
Медны звон,
Страшны звон, што займее ўрэшце плён
I спакойным будзе сон,
Шум і тлум тады суціхне, як суціхне гэты звон!
Пахавальны чую звон,
Скрухі звон!
Колькі гэты стогн жалезны абуджае дум пра кон!
Пасяляе ў сэрцы страх
I гучыць ён у вушах,
Гэты звон злавесны, змрочны і глухі,
Плач і ўздых, што зноў і зноў
Вылятае са званоў,
За грахі
Кліча вернікаў маліцца,
Толькі чутны на званіцы
Смех сухі.
Гэта смех званічных зданяў,
Што залезлі на вярхі,
Шчасце, мары і каханне
Знеслі ў чорныя мяхі,
Ім не жыць і не памерці,
Бо не людзі і не чэрці —
Вупыры,
Вусцішныя званары,
I вупыр-кароль стары
Угары
Выбівае смерці звон!
Танчыць, весяліцца ён:
Смерць гукае ён здавён,
I плыве журботны звон,
Мерных зыкаў пералівы —
Сагаў даўнія матывы,
Танчыць, весяліцца ён,
Б'ецца звон,
Мерных зыкаў пералівы —
Сагаў даўнія матывы,
I гудзе жалобна звон,
Звон, нібыта смерці сон,
I ідзе жалобны звон,
Мерных зыкаў пералівы,
Са званіцы той здавён,
Сагаў дзіўныя матывы
Прасякаюць зычны звон,
Што прарочыць хуткі скон,
Праганяе светлы сон,
I імчыцца наўздагон — і ў палон!
Вечны сон
Напрарочыць гэты крык і зык і звон!
Пераклала Ганна Янкута
напісана ў 1848
Мужны ваяр
Цераз гушчар
Зліваў, дажджоў і граду
Ў зыркай брані
Мчаў на кані
Ў пошуках Эльдарада.
Ехаў штодзень,
Ехаў, аж цень
Лёг на душу, як здрада, —
Бо не знайшоў
Ў свеце краёў
Пекных, як Эльдарада.
Чуючы схіл
Колішніх сіл,
Рыцар і здані рады:
«Здань, адкажы,
Дзе рубяжы
Шчаснага Эльдарада?»
«Ценяў далінаю,
Як на зямлі
Іншай не стане рады,
Мчы, вою, мчы,
Каб дасягчы
Любага Эльдарада!»
напісана ў 1849
Пераклаў Андрэй Хадановіч
Сівой парой
Адважны вой
Між бур і лістападу
Блукаў сто год
Без сну й клапот:
Шукаў ён Эльдарада.
На тых шляхах
Спазнаў ён жах:
Былыя мары — здрада.
Надзей няма —
Ішоў дарма
Да мэты — Эльдарада.
Стаміўся ён,
Бо йшоў здавён,
Ды ўбачыў цень-прынаду
I на мяжы Спытаў:
«Скажы,
Дзе шлях да Эльдарада?»
«Па сцежках зорных
Кроч да гор —
Адзіная парада.
Не мерай час, —
Гучыць адказ, —
I знойдзеш Эльдарада».
напісана ў 1849
Пераклала Ганна Янкута
Пена і бурштыну ззянне —
Шклянку асушу я ўміг.
Весела мільгаюць здані,
Я не ў стане выгнаць іх.
Дзіўных духаў карагоды
Парушаюць мой спакой.
Сумаваць няма нагоды:
Сёння эль цячэ ракой!
напісана прыкладна 10 ліпеня 1848
Пераклала Ганна Янкута
Можа й помніце вы: вельмі-вельмі даўно
Ў каралеўстве прыморскай зямлі
Мной каханая страсна дзяўчына жыла
З дзіўным іменем Анабэль Лі; —
Мы кахалі й хацелі быць разам заўжды,
Толькі гэтым мы з ёй і жылі.
Быў я гэткім жа самым дзіцём, як яна,
Ў каралеўстве прыморскай зямлі,
I мацней за любога кахалі мы там —
Я і юная Анабэль Лі —
Серафімы — і тыя зайздросцілі нам
I каханню, якім мы жылі.
I таму з вышыні вельмі-вельмі даўно
Ў каралеўстве прыморскай зямлі
Неяк ноччу дыхнуў сцюжны вецер з-за хмар
На каханую Анабэль Лі;
Сваякі яе шэсцем хаўтурным прыйшлі
I яе ў мяне з рук узялі.
I схавалі у склеп, каб кахаць не маглі
Мы ніколі ў прыморскай зямлі.
I анёлы на небе не зведалі той
Асалоды, ў якой мы жылі, —
I таму з вышыні (тое знаюць усе
Ў каралеўстве прыморскай зямлі)
Неяк ноччу дыхнуў сцюжны вецер з-за хмар
I забіў маю Анабэль Лі.
Читать дальше