Такім чынам робіцца відавочным існаванне дакладных межаў, якія павінныя акрэсліваць аб'ём любога літаратурнага твора, — магчымасць прачытаць яго за адзін раз, — і што хаця ў некаторых празаічных творах, такіх як «Рабінзон Круза» (дзе цэласнасці не патрабуецца), гэтыя межы можна парушыць, атрымаўшы пэўныя выгады, парушаць іх у вершах нельга ніколі. У гэтых межах даўжыню верша можна матэматычна суаднесці з яго вартасцямі, іначай — з хваляваннем ці ўзвышэннем, яшчэ іначай — са ступенню сапраўднага паэтычнага ўражання, якое ён можа выклікаць. Відавочна, што сцісласць павінная вызначацца інтэнсіўнасцю запланаванага ўражання з умовай, што пэўная мінімальная працягласць цалкам неабходная, каб стварыць любое ўражанне ўвогуле.
Маючы на ўвазе ўсе гэтыя развагі, а таксама такое захапленне, якое я палічыў не вышэйшым за магчымасці шырокай публікі і не ніжэйшым за густы крытыкі, я адразу вырашыў, які аб'ём падыдзе для задуманага мной верша, — прыкладна сто радкоў. У выніку атрымалася сто восем.
Далей я пачаў думаць, якое пачуццё, альбо ўражанне, павінен выклікаць мой твор; магу таксама адзначыць, што падчас напісання я ўвесь час імкнуўся стварыць верш, які спадабаецца ўсім. Я занадта далёка адышоў бы ад маёй непасрэднай тэмы, калі б пачаў даводзіць тое, на чым настойваю ўвесь час, і што ў выпадку паэзіі зусім не трэба даказваць, — тое, што Прыгожае ёсць адзінай законнай сферай паэзіі. Аднак сказаць колькі словаў, каб патлумачыць, што я маю на ўвазе, усё ж неабходна, бо некаторыя мае сябры схіляюцца да памылковага разумення маёй думкі. Самая глыбокая, самая ўзвышаная і адначасова самая чыстая асалода, на маю думку, дасягаецца шляхам сузірання прыгожага. Калі гавораць пра Прыгажосць, безумоўна, маюць на ўвазе не якасць, як гэта звычайна лічыцца, а ўражанне, карацей кажучы, гавораць пра тое глыбокае і чыстае ўзрушэнне душы — а не розуму ці сэрца, — пра якое я ўжо згадваў і якое адчуваюць падчас сузірання «прыгожага». Я ж вызначаю Прыгожае як сферу паэзіі толькі згодна з відавочным законам Мастацтва, паводле якога ўражанне мусіць вынікаць з непасрэдных прычынаў, а мэты павінныя дасягацца сродкамі, найбольш прыдатнымі для іх дасягнення; яшчэ ніхто не дайшоў да такой неразважлівасці, каб адмаўляць тое, што апісанае вышэй узрушэнне лягчэй за ўсё дасягаецца сродкамі паэзіі. Калі мэта — Праўда, ці задавальненне розуму, альбо калі мэта — Жарсць, ці захапленне сэрца, то мэты гэтыя, хаця і дасягальныя ў паэзіі, лягчэй за ўсё дасягаюцца ўсё ж з дапамогай прозы. Бо Праўда патрабуе дакладнасці, а Жарсць — пэўнай прастаты (сапраўды жарсныя натуры мяне зразумеюць), а ўсё гэта абсалютна не сумяшчальна з прыгажосцю, якая (я на гэтым настойваю) ёсць узрушэннем, альбо ўзвышанай асалодай душы. З усяго сказанага вышэй ніякім чынам не вынікае таго, што жарсць ці праўда не могуць быць выяўленыя, і выяўленыя з карысцю, у паэзіі, — бо яны могуць дапамагчы раскрыць агульнае ўражанне, як дысанансы ў музыцы, шляхам кантрасту, — але сапраўдны мастак заўсёды зможа, па-першае, падпарадкаваць іх сваёй найвышэйшай мэце, а па-другое — ахінуць іх, як толькі магчыма, той прыгажосцю, якая ёсць атмасферай і самой сутнасцю паэзіі.
Выбраўшы, такім чынам, сваёй сферай Прыгожае, я задаў сабе наступнае пытанне: якая інтанацыя змагла б яго падкрэсліць найлепш, — і ўвесь мой досвед падказаў мне, што гэтая інтанацыя мусіць быць сумнай. Прыгажосць любога кшталту ў сваім найвышэйшым развіцці нязменна кранае чуллівую душу да слёз. Адпаведна, меланхолія — самая законная з усіх паэтычных інтанацый.
Вызначыўшы аб'ём, сферу і інтанацыю, я звярнуўся да звычайнай індукцыі з мэтай знайсці што-небудзь па-мастацку вострае, тое, што магло б задаць тон усяму вершу, якую-небудзь вось, вакол якой будзе круціцца ўся структура твора. Уважліва абдумаўшы ўсе звычайныя мастацкія ўражанні, ці, ужываючы тэатральны тэрмін, прыёмы, я не мог адразу не зразумець, што ніводны з іх не выкарыстоўваецца так шырока, як рэфрэн. Гэтага хапіла, каб упэўніць мяне ў безумоўнай значнасці гэтага прыёму, што пазбавіла мяне неабходнасці аналізаваць яго. Аднак я разгледзеў яго з мэтай даведацца, ці нельга яго палепшыць, і хутка зразумеў, што ён перабывае ў прымітыўным стане. Звычайны рэфрэн, альбо паўтор, не толькі выкарыстоўваюць пераважна ў песнях, але і абмяжоўваюць яго ўздзеянне, робячы стаўку выключна на аднастайнасць гучання і сэнсу. Усё задавальненне зводзіцца адзіна да пачуцця тоеснасці, паўтарэння. Я вырашыў унесці варыяцыі і такім чынам значна пашырыць уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў.
Читать дальше